ЯКАСНАЕ НАСЕННЕ – ВЫШЭЙ УРАДЖАЙ

На палях раёна арга-нізавана пачалася і вядзецца сяўба ранніх каласавых яравых культур. Хлебаробы сельгасарганізацый прыкладаюць усе намаганні, каб правесці гэтую важную веснавую кампанію ў лепшыя тэрміны і на высокім узроўні агратэхнікі.
У народзе кажуць: “Ад дрэннага семя не чакай добрага племя”. І гэта сапраўды так. Можна, скажам, выдатна падрыхтаваць глебу, добра яе ўгноіць, але калі ў зямлю ляжа няякаснае насенне, разлічваць на высокі ўраджай не давядзецца.
Гэтую ісціну добра разумеюць кіраўнікі і спецыялісты агранамічных службаў сельгасарганізацый раёна. Таму яны з году ў год па-гаспадар-ску дбаюць пра насенны матэрыял. І гэта прыносіць добры плён. Нават летась, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надовор’я, у цэлым па раёну валавы збор збожжа склаў звыш 67 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,8 цэнтнера з гектара.
У большасці гаспадарак раёна вялікія клопаты аб насенні праявілі і пад ураджай бягучага года. У выніку яго хапае ў поўным аб’ёме, усё яно ачышчана, мае добрую ўсходжасць. Асаблівай пахвалы ў гэтым накірунку заслугоўваюць сель-скагаспадарчыя вытворчыя кааператывы “Ліпніцкі”, “Брашэвічы”, “Імянінскі”, “Агра-Дзеткавічы”, “Пенякова” і райсельгассервіс. Тут цяпер кладзецца ў раллю толькі высокакандыцыйнае насенне яравых зерневых культур.
Па-ранейшаму хапае клопатаў у гэтыя дні і ў працаўнікоў раённай дзяржнасенінспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін. Гэта яны заўсёды правяраюць насенны матэрыял гаспадарак на кандыцыйнасць, у тым ліку на чысціню, усходжасць і вільготнасць. Намеснік начальніка інспекцыі І.С.Ламаза ў размове з намі сказаў:
— Некаторыя праблемы з якасцю насення яравых культур сёлета былі ў СВК “Бездзеж-агра”, “Радастаўскі”, племзаводзе “Заказельскі”. Аднак іх кіраўнікі і спецыялісты прынялі пэўныя захады і ўсе пытанні вырашылі станоўча.


Па словах Ігара Сцяфанавіча, у гаспадарках раёна праведзена значная работа і па паляпшэнню якасці насення шматгадовых траў. Цяпер завяршаецца яго канчатковая дапрацоўка. Агранамічным службам неабходна звярнуць увагу і на стан захоўвання насеннай бульбы. Гэта зрабіць тым больш трэба, што зіма была надзвычай халоднай і таму магчымы выпадкі прамярзання і псавання яе ў буртах. Таму ўвесь насенны запас “другога хлеба” трэба неадкладна праверыць і, калі ёсць неабходнасць, перабраць.
Да ўсяго сказанага хочацца дадаць, што насенне зерневых культур перад сяўбой у абавязковым парадку ў гаспадарках пратручваецца. А гэта, як сцвярджаюць спецыялісты, дазволіць засцерагчы пасевы ад многіх хвароб і шкоднікаў.

Юрый СЯРГЕЙ.
НА ЗДЫМКАХ: (злева направа) галоўны аграном-інспектар Святлана Аркадзьеўна Елец, аграном-аналітык Антаніна Расціславаўна Сацішур, вядучы аграном-метадыст Ганна Уладзіміраўна Хвясюк і намеснік начальніка раённай інспекцыі па насенняводству Ігар Сцяфанавіч Ламаза яшчэ раз уважліва правяраюць некаторыя пробы насення; галоўны аграном райаграсервісу Сяргей Расціслававіч Касяк (злева) і загадчык склада в.Равіны Сяргей Андрэевіч Малышыц задаволены: увесь насенны матэрыял высокакандыцыйны, цяпер ім засяваюцца палеткі.
Фота аўтара.