Яго жыццё – журналістыка!..

Дата:

Не магу нават уявіць, як склалася б маё жыццё, калі б у 1983-м годзе рэдактарам драгічынскай раённай газеты “Запаветы Леніна” не быў прызначаны Аляксей Фёдаравіч Сяргей. Гэта ён у невялічкай заметачцы ўчарашняй школьніцы адчуў парасткі літаратурных здольнасцей і, пэўным чынам рызыкуючы, запрасіў мяне на працу ў рэдакцыю.

Цяжка сказаць, што грукатала мацней – станкі ў друкарні ці сэрца ў маіх грудзях, калі я ўпершыню падымалася па вузкай, не дужа зручнай лесвіцы на другі паверх будынка, дзе размяшчалася рэдакцыя “раёнкі”. Праз шырока расчыненыя дзверы кабінетаў на калідор лілося сонечнае святло. Не асмельваючыся зазірнуць у гэтыя дзверы, каб пацікавіцца, дзе знайсці рэдактара, я пашыбавала ў самы канец калідора. Нечакана перада мной узнікла мажная постаць мужчыны з акулярамі на круглым, вялікім твары. Незнаёмец з цікавасцю агледзеў мяне, даведаўшыся, што я і ёсць тое самае дзяўчо, якое  запрашалася пісьмом на гутарку ў рэдакцыю. Аказалася, гэта і быў рэдактар Аляксей Фёдаравіч Сяргей. Ціхенька гмыкнуўшы сабе пад нос, ён запрасіў мяне ў невялікі кабінет, дзе, здавалася, і паперы, якімі быў завалены стол, і нават тоўстыя тамы энцыклапедыі, збору сачыненняў Леніна за шклом у шафе, прапахлі цыгарэтным дымам. Упершыню дарослы чалавек (ды яшчэ на такой пасадзе!) звяртаўся да мяне не проста па імені, а быццам я ўжо нечага вартая: Ніна Рыгораўна. Пазней менавіта ён прыдумаў для мяне некалькі творчых псеўданімаў, якімі я падпісвала свае публікацыі.

Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў Аляксей Фёдаравіч Сяргей
Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў Аляксей Фёдаравіч Сяргей

Старэйшыя калегі-журналісты, якія ў тую пару ўжо не адно дзесяцігоддзе адпрацавалі ў рэдакцыі, гатовыя былі ўзяць мяне “на раён” у дзень прыёму на працу. Але ж Аляксей Фёдаравіч педагагічна тонка падышоў да выхавання маладога “спецыя-ліста” без журналісцкай адукацыі і вопыту: спачатку даверыў карэктуру і толькі праз два месяцы даў першае заданне і накіраваў у творчую камандзіроўку.

Паступова я прывыкла да таго, што ён першым прыходзіць на працу раніцай: святло ў крайнім левым акне рэдакцыі запальвалася і ў шэсць, і нават у пяць гадзін. Звычайна ў гэтым жа акне яно і патухала найпазней. У гадзіны па-за межамі працоўнага дня, калі сціхала гучнае, вірлівае рэдакцыйнае жыццё, Аляксей Фёдаравіч меў магчымасць засяродзіцца, каб таксама выліць на паперу свае думкі, напісаць уласны матэрыял альбо апрацаваць прынесеныя пазаштатнымі аўтарамі карэспандэнцыі. Ён паспяваў усё: вычытаць арыгіналы нашых артыкулаў, скласці макеты палос, прачытаць карэктуру так, каб не пракралася ні адна арфаграфічная ці стылістычная памылка. Пакуль газета друкавалася ў мясцовай друкарні, па некалькі разоў на дзень спускаўся ў цэхі, да лінатыпістаў, вярстальшчыцы, друкароў. Ён жыў газетай, з асалодай удыхаючы спецыфічны водар яе фарбы…

Чытачам “раёнкі” і проста людзям, якія займалі розныя службовыя пасады, доўга прыйшлося прывыкаць да не зусім звычайнага прозвішча рэдактара: Сяргей. На Драгічыншчыне раней такіх не было. Аляксей Фёдаравіч родам з Ляхавіцкага раёна, з вёскі Шавялі. Людзі, знаёмыя з ім асабіста, ведаюць, што Сяргей з вялікім задавальненнем размаўляе па-беларуску. І справа зусім не ў тым, што ён рэдагаваў беларускамоўную газету, а ў тым, што гэта мова для яго з’яўляецца матчынай, па-беларуску прынята гаварыць у Шавялях.

У роднай вёсачцы Аляксея Фёдаравіча пачалі называць карэспандэнтам задоўга да таго, як у яго працоўнай кніжцы паявіўся запіс аб прыёме на гэтую пасаду. Сваю першую заметку Аляксей Сяргей напісаў у 1960 годзе, вучыўся ж ён тады ў… пятым класе. Ён і сам не ведае, што падштурхнула тады не проста ўзяцца за пяро, але і адаслаць свой “твор” у ляхавіцкую раённую газету “Будаўнік камунізму”. Напісаў Аляксей пра тое, што ў Шавялі ажно чатыры разы на дзень пачаў хадзіць маршрутны аўтобус. Падзея гэтая для яго землякоў была вельмі важная, адметная. Заметку надрукавалі, дзякуючы чаму ў вясковага хлопчыка з’явілася жаданне і далей распавядаць пра жыццё і праблемы землякоў на старонках “раёнкі”. Нягледзячы на дзіцячы ўзрост, ён дасылаў у рэдакцыю нават “зубастыя”, крытычныя заметкі. І ўжо тады зразумеў, што хлеб журналіста нялёгкі, што не любяць пасадавыя асобы крытыку, і што аўтар публікацыі павінен мець смеласць і цвердае перакананне, каб пісаць праўду.

Не развітваўся Аляксей са сваім творчым захапленнем і ў арміі. Ганарару, які актыўны ваенкор дывізійнай газеты старшы сяржант Сяргей атрымаў за свае публікацыі падчас тэрміновай службы, хапіла, каб купіць  шыкоўныя касцюм, паліто, зімовыя боты для сябе, адзенне для брата, падарункі для бацькоў. Аляксей вяртаўся дадому з Масквы з цвёрдай упэўненнасцю, што працаваць ён хоча ў газеце…

***

– Атрымліваецца, што я ўжо 54 гады пішу ў розныя газеты, – задумліва вымаўляе Аляксей Фёдаравіч і нібы сам здзіўляецца свайму творчаму даўгалеццю. Пэўны час мы працуем у адным кабінеце: пасля перанесенага інфаркту Сяргей адмовіўся ад пасады рэдактара і цяпер ён – адказны сакратар. Хапіла ў яго сілы волі развітацца і са сваёй самай галоўнай шкоднай звычкай – курэннем. Не так часта як раней выбіраецца на ціхае паляванне ў лес, за грыбамі, не ездзіць больш на рыбалку. Сівізна белым снегам пакрыла галаву.

— На жаль, вакансіі ў рэдакцыі ляхавіцкай газеты не знайшлося, і рэдактар В.Ю.Шталь параіў мне паехаць у Драгічын, — акунаецца ва ўспаміны Аляксей Фёдаравіч. – Так, з 9 сакавіка 1970 года пачаўся мой працоўны стаж штатнага газетчыка ў рэдакцыі  “Запаветаў Леніна”. Потым завочна закончыў факультэт журналістыкі Белдзярж-універсітэта і Мінскую вышэйшую партыйную школу. За плячамі было 11 гадоў журналісцкага стажу, калі запрасілі працаваць намеснікам рэдактара кобрынскай “раёнкі” “Камуністычная праца”, а ў 1983-м годзе прапанавалі вярнуцца ў Драгічын, на пасаду рэдактара.

…Такая вось творчая біяграфія, у некалькі радкоў. Але за кожным з іх тысячы спісаных аркушаў паперы, выдадзеных нумароў раённай газеты, дзесяткі “кіламетраў” нерваў, бяссонныя ночы, творчыя пакуты, цяжкасць якіх вядомая толькі тым, хто сам калі-небудзь браўся за пяро.

За 75-гадовую гісторыю нашай газеты не было рэдактара, якому ўдалося б працаваць на гэтай пасадзе такі працяглы час, як Аляксею Фёдаравічу Сяргею – 27 гадоў. Паступова мяняўся калектыў, але закладзеныя Аляксеем Фёдаравічам традыцыі перадаваліся і захоўваюцца і цяпер. Не толькі ў творчым плане: змены ў грамадстве пастаянна патрабуюць  новых падыходаў да выдання газеты. Я маю на ўвазе міжчалавечыя адносіны ў калектыве, якія падобныя да сямейных, калі можна прыйсці да калег са сваёй радасцю і падзяліцца перажываннямі. Калі рэдактар разумее творчыя пакуты сваіх “пчолак” і імкнецца беражліва адносіцца да іх творчасці.

І хаця Аляксей Фёдаравіч часта ўспамінае свае родныя Шавялі, Драгічыншчына стала для яго другой радзімай. Тут ён ажаніўся, тут нарадзіліся яго дачка і сын. Летапіс нашага краю з публікацыі ў публікацыю піша ён на працягу вось ужо 44 гадоў. І трэба бачыць, як перажывае журналіст-пенсіянер, калі даводзіцца канстатаваць у артыкуле адмоўныя з’явы, і як радуецца вытворчым поспехам сельгасарганізацый, прадпрыемстваў, дасягненням звычайных людзей!

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Отбор кандидатов на службу

Дрогичинский районный отдел Следственного комитета Республики Беларусь осуществляет отбор...

ГАИ уделит особое внимание соблюдению ПДД мотоциклистами, велосипедистами и пешеходами на СПМ

В Беларуси 29 марта проходит единый день безопасности дорожного...

Сегодня в районе продолжаются комплексные учения

Будут отработаны вопросы организации оповещения населения с запуском электросирен. Обращаем...

Как защитить интересы молодого специалиста, улучшить коллективный договор, получить социальный отпуск…

Разноплановые темы и вопросы, связанные с защитой трудовых, социально-экономических...