З жыцця маёра Церахава

Дата:

АПАВЯДАННЕ

У цёткі Веры

Гадоў 8 таму назад, напярэдадні Дня Перамогі, я вырашыў наведаць родную цётку Веру. Яна дажывала свой век адна на хутары, прыкладна ў 20 кіламетрах ад райцэнтра. Так здарылася, што дзеці яе, сын Іван і дачка Паліна, даўно абуладкаваліся ў Карагандзе, дзе мелі свае сем’і, і рэдка прыязджалі да мамы.
Цётка сустрэла мяне з вялікай радасцю, усплакнула, замітусілася па хаце, прыгаворваючы:
– Трэба ж было, Алесь, мяне папярэдзіць, што прыедзеш, то я б падрыхтавалася, прысмакаў нагатавала. А так не ведаю, што і на стол падаваць…
– Ды нічога не трэба падаваць, цётка Вера. Я вам з горада тое-сёе прывёз, – сказаў я і пачаў выкладваць з пакетаў розныя падарункі, у тым ліку і прадукты харчавання. Убачыўшы ўсё гэта, вочы старой засвяціліся неймавернай цеплынёй і, пляснуўшы ў далоні, яна ціха прамовіла:
– Дзякуй, пляменнічак, можа, паўзарплаты за ўсё аддаў? Мне ж, бабусі, многа не трэба. Атрымліваю пенсію, Іван і Паліна грашовыя пераводы часта дасылаюць. Дык я купляю даляры і, як кажуць, на чорны дзень складваю. Па просьбе дзяцей мабільны тэлефон набыла. Цяпер амаль кожны дзень з імі і ўнукамі размаўляю. Запішы нумар майго мабільніка і ты, будзем сазваньвацца.
Маёй цётцы ішоў 83-ці год. Нягледзячы на гэта, яна была яшчэ даволі жвавай жанчынай. Трымала казу, курэй і двое свіней. Звычайна гаварыла, што без клопатаў па ўласнай гаспадарцы жыць не змагла б, даўно памерла б. А цяпер вось, седзячы за сталом і выпіўшы са мной некалькі кілішкаў кагору, твар старой разрумяніўся і, здавалася, памаладзеў. Працяжна ўздыхнуўшы, яна ўсхвалявана прамовіла:
– Эх, жыццё маё, жыццё! Каб знайшоўся такі чалавек, то цэлую кнігу напісаў бы пра мяне і майго мужа Івана.
Я ўважліва слухаў аповед цёткі. Слова за слова ткаліся яе ўспаміны. А ў самым куточку майго сэрца цяплілася надзея: можа, я той чалавек, які апіша жыццё гэтай старой, але яшчэ рухавай, гаварлівай і на дзіва чулай жанчыны.
За сваімі думкамі я на нейкі момант упусціў нітачку цётчыных успамінаў. Схамянуўся, калі яна замаўчала. Вінавата глянуў ёй у вочы:
– Працягвайце, я слухаю.
І цётка зноў загаварыла. Яна, мусіць, нават і не заўважыла маіх слоў. У гэтыя хвіліны старая была там, у сваім апаленым вайной дзяцінстве, калі бацькі пакінулі яе ў невялікай вёсцы, што ў чэзлым палясоўі тулілася каля Дняпроўска-Бугскага канала. “Пажывеш у роднага дзядзькі, – сказала ёй мама. – Дапаможаш радні за малымі дзецьмі наглядаць”.
Час ад часу ў вёску наведваліся фашысты. І тады людзі хаваліся ў лесе. Так было і ў той дзень. Але запомніўся ён цётцы Веры не гэтым. Немцы прыехалі і – паехалі. Самае страшнае пачалося потым.
– Толькі сабраліся мае гаспадары з іншымі вяскоўцамі ехаць з лесу дахаты, як раптам у небе загулі самалёты. Натужны іх гул набліжаўся. Усе глядзелі ўверх. І раптам нейкі жудасны свіст урэзаўся ў вушы, а затым страшны выбух на момант аглушыў мяне.
– А-а-а!.. – разняслося навокал.
– Бомбы, уцякайце, хавайцеся!
Але куды ўцякаць, дзе хавацца, калі ўсюды слупы зямлі і дыму, лямант, плач дзяцей, іржанне перапалоханых коней…
– Гарыць! Вёска гарыць!.. – закрычаў нехта.
Вёска палала, як стог сена. Хаткі ж тады былі невялічкія, густа туліліся адна да другой. Успыхнула адна – лічы, цэлай вуліцы няма.
Ад шуму і выбухаў усе нібы здурнелі. Наша кабыла рванулася на дыбы і …быць бы ўсім на тым свеце, каб не гаспадар, дзядзька Рыгор. У апошні момант ён ухапіў да паўсмерці напалоханую жывёліну за аброць, з цяжкасцю ўтрымаў яе. Калі бамбёжка скончылася, распраглі каня, прывязалі да апалавіненага выбухам дрэва. Мы, дзеці, забіліся пад воз і сядзелі там, нібы мышы пад венікам. Толькі маленькі Грышка час ад часу плакаў у мяне на руках. Галя маўчала, прытуліўшыся да сваёй нянькі. А няньцы, г. зн. мне, тады і 14 гадоў не было.
Так да вечара і прасядзелі мы ў лесе. Галасілі бабы, скрыгіталі зубамі мужыкі і мацней сціскалі кулакі. Ноччу некаторыя пайшлі ў вёску паглядзець, што ж засталося і ўцалела.
Дзядзька Рыгор вярнуўся пануры і згорблены – ад усёй гаспадаркі застаўся толькі хлеў, згарэлі хата і гумно. Загаласіла, заламала рукі гаспадыня. Галя прачнулася, ціха заплакала. Грышка зрэдку ўсхліпваў у сне. Я ж сядзела ў нейкім атупенні – ні крычаць, ні плакаць не магла, не магла і заснуць. Відаць, вельмі перапалохалася.
Доўгай і жудаснай аказалася тая ноч. Свяціліся пажарышчы. Людзі стагналі ў сне. Раніцай дзядзька Рыгор пайшоў у Вульку да радні, каб расстарацца якой яды хоць для дзяцей. Цётка Гандзя падалася шукаць карову, што недзе адбілася. Я засталася з дзецьмі. Мы так і не вылазілі з-пад воза. Плакаў, клікаў маму Грышка. А Галя толькі глядзела мне ў вочы, нібы затраўлены звярок. Гора, што напаткала людзей, зрабіла і дзяцей па-даросламу стрыманымі. Але ж малыя ёсць малыя. Неўзабаве яны галасілі ўдваіх. Я і сама ўжо з цяжкасцю стрымлівала слёзы, а гаспадароў усё не было.
Раптам знаёмы і такі родны голас даляцеў да маіх вушэй.
– Мама! Мамачка! – закрычала я, выкочваючыся з-пад воза.
– Дачушка мая, Верачка, жывая?!
Маці прыціснула мяне да грудзей. На сваіх губах я адчула яе салёныя слёзы. Там, дома на хутары, за 15 кіламетраў адгэтуль, даведалася яна, што немцы бамбілі вёску. І не вытрымала матчына сэрца. Прыбегла яна праз лес і балота па сваю крывінку.
– Збірайся, дачушка, пойдзем дахаты.
Тут і я дала волю слязам. На мяне глядзелі дзве пары дзіцячых вачэй. Нібы разумелі яны, што іх хочуць пакінуць адных. Так жахліва і самотна пазіралі ў мой твар. Я адарвалася ад мамы і прытуліла да сябе гаротнікаў.
– Мама, мамачка, я з імі застануся. Нікуды не пайду, пакуль дзядзька Рыгор ці цётка Гандзя не вернуцца.
І да дзяцей:
– Грышка, Галачка, не плачце, я ж з вамі…
А маці за сабой цягне, пакідаць мяне не хоча. І тут неўзабаве падышла суседка, цётка Ліда.
– Забірай, кабета, сваю дачушку, а за малымі я пагляджу. Ідзіце з Богам, няхай вас бяда мінае.
Пасля гэтых слоў жанчыны мы і пайшлі з мамай…

Церахаў з Саратава

На другі дзень мы з цёткай Верай глядзелі па тэлевізары святочныя ўрачыстасці з Мінска і Масквы, прысвечаныя Дню Перамогі. Потым мая сваячка на мінут дзесяць адлучылася, а калі вярнулася, у яе руках была тоўстая сіняя папка.
– Вось тут, – сказала яна, – успаміны майго нябожчыка мужа Церахава. Ужо будучы пажылым, ён марыў кнігу выдаць. На жаль, не паспеў – каварная хвароба перамагла. У 67 гадоў яго не стала. Дык ты, Алесь, пачытай гэтыя лісты, можа, там што і цікавае ёсць…
Іван Церахаў нарадзіўся ў 1919 годзе ў Саратаве. Яго бацька працаваў машыністам паравозаў на чыгунцы, а маці – настаўніцай. Там хлопец скончыў сямігодку, курсы шафёраў, а крыху пазней – тэхнікум лясной гаспадаркі. Марыў пайсці па слядах дзеда Мікіты, які ўсё сваё свядомае жыццё добрасумленна шчыраваў у лясгасах тамтэйшай вобласці.
Аднак мара юнака не ажыццявілася. У канцы 1938 года яго прызвалі на службу ў армію. Гэта быў час масавых рэпрэсій, самадурства і беззаконнасці, якія ўчыняліся сталінскім кіраўніцтвам ад імя рэвалюцыі, партыі і народа. Пачатыя з сярэдзіны 20-х гадоў здзекі над гонарам і жыццём суайчыннікаў працягваліся з жорсткай паслядоўнасцю некалькі дзесяцігоддзяў. Мільёны людзей былі падвергнуты маральным і фізічным катаванням, многія з іх знішчаны. Жыццё-быццё іх сем’яў і блізкіх ператварылася ў непрыглядную паласу зневажанняў і пакут.
Не абышлі рэпрэсіі і армію. Як вядома з архіўных матэрыялаў, 1-4 чэрвеня 1938 года ў Крамлі ў прысутнасці ўсіх членаў Палітбюро ЦК ВКП(б) пад старшынствам І.В.Сталіна праходзіла пасяджэнне Ваеннага савета. На парадак яго дня было вынесена адно пытанне: “Аб раскрытай НКУС антысавецкай трацкісцкай ваеннай арганізацыі”. А ўжо 11 чэрвеня ў спецыяльнай судовай прысутнасці Вярхоўнага суда СССР, які быў назначаны з ліку вышэйшага каманднага саставу, адбыўся разгляд справы маршала Тухачэўскага і іншых арыштаваных.
Суд усіх абвінавачаных прыгаварыў да расстрэлу. Ноччу прыгавор прывялі ў выкананне. Дарэчы, пазней усе члены суда таксама былі знішчаны, за выключэннем С.М. Будзённага.
Аднак не буду падрабязна ўдавацца ў гісторыю. Вярнуся да свайго героя, Івана Церахава. Ён, як і сотні іншых навабранцаў, трапіў у горад Ломжа (цяпер Польшча). Тут дыслацыраваўся 35-ты танкавы полк тройчы ардэнаноснай дывізіі імя Будзённага. Церахава, які ў той час лічыўся даволі адукаваным чалавекам, неўзабаве адправілі на курсы камандзіраў. Пасля нялёгкай вучобы ён праз паўгода вярнуўся ў сваю часць лейтэнантам і быў прызначаны камандзірам узвода.
Ваенная служба маладому афіцэру прыйшлася даспадобы, хоць іншы раз вольнага часу не хапала. Рэгулярныя заняткі з асабовым саставам, розныя трэніроўкі, вучэнні і манеўры загартоўвалі характар. Пастаянна завязваліся новыя знаёмствы, з’яўляліся надзейныя сябры.
Чырвонаармейцы і малодшыя афіцэры размяшчаліся ў казармах, пабудаваных яшчэ ў царскі час. Тады Ломжа была рускай крэпасцю на заходняй граніцы.
На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія раптоўна напала на СССР. Прыкладна ў 3 гадзіны ночы казармы ў Ломжы падвергліся налёту варожай авіяцыі. Бомбамі былі разбураны многія збудаванні. Не ведаючы, што робіцца навокал, салдаты паўраспранутыя выбягалі на двор. Калі бамбёжка крыху заціхла, воіны прыйшлі ў сябе і зразумелі, што пачалася вайна.
І зноў вакол пачало тварыцца неймавернае. Адзін налёт з бамбёжкай і кулямётным агнём змяняўся другім. Біла і нямецкая артылерыя. Усё было ў агні і дыму. Паявілася нямала забітых і параненых. Усе ўсведамлялі, што абараняцца няма сэнсу, трэба хутчэй вырывацца з агнявога пекла. Па загаду лейтэнанта Церахава яго ўзвод, які абслугоўваў танкі, з вялікімі цяжкасцямі пагрузіўся ў аўтамашыну, вырваўся з ваеннага гарадка і ўзяў кірунак на Беласток, часта падвяргаючыся бомбавым ударам і кулямётным абстрэлам з паветра.
Змучаныя і галодныя, з частымі сутычкамі з фашыстамі, страчваючы сяброў па зброі, чырвонаармейцы на чале з Церахавым адступалі. Праз нейкі час апынуліся ў лясах пад Кобрынам. Тут уліліся ў нейкую вайсковую часць, занялі абарону і рыхтаваліся да бою. Але сілы былі няроўныя. Іх акружылі немцы. Колькі воінаў трапіла ў палон, сказаць цяжка. Вядома толькі, што гэта была вялікая групоўка.
Бесперапынныя артабстрэлы, налёты авіяцыі, атакі гітлераўцаў, якія нярэдка даходзілі да рукапашнага бою, вымотвалі савецкіх воінаў. У час адной бамбёжкі лейтэнанта Церахава параніла. Ачомаўся ён у кузаве варожай аўтамашыны са звязанымі рукамі.

У лагеры ваеннапалонных

Спачатку Церахаў апынуўся ў турме г.Кобрына. Прыкладна праз месяц яго з іншымі чырвонаармейцамі перавезлі ў лагер ваеннапалонных, што размяшчаўся ў Мінску.
Аб нейкім парадку за калючым дротам гаварыць не прыходзіцца, бо там было не жыццё, а пастаянныя пакуты. Кармілі ваеннапалонных вельмі дрэнна, звычайна адзін раз у суткі. Многія паміралі з голаду, спалі пад адкрытым небам. Ноччу падымацца з зямлі не дазвалялася. Лейтэнант Церахаў быў паранены ў плячо. На шчасце, сярод палонных знайшоўся фельчар. Ён апрацаваў рану газай і туга перавязаў яе разарванай кашуляй.
– Пашанцавала табе, Церахаў, – сказаў фельчар. – Рана не страшная. Куля не закранула жыццёва важных органаў, гангрэны няма, будзеш жыць.
– Ага, пажывеш тут, – у роспачы заявіў Церахаў, а сам падумаў: “Крыху акрыяю і, дасць Бог, уцяку адсюль”.
Але аб волі можна было толькі марыць. Лагер, агароджаны калючым дротам да трох метраў у вышыню, ахоўваўся салдатамі з аўчаркамі. Кулямёты былі ўстаноўлены на чатырох вежах, зробленых з сасновага сухастою.
Іншы раз прыязджалі машыны з людзьмі ў цывільнай вопратцы. Тады гітлераўцы праз перакладчыка выклікалі спецыялістаў: токараў, слесараў, электрыкаў, цесляроў і г.д. З лагера іх забіралі. Лічылася, што ім пашанцавала, маўляў, будуць працаваць і жыць у лепшых умовах.
Дзесьці ў канцы верасня ваеннапалонных зноў пастроілі. На гэты раз перад імі важна крочылі ваенныя і пільна ўглядаліся ў іх твары. Насупраць Церахава спыніўся обер-лейтэнант. Калі позіркі іх сустрэліся, Іван здрыгануўся, адчуў, як дзіўна падскочыла і быццам асела ў горле яго сэрца, а потым закалацілася ў шалёным рытме.
– Церахаў?! – спытаў обер-лейтэнант і тут жа сам адказаў: – Так, гэта ты, Іван. Шчасце тваё, што мы сустрэліся…
Ён адчуў, што сэрца яго пакрыху вяртаецца назад, на сваё звычайнае месца, толькі неяк дзіўна зменшылася і звонка затрымцела ў грудзях гарачым каменьчыкам. У абліччы обер-лейтэнанта Іван пазнаў старога знаёмага – старшага інструктара курсаў па падрыхтоўцы малодшага афіцэрскага каманднага саставу капітана Васіля Паўлоўскага.
Прыкладна праз паўгадзіны Церахаў сядзеў з Паўлоўскім у сталовай для нямецкіх афіцэраў. Маладая афіцыянтка падала ім на стол багацце ежы. Ад яе водару ў галаве Івана закруцілася, яму стала ніякавата і ён чуць не страціў прытомнасць. Гэта заўважыў обер-лейтэнант і прапанаваў хутчэй выпіць шклянку халоднай вады. Потым прыгубілі пакрыху шнапсу за сустрэчу і пачалі закусваць.
– Ты, Церахаў, націскай на яду, – параіў Паўлоўскі. – На цябе ж страшна глядзець: адны косці і скура. Але не бядуй – хутка патаўсцееш. Будзеш працаваць вадзіцелем у аднаго бургамістра. Ён – немец, чалавек пажылы, але ў цэлым нядрэнны, цэніць і паважае адданых людзей.
Гутарылі яны доўга. Аказваецца, у канцы 1939 года капітана Паўлоўскага арыштавалі як сына “ворага народа”. Справа ў тым, што яго бацька, заможны селянін, катэгарычна адмовіўся ўступаць у калгас, жыў аднаасобнікам. Спачатку яго абклалі рознымі непасільнымі падаткамі, а потым супрацоўнікі НКУС усю сям’ю вывезлі на Калыму. Дайшла чарга і да сына, які служыў у Чырвонай Арміі. Яго абвінавацілі ў прыналежнасці да ваеннай змовы трацкістаў і прысудзілі да 10 гадоў турмы, адкуль яго выпусцілі немцы.
– Я прыйшоў да высновы, – гаварыў Васіль Паўлоўскі, – што бальшавізм і фашызм – аднаго поля ягады. Пачынаючы з 1917 года, камуністы мільёны сваіх нявінных суайчыннікаў жыцця пазбавілі. Таму галоўная мая мэта цяпер – бязлітасная барацьба з так званымі адданымі ленінцамі і сталіністамі. Дарэчы, чаму ты, Іван, не ў афіцэрскай форме, а ў гімнасцёрцы радавога чырвонаармейца? Не бойся, немцам не выдам.
– Мы доўга адступалі, – пачаў тлумачыць Церахаў. – Нас пастаянна бамбілі і абстрэльвалі, а калі аказаліся ў акружэнні і многіх пазабівала, стала зразумела, што з гэтай пасткі нам не выбрацца жывымі. Камісар Васіль Шыпулін і прапанаваў мне гэтую гімнасцёрку, заўважыўшы, што немцы рускіх афіцэраў звычайна ў палон не бяруць, а расстрэльваюць на месцы. Ён і сам быў у форме радавога.
– Выходзіць, і сярод камісараў ёсць разумныя людзі, – сказаў Паўлоўскі і прапанаваў Івану ісці за ім.

Шафёр паняволі

Церахаў, упершыню аказаўшыся ў Мінску, бачыў, што сталіца Беларусі сур’ёзна пацярпела ад налётаў варожай авіяцыі і артабстрэлаў. Многія дамы і іншыя пабудовы былі разбураны дашчэнту. На тварах і ў вачах нешматлікіх людзей, якія праходзілі па вуліцах, адлюстроўваліся разгубленасць, панурасць і боль.
Паўлоўскі прывёў яго ў нейкае двухпавярховае памяшканне. У ім размяшчаўся склад з абмундзіраваннем для нямецкіх салдат. Церахаву выдалі бялізну, штаны, фрэнч, пілотку і боты.
Начаваў ён у невялікім пакойчыку, дзе стаялі тумбачка, стол і ложак – сапраўдны камфорт у параўнанні з лагерам. Аднак заснуў толькі пад раніцу. Розныя думкі не давалі спакою. Вядома, за тым калючым дротам ён доўга не працягнуў бы, а жыць вельмі хацелася. Можа, сам Бог паслаў яму гэтага Паўлоўскага? А вось што ён за чалавек, Церахаў пакуль не зразумеў. Так, ён сам і яго сям’я пацярпелі ад бальшавікоў, але пры чым тут Радзіма? Яе абараняць трэба ад чужынцаў, а не служыць ім. Ён, Іван, пры зручным выпадку абавязкова ўцячэ ад немцаў і прабярэцца да сваіх, за лінію фронту.
На другі дзень Паўлоўскі пазнаёміў яго з новым гаспадаром. І быў гэта не бургамістр, а невысокі і тоўсты, нібы бочка, маёр Генрых Шульц. Служыў ён памочнікам каменданта і адказваў за нарыхтоўкі прадуктаў харчавання для арміі фюрэра на тэрыторыі Беларусі ад Брэста да Мінска.
Змераўшы крытычным позіркам Церахава, маёр неяк кісла ўсміхнуўся і спытаў у Паўлоўскага:
– Ты дзе гэты шкілет адкапаў? Яго і саломінай пераб’еш. Няўжо лепшага выбару не было?
– Пан маёр, Церахава я яшчэ да вайны ведаў. Надзейны чалавек, не падвядзе…
– Паважаю адданых людзей, – сказаў немец і тут жа дадаў: – Рознага правіянту ў нас хапае. Таму, Церахаў, хутка твае косці мясам абрастуць. Я вас, славян, добра ведаю. Будучы інжынерам, чатыры гады дапамагаў бальшавікам гідраэлектрастанцыю ў Сібіры ўзводзіць. Там, на будоўлі, і пазнаёміўся з цудоўнай рускай дзяўчынай Кацюшай. Яна ўжо ў Германіі нарадзіла мне сына і дачку.
Легкавушка, замацаваная за маёрам, аказалася новенькай, і ніякіх праблем з яе эксплуатацыяй не было. А вось ездзіць даводзілася часта, многа і далёка. Бывала, за дзень намотвалі да тысячы і больш кіламетраў. Як правіла, памочнік каменданта сустракаўся са сваімі падначаленымі ў райцэнтрах, іншы раз нават са старастамі вёсак, прымаў ад іх справаздачы і аддаваў новыя загады і распараджэнні.
У пачатку такіх вандровак Шульц шмат жартаваў, расказваў розныя анекдоты і ад душы смяяўся. Вадзіцелю часта гаварыў:
– Вайна, Іван, хутка закончыцца, паедзеш са мной у Германію. Там я цябе ўладкую на прэстыжную работу. У жонкі возьмеш немку, дзяцей народзіце, будзеце жыць і не тужыць…
Церахаў не лез у спрэчкі, звычайна ў знак згоды ківаў галавой, а найбольш усміхаўся і маўчаў. Засмучала яго толькі тое, што ніяк не мог падабраць зручны момант, каб уцячы ад гэтага тоўстага немца. А немец пасля паражэння фашыстаў пад Масквой, як кажуць, заспяваў па-іншаму:
– Па-мойму, Гітлер пралічыўся з нападам на Расію. Яе ніхто ніколі не перамагаў. Народ тут стойкі і моцны духам, адным махам на калені яго не паставіш. Гераічна ваюе не толькі армія бальшавікоў, у лясах, кажуць, паявіліся нейкія партызаны, ад якіх і ў тыле няма спакою: пускаюць пад адхон нашы эшалоны з жывой сілай і тэхнікай, узрываюць масты, громяць гарнізоны…
Пачуўшы пра партызан, Церахаў падумаў: “Вось бы і мне да іх. Але дзе тыя народныя мсціўцы і як з імі звязацца?”
Час бег няўмольна. Настаў чэрвень 1942 года. Аднойчы, калі вярталіся з Кобрына, маёр Шульц сказаў:
– Тут непадалёку Украіна. Там, у Любяшове, служыць мой сябра. Неаднаразова я звязваўся з ім па рацыі. І кожны раз ён запрашаў прыехаць да яго, пагасціць. Таму, Іван, паварочвай на Дзівін.
Колькі яны праехалі ў напрамку Украіны, сказаць цяжка. Ззаду засталося некалькі населеных пунктаў, потым тракт павярнуў у густы лес. Маёр насцярожыўся, пільна і драпежна ўглядаўся ўперад, раз-пораз азіраючыся па баках. А Церахаў выжымаў з машыны ўсё, што мог. Яна рэзка падскоквала на ўхабах і, здавалася, вось-вось разваліцца. Але што гэта? Наперадзе ўпала вялікае дрэва і перагарадзіла дарогу. Іван рэзка затармазіў, адчыніў дзверку і кінуўся ўцякаць. Ён зразумеў, што гэта дзейнічаюць партызаны. І не памыліўся – пачулася стральба з вінтовак і аўтаматаў. Схаваўшыся ў густых кустах, пачаў прыслухоўвацца.
– Таварыш камандзір, – даляцеў голас да Церахава, – нямецкага афіцэра падстрэлілі, а вось шафёра няма, уцёк, сабака…
– Дык шукайце яго хутчэй, ён дзесьці тут павінен быць…
Іван пачуў тупат многіх ног. Яму стала не па сабе. Ці павераць яму. Ці стануць разбірацца? Ён жа ў форме нямецкага салдата.
Партызаны, прабегшы некалькі сотняў метраў, пачалі вяртацца назад.
– Фрыц з перапуду, мабыць, у штаны наклаў і ўжо дзесьці пад Кобрынам, – сказаў хтосьці. – Ты, Міша, сядай за руль машыны, паедзем у лагер, там гэтага маёра і дапытаем. Раненне ў яго лёгкае…
Праз некалькі хвілін легкавушка завялася і рушыла з месца.

На хутары

Пасля тае страшнае бамбёжкі Вера з мамай без прыгод дабраліся дадому, на свой хутар. Тут было спакойна і ціха. Неяк, корпаючыся ля хлява па гаспадарцы, бацька сказаў:
– Па-мойму, нашы военачальнікі нават і не думалі, што Германія парушыць пакт аб ненападзенні. І жорстка пралічыліся. Немцы, кажуць, ужо пад Масквой. А тут, у тыле, гаспадарамі сябе лічаць, так званы “новы парадак” наводзяць: расстрэльваюць не толькі камуністаў, але і дэпутатаў, актывістаў. Пабачыце, гэта дабром не закончыцца. Азлобяць народ, а ён цярпець не будзе.
Бацька нібы ў ваду глядзеў. У хуткім часе ў навакольных лясах сапраўды пачалі паяўляцца народныя мсціўцы. Так, дакладна вядома, што ўжо ў жніўні 1941 года непадалёку ад Антопаля партызанскую групу з чырвонаармейцаў-акружэнцаў стварыў старшына Чырвонай Арміі Павел Губараў. Крыху пазней арганізавалася яшчэ некалькі баявых груп з салдат і мясцовых патрыётаў. Адной з іх камандаваў лейтэнант Яўген Макарэвіч, наш зямляк, сваякі якога жылі ў Хомску. У пачатку 1942 года яго група аб’ядналася з аналагічнай групай Івана Калільца з Іванаўскага раёна. У выніку атрымаўся атрад, які ўзначаліў Макарэвіч, а камісарам стаў Калілец. Партызаны часта наведвалі хутар, на якім жыла Вера з бацькамі. Потым яны пачалі прывозіць муку, з якой маці выпякала ім хлеб, іншы раз мыла іх бялізну і бінты.
Неяк, а дакладней у канцы чэрвеня 1942 года, Вера вырашыла назбіраць ягад і лісічак, якіх, па расказах дарослых, у лесе было процьма. І сапраўды, праз пару гадзін яе трохлітровы бітончык і кашолка былі напоўнены дарамі прыроды. Гэтая справа дзяўчыну захапіла, і на другі дзень яна зноў адправілася на “ціхае паляванне”.
…Іван Церахаў некалькі тыдняў блукаў па палескіх лясах, харчуючыся толькі чарніцамі. Знясілены, ён ужо страціў надзею на жыццё і сустрэчу з людзьмі.
Адпачываючы пад старой разгалістай сасной, Церахаў раптам пачуў трэск сухога хмызняку. Хутка міма яго прайшла нейкая дзяўчына. Нягучна аклікнуў яе. Яна застыла на месцы – вельмі спалохалася, убачыўшы чалавека ў нямецкай форме.
– Не бойся, дзяўчынка, мяне. Я рускі, уцёк ад фашыстаў, даўно хачу сустрэцца з добрымі людзьмі. Ты, даражэнькая, адкуль?
– Ды тут, кіламетры за тры, наш хутар. На ім і жыву з бацькамі.
– Правядзі, калі ласка, мяне на свой хутар. Я тваім родным усё і раскажу…
Убачыўшы Веру з нямецкім салдатам, бацька моцна сумеўся. Ён адвёў дачку за хату і ціха спытаў:
– Ты, Верачка, дзе гэтага чалавека сустрэла? І навошта ён тут?
– Тата, ён сцвярджае, што рускі, і вельмі хоча пагаварыць з табою.
Уважліва выслухаўшы Церахава, бацька працяжна ўздыхнуў і сказаў:
– Сапраўды, Іван, ты трапіў у вельмі складаную сітуацыю. Не ўяўляю, як будзеш з яе выпутвацца. Не ведаю чаму, але я табе паверыў і пастараюся дапамагчы, – пасля гэтых слоў бацька паклікаў гаспадыню і папрасіў яе прынесці тое-сёе з цывільнага адзення. А калі Церахаў пераапрануўся, заўважыў: – А вось цяпер ты звычайны вясковы хлопец. Заўтра партызаны прыедуць да нас за хлебам. Я цябе з імі і пазнаёмлю.
Фурманка з двума пажылымі людзьмі паявілася на хутары на другі дзень надвячоркам. Яны доўга з бацькам гутарылі, спрачаліся, потым сказалі Веры паклікаць Церахава. Апошні сядзеў на кухні, выглядваў у акно, нерваваўся. Цікавым позіркам агледзеўшы Івана, адзін партызан заявіў:
– Ты даволі малады чалавек і, відаць, вельмі вёрткі. Таму рукі табе звяжам. Так будзе больш надзейна і бяспечна. Адвязем цябе ў атрад, няхай там з табой камандаванне разбіраецца.

У партызанах

Яго трэці дзень утрымлівалі ў добра ўмацаванай зямлянцы, пад вартай. Тры разы ў суткі прыносілі яду. Церахаў адчуў, што яго малады арганізм зноў набірае моц і сілу. Хацелася толькі, каб хутчэй разабраліся ў яго справе і залічылі ў атрад. Праўда, учора камандзір партызан Азолін, ведучы з ім размову, сказаў:
– У вайну з такімі, як ты, доўга не цацкаюцца. Звычайна расстрэльваюць. Чым можаш даказаць, што ты не нямецкі шпіён? Пакуль нічым. І многае з таго, што ты расказаў, патрабуе праверкі, а некаторыя факты – пацвярджэння. Таму пасядзі яшчэ пад вартай, можа, што важнае ўспомніш. Дарэчы, заўтра камісар атрада Лявонаў павінен прыехаць са спецнарады. Ён найперш адказвае ў нас за маральны дух байцоў. Вось няхай і цябе “павыхоўвае”. Але наўрад ці будзе гэтым займацца – чалавек ён хоць і справядлівы, але даволі круты, асабліва, калі мае справу з рознымі непрыстойнымі і цёмнымі асобамі…
Забразгаў замок, дзверы расчыніліся, на парозе стаяў малады партызан з вінтоўкай. Звяртаючыся да Церахава, сказаў:
– Вас камісар атрада хоча бачыць. Выходзьце!
І вось ён ізноў у знаёмай зямлянцы. За шырокім сталом сядзелі трое: камандзір, начштаба і яшчэ адзін чалавек з невялікай бародкай і чорнымі, як вугаль, вусамі. Апошні штосьці пісаў, а калі прыўзняў галаву і глянуў на Івана, здзіўленая, але прыемная ўсмешка паявілася на яго твары.
– Ну і лазутчыка, таварышы, вы затрымалі, – зарагатаў камісар Лявонаў. – Гэта ж лейтэнант Чырвонай Арміі Церахаў, лепшы камандзір узвода былой маёй роты.
Камісар падышоў да Івана. Яны абняліся. Потым пачалася шчырая і адкрытая гаворка аб усім тым, што кожны з іх перажыў, бачыў, у якія пераплёты трапляў. Аказалася, што іх танкавы полк у Ломжы ў першы дзень вайны быў поўнасцю разгромлены фашыстамі. У жывых мала хто застаўся. З акружэння вырываліся хто як мог. Капітану Лявонаву, можна сказаць, пашанцавала: ён і яшчэ два байцы “асядлалі” нямецкую легкавушку, што стаяла ля аднаго памяшкання, і рванулі з крэпасці…
– Нічога, Церахаў, не зробіш, – сказаў камісар. – У вайну ўсялякае здараецца. Аднак з гітлераўцамі мы яшчэ паваюем, будзем біць і знішчаць іх жорстка і бязлітасна. Толькі вельмі шкада многіх сяброў па зброі, якія з-за недальнабачнасці нашага вышэйшага камандавання недарэчна і бясслаўна загінулі ў самым пачатку баявых дзеянняў.
У хуткім часе па рэкамендацыі Лявонава Івана Церахава прызначылі камандзірам групы падрыўнікоў. У той час яшчэ не было сувязі з Вялікай зямлёй, не хапала мін. Даводзілася з дапамогаю гаечнага ключа і лапы для вырывання кастылёў разбіраць чыгуначнае палатно. Такім чынам партызаны ажыццявілі 12 крушэнняў варожых эшалонаў. Праўда, і фашысты не драмалі – ахову чыгункі ўзмацнілі. І больш карыстацца старым спосабам стала практычна немагчыма. Тады народныя мсціўцы пачалі вырабляць самаробныя міны, карыстаючыся толам, які выплаўлялі з неўзарваных снарадаў, і капсулямі-дэтанатарамі ад гранат.
Жах і страх наводзілі на ворага баявыя аперацыі партызан. Гэта асабліва праяўлялася пры дыверсіях на нямецкіх камунікацыях. І тут нельга не ўспомніць добрым словам Мікалая Вайцюка. У перыяд фашысцкай акупацыі ён з’яўляўся начальнікам чыгуначнай станцыі Драгічын. Гэты бясстрашны чалавек працаваў у гітлераўцаў, але не ў іх карысць, меў сувязь з групай падрыўнікоў Івана Церахава і, як гаворыцца, служыў ім верай і праўдай. Менавіта дзякуючы Вайцюку партызаны працяглы час дакладна ведалі графік руху чыгуначных саставаў, звесткі аб перавозімых фашыстамі грузах, нават парадак нясення патрульнай службы. Таму на перагоне Антопаль – Малоткавічы часта ляцелі пад адхон варожыя эшалоны.
Пазней было падлічана, што група падрыўнікоў Церахава з ліпеня 1942 года па чэрвень 1944 года пусціла пад адхон 45 варожых эшалонаў з жывой сілай, тэхнікай і прадуктамі харчавання. Народныя мсціўцы парушылі таксама каля 25 кіламетраў сувязі, узарвалі 10 чыгуначных і 50 шасэйных мастоў, выратавалі ад угону ў Германію каля 1500 мірных жыхароў. І ва ўсіх аперацыях асаблівай мужнасцю вызначаўся камандзір падрыўнікоў, які з’яўляўся прыкладам для сваіх падначаленых.
Заўсёды пры зручным выпадку Церахаў наведваў хутар, на якім жыла яго выратавальніца Вера (так ён яе называў). А дзяўчына расквітнела, нібы тая ружа. Яе прыгажосць зачароўвала Івана, прымушала моцна біцца яго сэрца. Праўда, і Вера да яго была нераўнадушная – пры кожнай сустрэчы з ім твар яе заліваўся чырванню. Напярэдадні вызвалення Беларусі ад гітлераўцаў Веры споўнілася 17 гадоў. А ў апошнюю іх сустрэчу Іван сказаў:
– Хутка нам, маладым партызанам, давядзецца ўліцца ў рады Чырвонай Арміі і ваяваць на фронце. Ды інакш і нельга – трэба ж дабіваць гэтых праклятых фашыстаў. Ты толькі, Верачка, чакай мяне, я абавязкова вярнуся.
Яна пяшчотна прытулілася да свайго каханага, іх вусны зліліся ў гарачым пацалунку.
– Абавязкова буду чакаць цябе, любы, – прамовіла дзяўчына, і на яе вачах паявіліся слёзы. Гэта былі слёзы і радасці, і смутку.

На фронце

Івана Церахава залічылі ў роту аўтаматчыкаў. А калі высветлілася, што ён лейтэнант, даверылі ўзвод. Неўзабаве іх 102-гі стралковы полк папоўніўся новым узбраеннем і людскімі рэсурсамі. Спешна пачалі рыхтавацца да нанясення сакрушальнага ўдару па праціўніку на подступах да Варшавы. А там адбылося непрадбачанае – масавае паўстанне палякаў супраць акупантаў. Яно пачалося 1 жніўня 1944 года па ініцыятыве польскага эміграцыйнага ўрада, што знаходзіўся ў Лондане. Арганізатары гэтай акцыі хацелі авалодаць горадам без дапамогі Чырвонай Арміі, каб усталяваць у ім уладу, прымальную эміграцыйнаму ўраду.
Для падаўлення паўстання і ўтрымання Варшавы гітлераўцы кінулі буйныя воінскія сілы, у тым ліку і авіяцыю. Наша ж камандаванне прыкладала ўсе намаганні, каб аказаць дапамогу паўстанцам. Самалётамі перакідваліся зброя і боепрыпасы. Не спыняліся баі ў Празе – прадмесці Варшавы. Вось тады штурмавая група Церахава атрымала загад адбіць у немцаў разваліны будынка чыгуначнага вакзала. З двух бакоў той будынак быў агароджаны калючым дротам, а падыходы замініраваны. Глухая сцяна, што прымыкала да вакзала, з’яўлялася для фашыстаў своеасаблівай аховай. Штурмавікі зайшлі менавіта з гэтага боку. Пасля артпадрыхтоўкі яны імкліва рвануліся да той сцяны, узарвалі яе, загналі праціўніка ў падвал і закідалі гранатамі.
На жаль, аслабленыя папярэднімі баямі савецкія войскі так і не змаглі прарвацца ў Варшаву. Паўстанне там было жорстка падаўлена немцамі. Каля 200 тысяч варшавян загінула. Горад быў поўнасцю разбураны. Амаль усіх жыхароў, якія засталіся ў жывых, гітлераўцы вывезлі на катаржныя работы ў Германію.
Як вядома, крыху пазней уся Польшча была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але гэта каштавала 600 тысяч жыццяў савецкіх воінаў. А полк, у якім ваяваў капітан Церахаў (такое званне яму прысвоілі, улічваючы яго гераізм і ранейшыя баявыя заслугі), набліжаўся да фашысцкага логава – Берліна. Вораг чапляўся за кожны ўчастак зямлі, за кожны населены пункт, за кожны дом. У гэтых кровапралітных баях афіцэр усё больш мужнеў і загартоўваўся.
У адзін марозны студзеньскі дзень 1945 года на Радомскім напрамку склалася крытычная сітуацыя, у якой наша пяхота панесла значныя страты ў жывой сіле. Неабходна было любой цаной авалодаць важным апорным пунктам. Перад тым, як зноў атакаваць праціўніка, патрабавалася ўпэўніцца, ці няма засады на фланзе, што прымыкаў да лесу. На назіральным пункце ў гэты час знаходзіўся і Церахаў, які ўжо камандаваў ротай. Неўзабаве сюды прыбыў камандзір дывізіі і, ведаючы пра гераічныя здзяйсненні капітана, сказаў яму:
– Ты афіцэр смелы і кемлівы. Падбяры сабе яшчэ такіх адважных і – у разведку.
Падабраў 9 чалавек.
– Час дарагі, як кажуць, на вагу золата, – папярэдзіў камандзір дывізіі. – Да світанку павінны вярнуцца.
Ідучы ў цемнаце, наткнуліся на вялікую калону варожых танкаў і бронетранспарцёраў. Як гаворыцца, разведчыкі трапілі ў “клешчы”. З аднаго боку знаходзіўся вялікі мост, які патрэбна было захапіць, за ім самаходныя пушкі “фердынанды”, з другога – танкавая калона. Церахаў прыняў рашэнне ўсё абысці, але натрапілі на патрулёў. Завязаўся бой. Немцы, мусіць, палічылі, што маюць справу са значнымі сіламі рускіх, якія ўклініліся ў іх распалажэнне. Яны адкрылі ўраганны агонь па нашаму пярэдняму краю. У адказ “загаварылі” гарматы чырвонаармейцаў.
У варожым гарнізоне ўзнялася такая паніка, што гітлераўцы, не сарыентаваўшыся ў абстаноўцы, адкрылі стральбу па сваіх. Паміж танкавай калонай і самаходнымі пушкамі завязаўся бой. Выкарыстаўшы гэтую акалічнасць, Церахаву з байцамі ўдалося вырвацца з пасткі і да ранку вярнуцца ў сваю часць, даставіўшы каштоўныя звесткі аб праціўніку. На падставе іх і быў распрацаваны план знішчэння нямецкай групоўкі. Праўда, начная вылазка ў тыл праціўніка аказалася для Івана сумнай – атрымаў раненне.
Марудна цягнуліся дні на шпітальным ложку. Адзіным суцяшэннем былі зводкі Саўінфармбюро, па якіх Церахаў меркаваў, з якімі поспехамі іх полк вядзе баі на тэрыторыі Германіі. Аднак урачы зрабілі ўсё, каб як мага хутчэй вярнуць у строй адважнага афіцэра.
Ужо на подступах да Берліна Церахаў адшукаў свой полк і зноў уліўся ў яго рады. У разгар аднаго з баёў на пазіцыі чырвонаармейцаў фашысты накіравалі танкі з дэсантам. Капітану Церахаву спатрэбілася праявіць нямала смеласці і рызыкі, каб з невялікай групай воінаў адсекчы ад танкаў дэсант і не прапусціць яго да нашых акопаў.
Дзень Перамогі ён сустрэў у Берліне. Колькі радасці было! Нашы воіны салютавалі, страляючы ў неба з аўтаматаў, вінтовак і пісталетаў, пускалі ракеты. Пабываў ён і ля рэйхстага, паглядзеў на гэты змрочны сімвал фашызму і пакінуў на яго сценах свой подпіс. А людзей там – мора! І ўсе лікуюць, абдымаюцца, цалуюцца і танцуюць.
Пасля перамогі над гітлераўцамі Церахаў яшчэ год праслужыў у войску на тэрыторыі Германіі, і ўжо ў званні маёра. Прасілі і надалей заставацца ў арміі, але ён катэгарычна адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што за гады вайны вельмі многае перажыў, падарваў здароўе. А пасля дэмабілізацыі паехаў не ў родны Саратаў на Волзе, а ў Беларусь, дзе яго чакала любая дзяўчына.

Нечаканы арышт

Цёплым выдаўся канец мая 1946 года. Часта праходзілі спорныя дажджы. Прырода квітнела: дрэвы пакрыліся маладой лістотай, зацвіталі сады. Лёгка і прыемна дыхалася водарным паветрам. Засмучаў і выклікаў трывогу толькі выгляд многіх населеных пунктаў, якія былі разбураны і спалены ў час вайны. “Колькі ж гэта давядзецца прыкласці сіл і намаганняў, каб усё аднавіць і добраўпарадкаваць?” – думаў Іван Церахаў, едучы цягніком па Беларусі.
Бацька Веры, прымасціўшыся ля плоту на ўслончыку, кляпаў касу. Пры вільготным і цёплым надвор’і двор хутка зарос травою, і яе трэба было скасіць. Раптам скрыпнулі весніцы, адчыніліся і ў іх праёме паявіўся афіцэр у званні маёра. Яго гімнасцёрку ўпрыгожвалі шматлікія баявыя ордэны і медалі.
– Таварыш ваенны, вам што тут трэба? – спытаў гаспадар.
– Што, Яўген Якаўлевіч, не пазналі мяне?
– Церахаў, ты?! Ну і малайчына! Цябе і праўда не пазнаць. Папаўнеў, узмужнеў, сапраўдны арол. І форма табе вельмі да твару, – рассыпаўся кампліментамі бацька, а потым гучна паклікаў: – Вера, маці, хутчэй выходзьце на двор, сустракайце дарагога госця!..
Прыкладна праз паўгадзіны яны сядзелі ў хаце за сталом. Перад гэтым Церахаў распакаваў свой чамадан і ўсім уручыў падарункі. Вера не зводзіла вачэй з Івана – не верылася, што ён вярнуўся жывы і здаровы.
Добра і смачна падсілкаваўшыся з дарогі, Церахаў сказаў бацькам:
– Вы ведаеце, чаму я прыехаў да вас. Даўно кахаю вашу Верачку. Амаль кожны дзень на фронце ёй пісьмы пісаў. Таму валынку цягнуць не будзем, у бліжэйшы час пойдзем у сельсавет і заключым шлюб. А крыху пазней паедзем у госці да маёй радні.
Бацька зноў разліў па шклянках самагонку. Церахаў, крыху выпіўшы, заўважыў:
– А вы, Яўген Якаўлевіч, вельмі добрую гарэлку навучыліся вырабляць – моцная і чыстая, як сляза.
– Жыццё прымусіла гэта рабіць, – сказаў бацька. – Без яе, праклятай, сёння не абысціся. Часта да нас чыноўнікі заглядваюць. І ўсіх трэба пачаставаць. Вунь учора ўпаўнаважаны райфа так нажлукціўся, што і пра партфель свой забыўся. А можа, наўмысна ён гэта зрабіў, каб зноў заехаць і выпіць? Такіх начальнічкаў зараз многа. І кожны запалохвае, пагражае, але не супраць на халяву выпіць і закусіць.
Іх вяселле пасля заключэння шлюбу было нешматлюдным, але даволі ўрачыстым.
Нягледзячы на нялёгкі пасляваенны час, на сталах яды і выпіўкі хапала. На розных інструментах заўзята гралі мясцовыя музыкі. Людзі гулялі тры дні.
Праз тыдзень пасля вяселля Іван і Вера паехалі ў Саратаў. Гасцявалі там месяц, а потым вярнуліся на Палессе, на свой хутар. Церахаў у хуткім часе ўладкаваўся на работу ў сельпо, дзе зарэкамендаваў сябе з самага найлепшага боку, бо неўзабаве яго там прызначылі старшынёй. У вёсцы пачалі будаваць прасторны дом. Словам, жыццё наладжвалася. Вера, як кажуць, была на сёмым небе ад шчасця. Аднак нечакана маладых напаткала бяда, якая звалілася на іх, як гром з яснага неба.
Неяк надвячоркам, калі ўсе ўпраўляліся па ўласнай гаспадарцы, да хутара пад’ехаў “чорны варанок” з супрацоўнікамі НКУС. Яны, падышоўшы да Івана, спыталі:
– Вы Церахаў?
– Так.
– У нас ордэр на ваш арышт. Ідзіце, падрыхтуйцеся ў дарогу, паедзем у Пінск.
Заплакала Вера, загаласіла маці. Толькі бацька маўчаў і запытальна паглядваў то на Івана, то на нязваных гасцей.
– Не хвалюйцеся, дарагія, тут нейкая памылка, – ідучы да машыны, сказаў Церахаў і тут жа дадаў: – Думаю, хутка разбяруцца і адпусцяць…

У засценках НКУС

У Пінску (тады абласны цэнтр) яго доўга не трымалі – на другі дзень павезлі ў Мінск. Там машына спынілася ля ладнага трохпавярховага будынка. Прывялі Івана ў адзін кабінет, дзе сядзеў рыжавалосы капітан. Акінуўшы позіркам Церахава, ён прамовіў:
– Сядайце і гаварыце толькі праўду. Я ваш следчы Мікалай Іванавіч Казанскі, – прадставіўся капітан.
– У жыцці не прывучаны гаварыць няпраўду.
– Вось і цудоўна, Церахаў, – следчы паклаў перад ім нейкія спісаныя лісткі паперы. – Падпішыце. Гэта ваша чыстасардэчнае прызнанне аб супрацоўніцтве з замежнай разведкай.
– Аб якім супрацоўніцтве вы гаворыце, таварыш капітан?
– Па-першае, я вам не таварыш, таму называйце мяне “грамадзянін следчы”. Па-другое, размова ідзе аб вашай шпіёнскай дзейнасці, – бліснуў нядобрым позіркам Казанскі.
– Вы разумееце, што гаворыце? Гэта ж бязглуздзіца! Калі мяне для гэтага сюды прывезлі, то мне няма чаго сказаць, – і Церахаў устаў.
– Сядзь! – крыкнуў следчы. – Бачыце, ён адчувае сябе, як дома. Нам усё пра вас вядома. У палоне былі?
– Быў.
– На немцаў працавалі?
– Каля года вазіў на машыне аднаго маёра.
– Так. Што далей было?
– Уцёк і ў партызаны падаўся.
– У партызаны вы праніклі, а потым уліліся ў рады Чырвонай Арміі, каб весці шпіёнскую дзейнасць на карысць немцаў. А цяпер, у мірны час, на якую разведку працуеце: амерыканскую ці англійскую?
– Па-вашаму, я – шпіён? – здзівіўся Церахаў.
– І не абы-які, а мацёры. Таму расказвай пра ўсё падрабязна.
– Ды няма больш аб чым гаварыць. Усё гэта вашы домыслы беспадстаўныя.
– Не хочаш прызнавацца тут, развяжам твой язык у іншым месцы, – крыва ўсміхнуўся следчы і скамандаваў: – Пайшлі!
Церахаў думаў, што яго вядуць да вышэйшага начальства. Але Казанскі загадаў ісці ўніз, у падвал. У канцы калідора віднеліся дзверы. За імі, калі ўвайшлі, аказаўся невялікі пакойчык, абабіты лямцам. Не паспеў, як кажуць, Іван азірнуцца, як сюды бясшумна зайшоў чырванашчокі бамбіза ў цывільным.
– Ну як? – спытаў ён у следчага.
– Не прызнаецца, – адказаў Казанскі.
Тады чырванашчокі схапіў Церахава за каўнер і страсянуў так, што ён застаўся ў начной сарочцы. Потым павярнуў Івана да сцяны і пачаў біць дубовым кіем па спіне.
– Скажаш, прастытутка, хто цябе завербаваў?
– Ніхто мяне нікуды не вербаваў, – сціснуты спазмамі, ледзь прамовіў Церахаў і страціў прытомнасць.
Ачомаўся ён у кабінеце, што знаходзіўся побач з пакоем для катаванняў: галава – быццам налітая волавам, у спіне – страшны боль.
– Запомні, Церахаў, табе выхаду адсюль няма. Усё будзе па-нашаму. Падпішаш прызнанне – аблегчыш свой лёс, – сказаў Казанскі і зноў паклаў перад ім тыя ж спісаныя лісткі.
– Грамадзянін следчы, я ніколі шпіёнам не быў і ніхто мяне не вербаваў.
– Што ж, робіш для сябе горш, – скрывіў губы Казанскі.
І тут у кабінет увайшоў памочнік следчага Рэзнікаў і рэзка загадаў:
– Станавіся тварам да сцяны, сволач!
Так Церахаў і стаяў, моўчкі. Да пяці гадзін дня дзяжурыў Рэзнікаў, яго замяніў нейкі новы чалавек, а пад раніцу зноў прыйшоў Казанскі. Як потым даведаўся Іван, называлася такая экзекуцыя “канвеерам”.
Яму вельмі хацелася спаць, узняць уверх ацёкшыя ногі, але як толькі ён намерваўся стаць на калені, каты крычалі:
– Устаць!
Так прайшла другая пакутлівая ноч.
– Сядай і падпісвай сваю шпіёнскую дзейнасць, не даводзь нас да граху, – раніцай, пазяхаючы, сказаў Казанскі.
– Але ж я і разумення не маю аб шпіянажы. Я мужна змагаўся з фашыстамі і ў партызанах, і на фронце, аб чым сведчаць мае шматлікія баявыя ўзнагароды.
– Хопіць нас рабіць дурнямі! – Казанскі стукнуў кулаком па стале. – Пайшлі!
І зноў той злашчасны пакой, дзе выбівалі прызнанні. І зноў па яго спіне хадзіў дубовы кій, яго патыліцай спрабавалі прабіць сцяну. Калі апрытомнеў, пачуў хрыплы голас бамбізы:
– Аднясіце яго ў камеру.
У камеры ён адразу заснуў. Часта прачынаўся ад болю і нервовага ўзбуджэння, уздрыгваў і ад шоргату ключа ў дзвярах: “Можа, зноў на допыт?”
Церахаў згубіў усякую надзею, што нехта разбярэцца ў яго справе і ён выйдзе на волю. Яго свядомасць свідравалі адны і тыя ж пытанні: “Што робіцца ў роднай краіне? Чаму на фронце абяцалі пасля вайны залатыя горы, а цяпер, перамогшы гітлераўцаў, па-ранейшаму знішчаюць невінаватых людзей, адданых справе Леніна і савецкай уладзе? Няўжо ў ЦК партыі, Сталін не ведаюць, што творыцца ў засценках НКУС?” – і не знаходзіў адказу.
Яму яшчэ вельмі многае давялося перажыць, перанесці шмат здзекаў і пакут, пакуль яго справу не разгледзеў суд. А яго вердыкт быў суровы: 10 гадоў пазбаўлення волі, пасля чаго яго адправілі на лесапавал у Сібір. Пазбавілі і воінскага звання, і ўсіх баявых узнагарод.

У трывожным чаканні

Прайшло паўтара года пасля таго, як арыштавалі Церахава. Ён не ведаў, што яго жонка нарадзіла сына. Яна па-ранейшаму жыла з бацькамі. Яны дапамагалі ёй гадаваць дзіця, а на душы маладой мамы было трывожна і горка. Пра Івана яна нічога не ведала – як у ваду кануў. Таму самыя розныя думкі лезлі ў галаву, не давалі спакою. Яна часта плакала, маці таксама іншы раз тайком змахвала слёзы з вачэй. Бацька хадзіў пануры і невядома, у каго пытаўся: “Як жа гэта так, за нішто чалавека арыштаваць? І якога чалавека! Маёра, франтавіка, ардэнаносца, можна сказаць, героя! І ні слыху ні дыху”.
Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. На іх хутар яшчэ больш зачасцілі розныя начальнічкі з раёна. Як і заўсёды, бацька іх частаваў, а вось калі размова заходзіла пра калгасы, гаварыў:
– Тут у нас, адразу пасля вайны, дзве бежанкі жылі з усходніх абласцей Беларусі. Шмат яны расказвалі пра тыя калгасы. Нацярпеліся людзі ў іх, гаравалі, пастаянна недаядалі, хоць і непасільна працавалі. Пасля таго, чаго наслухаўся, я ў калгас не пайду. Зараз у мяне ёсць дзве каровы, конь, авечкі, свінні… Дзякуй Богу, жыву ў поўным дастатку. А ў той сельгасарцелі, якую вы маеце намер стварыць, я ўсяго гэтага пазбаўлюся, бо вы ж і зямлю, і ўсю жыўнасць абагуліце. І яшчэ я вам скажу вось што. Той, хто лянуецца на сваёй зямельцы працаваць, той і ў калгасе будзе біць лынды…
– Не, дзядзька Яўген, будзеш калгаснікам, нікуды табе не падзецца, – звычайна гаварылі госці. – Трэба новае жыццё ў вёсцы наладжваць. У калгасах жа з цягам часу і коні стануць непатрэбнымі. На змену ім прыйдуць трактары, іншыя машыны, усе працаёмкія працэсы будуць выконваць розныя аўтаматы і механізмы.
Прыкладна такія дыялогі на працягу двух гадоў адбываліся ў бацькі з начальнікамі, дэпутатамі мясцовага сельсавета. А вось той кастрычніцкі дзень яму запомніўся назаўсёды. Тады з раніцы надвор’е сапсавалася. З поўначы па небу плылі цёмныя хмары. Спачатку пасыпаў дробны дождж, а потым паваліў густы снег. Гаспадар глядзеў у акно і ўсё прыгаворваў:
– Няўжо зіма будзе? Штосьці вельмі рана. Па-мойму, яшчэ і сапраўднага бабінага лета не бачылі, ды і ў полі далёка не ўсё зроблена. Вось сёння хацеў бульбянішча пераараць, а пасля абеда – гной з хлява вывезці.
І тут ля хутара зноў спынілася нейкая брычка. З яе спачатку злез тонкі і доўгі, як аглобля, чалавек, а другі, наадварот, каржакаваты, прывязаў да плоту каня, падкінуў яму пад пярэднія ногі сена.
Па гасцях, якія неўзабаве ўвайшлі ў хату, было бачна, што яны ўжо ў падпітку. Дарэчы, іх суправаджаў старшыня сельсавета Барысюк. Бацькі замітусіліся, пачалі падаваць на стол выпіўку і закуску. А калі ўпаўнаважаныя раёна прапусцілі яшчэ па некалькі чарак, тонкі і высокі, якога звалі Паўлавічам, спытаў:
– Ну як, Яўген Якаўлевіч, можа, надумаліся ўжо звязаць свой лёс з калгасам?
Бацька, мусіць, чакаў гэтага пытання, бо адразу заявіў:
– Не, мне ваша калектывізацыя не патрэбна. Дасць Бог, пражыву і без яе – на сваёй уласнай гаспадарцы працаваць буду.
– Тады выйдзем у сені, нам трэба з табой па сакрэту пагаварыць.
– Пайшлі, – адказаў бацька і ступіў да дзвярэй. За ім падаліся цыбаты з каржакаватым. Старшыня сельсавета застаўся за сталом.
У цёмных сенях госці пачалі пінаць бацьку з кутка ў куток, а потым моцна біць па чым папала, прыгаворваючы:
– Дык ты, сволач, напішаш заяву ў калгас ці не?
Такая “размова” працягвалася мінут дваццаць. Бацьку, як кажуць, збілі на горкі яблык. Пасля гэтага ён тыдзень у пасцелі праваляўся. Маці з Верай вельмі хваляваліся, думалі, што тыя каты скалечылі чалавека, лячылі яго рознымі народнымі сродкамі.
Бацька, акрыяўшы ад пабояў, сказаў:
– Я многа думаў і прыйшоў да вываду, што і нам давядзецца ўступіць у той пракляты калгас. Інакш гэтыя бальшавіцкія малойчыкі ад нас не адстануць, да кулакоў прыпішуць. Забяруць у нас усю зямлю, канфіскуюць маёмасць, а нас у Сібір адправяць. Хопіць, што ўжо недзе зяця згнаілі…
І тут Вера зноў дала волю слязам. Маці яе суцяшала:
– Не плач, дачушка, усё наладзіцца, чуе маё сэрца, што хутка Іван аб’явіцца.
І сапраўды, перад Калядамі 1949 года да іх у хату хтосьці пастукаўся. Бацька пайшоў адчыняць дзверы. Вярнуўся з пажылым чалавекам. Ён, цяжка ўздыхнуўшы, зняў з галавы шапку-вушанку, прысеў на табурэтку і прамовіЎ:
– Ледзь дабраўся да вас, добрыя людзі. Але вымушаны быў гэта зрабіць, бо паабяцаў свайму сябру Івану Церахаву…
Пачуўшы гэтыя словы, уся сям’я, здавалася, знямела. У пакоі ўсталявалася мёртвая цішыня. Першай не вытрымала Вера:
– Дзе ён, што з ім?!
– Не хвалюйцеся, ён жывы, іншы раз нават і жартуе. А знаходзіцца ў няволі, у далёкай Сібіры, дзе з іншымі асуджанымі лес валіць. Вось вам ліст ад яго. Думаю, там усё напісана, – госць дастаў з-за пазухі некалькі аркушоў паперы і перадаў іх Веры.

Вяртанне да сям’і

Максім Акуловіч, сябар Івана па няшчасці, гасцяваў на хутары каля двух тыдняў. Гаспадары адкормлівалі гэтага змардаванага чалавека ўсім лепшым і смачнейшым. Потым бацька запрог каня ў вазок і даставіў яго на чыгуначны вакзал.
Акуловіч быў родам з-пад Мінска. Па прафесіі – педагог, вучыў дзяцей у школе. З-за гэтага яго ў 1944 годзе і на фронт не забралі. Але хтосьці з “сяброў” данёс у НКУС, што настаўнік супрацоўнічаў з немцамі. І справа закруцілася: чалавека арыштавалі, прад’явілі беспадстаўныя абвінавачванні, у выніку чаго ён быў прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. На шчасце, за яго заступіўся легендарны герой грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн, праслаўлены партызанскі камандзір В.З.Корж. Менавіта ён “закідаў” розныя высокія інстанцыі дакладнымі фактамі і абгрунтаванымі доказамі, што Акуловіч – адданы савецкай уладзе чалавек, з непасрэднай дапамогай якога ў тыле ворага было ажыццёўлена нямала баявых аперацый і дыверсій.
У тых аркушах паперы, якія Максім Акуловіч перадаў Веры, Іван прасіў, каб яна абавязкова напісала пісьмо К.Т.Мазураву, былому сакратару ЦК ЛКСМБ, упаўнаважанаму ЦК КП(б)Б па кіраўніцтву партызанскім рухам і арганізацыі камсамольскага падполля. З ім Церахаў сустракаўся і меў гутарку ў 1943 годзе ў час абучэння падрыўнікоў. І яшчэ неабходна было праінфармаваць некаторых баявых сяброў, якія не ведалі, у якой складанай і трагічнай сітуацыі аказаўся іх аднапалчанін.
Вядома, адной Веры гэта справа была не па сіле. Але на дапамогу прыйшоў той жа Акуловіч. Ён звязаўся з некаторымі высокапастаўленымі знаёмымі асобамі, якія працавалі ў партыйных і савецкіх органах. І, як гаварыў першы і апошні прэзідэнт СССР М.Гарбачоў, працэс пайшоў. Прыкладна праз два месяцы Вера атрымала пісьмо ад К.Т.Мазурава, у якім паведамлялася, што “…крымінальная справа, узбуджаная супраць Вашага мужа, будзе перагледжана…”
І зноў пацягнуліся дні, месяцы доўгага і нуднага чакання. А вярнуўся да сваёй сям’і Церахаў толькі ў канцы 1951 года. Але гэта ўжо быў далёка не той чалавек, якога многія ведалі раней. Зухаваты маёр-франтавік цяпер моцна кульгаў на правую нагу. Справа ў тым, што ў час лесараспрацовак ён спатыкнуўся і трапіў пад спілаваную сасну. Нягледзячы на гэта, усе радаваліся яго прыезду, асабліва Вера. Яна, пяшчотна тулячыся да мужа, гаварыла:
– Усё страшнае, Іванка, засталося ззаду. Цяпер мы будзем жыць мірна і шчасліва. І ніхто нас больш ніколі не разлучыць…
На жаль, спакойнага жыцця не атрымлівалася. На хутар зрэдку заязджалі супрацоўнікі НКУС, цікавіліся паводзінамі Церахава. Гэта выводзіла яго з сябе:
– Вы што з’ехалі з глузду?! – крычаў ён. – Калі ўжо адчэпіцеся ад мяне? З-за такіх, як вы, я здароўе страціў, працаваць не магу. Лепш дапамажыце групу інваліднасці атрымаць, каб хоць нейкую капейку мець. А то ў цесця нахлебнікам жыву. І скажыце, за што я ваяваў, праліваў кроў?
І толькі ў 1953 годзе, пасля смерці Сталіна, яго пакінулі ў спакоі. Потым нечакана выклікалі на ўрачэбную камісію, прызначылі другую групу інваліднасці, пасля чаго Церахаў пачаў атрымліваць пенсію.
– Ведаеш, Верачка, кладуся спаць і баюся, што зноў убачу страшныя сны, звязаныя з мінулым: вайной, пакутамі ў НКУС, лесапавалам, – часта гаварыў Іван. – Давай пераедзем на маю радзіму, можа, там я ачуняю душой…
Вера не пярэчыла. У Саратаве яны пражылі звыш 30 гадоў. Там у іх нарадзілася дачушка Паліна. Іван пачаў працаваць камендантам інтэрната, і меў, як кажуць, нядрэнны прыварак да пенсіі. Вера ўладкавалася на швейную фабрыку. Словам, жыццё больш-менш наладзілася. Аднак пад старасць Церахаў моцна захварэў, у яго выявілі туберкулёз. Пачаў ездзіць па розных санаторыях. На жаль, лячэнне не дапамагло – у 1986 годзе Івана не стала.
Пасля смерці мужа Вера вярнулася ў Беларусь. Дарэчы, яна і раней неаднаразова прыязджала сюды з дзецьмі да сваіх старэнькіх бацькоў. Аднак потым яны памерлі: спачатку тата, а за ім – мама. І ўсё ж нейкая невядомая сіла яе заўсёды цягнула на родны хутар, дзе была закапана яе пупавіна, дзе прайшлі хоць і трывожныя, але незабыўныя гады дзяцінства і юнацтва. А той ненакрыты зруб новага дома, які яны пачалі будаваць пасля вайны ў вёсцы, падгніў і бацькі разабралі яго на дровы.
На гэтым у сваім апавяданні я мог бы паставіць кропку. Аднак не магу – вымушаны яшчэ крыху расказаць пра здрадніка Паўлоўскага.

Пад маскай добразычліўца

У пачатку вайны, перайшоўшы на бок немцаў, Паўлоўскі верай і праўдай служыў ім. Пазней, калі гітлераўцы ўчынялі розныя карныя аперацыі супраць партызан, яўрэяў, іншага мірнага насельніцтва, ён быў самым актыўным іх удзельнікам. У свой час ён гаварыў Церахаву, што галоўная яго мэта – знішчэнне бальшавікоў, аднак, каб заслужыць яшчэ большую павагу і давер у ворагаў, бязлітасна расстрэльваў і старых, і дзяцей.
Рукі злыдня не па локці, а да плеч былі ў крыві ні ў чым невінаватых людзей. І ён усё больш і больш вар’яцеў. Немцы, бачачы адданасць халуя, неаднойчы заахвочвалі яго, што прыдавала яму фанабэрыстасці і нястрыманасці ў адносінах да сваіх ахвяр.
Потым, калі “непераможная” армія фюрэра пачала адступаць, Паўлоўскі стаў усё часцей задумвацца. Ён разумеў, што і немцы, выратоўваючы найперш сябе, яго не пашкадуюць. І інстынкт здрадніка цяпер быў накіраваны толькі на выжыванне. Таму ў лясах пад Івацэвічамі, калі наткнуўся на труп чырвонаармейца, без роздуму пераапрануўся ў яго форму, забраўшы ўсе дакументы нябожчыка. Такім чынам Паўлоўскі стаў савецкім салдатам Васілём Кухарчыкам. Ён зашыўся ў густы хмызняк, у якім праляжаў гадзін пяць.
Потым, калі ўсё навокал заціхла, ён праз кавалак нятоўстага падгніўшага палена зрабіў самастрэл у левую руку і, перавязаўшы рану нейкай тканінай, падаўся ў той бок, адкуль чуўся брэх сабак. Выйшаўшы на ваколіцу невядомай вёскі і ўбачыўшы людзей, упаў на зямлю, быццам страціў прытомнасць.
Яго падабралі сяляне і адправілі ў шпіталь. Рана вельмі доўга не зажывала, гнаілася. Доктар, які яго лячыў, гаварыў:
– Ніяк, Кухарчык, не магу зразумець, чаму твая рана не паддаецца лячэнню. Прымяняем жа ўсе неабходныя сродкі. Галоўнае цяпер – гангрэны пазбегчы, каб не ампуціраваць руку…
Гэтая акалічнасць зусім не засмучала здрадніка. Зна-
чыць, меркаваў ён, на фронт не хутка адправяць. А неўзабаве ў шпіталь у суправаджэнні падпалкоўніка наведаліся людзі ў цывільным. Яны параненым гаварылі:
– Наша доблесная армія, таварышы, ужо знаходзіцца на подступах да Берліна. Словам, хутка немца дашчэнту разаб’юць і без вас. Нам жа трэба аднаўляць разбураную вайной народную гаспадарку. І той, хто з вас застанецца ў Беларусі, будзе забяспечаны дастойнай работай.
Так Паўлоўскі (ён жа Кухарчык) апынуўся ў Ляхавіцкім раёне. Тры гады працаваў упаўнаважаным райфінаддзела па збору падаткаў. І яго вельмі баяліся людзі, бо ён ніякай літасці да іх не праяўляў. Без разваг мог апісаць бычка ці іншую жыўнасць у лік пагашэння таго ці іншага падатку. Дарэчы, гэта ён, фашысцкі прыхвасцень, неяк у Пінску здалёк убачыў Церахава ў вайсковай форме, а вечарам напісаў пасквіль у органы аб яго супрацоўніцтве з немцамі.
Потым Кухарчыка прызначылі старшынёй калгаса імя Леніна. Сяляне ў той пасляваенны час пакутавалі пад прыгнётам калектывізацыі, бо працавалі толькі за працадні, на якія ў канцы года маглі атрымаць мяшок-другі збожжа. І не больш! А каб купіць буханку хлеба, даводзілася несці ў краму курыныя яйкі, дзясятак якіх каштаваў усяго 47 капеек.
А вось свайго старшыню Кухарчыка калгаснікі паважалі і цанілі. Справа ў тым, што ён ніколі нікога не пакараў і не аддаў пад суд за крадзяжы. А імі тады вымушаны былі займацца ўсе. Напрыклад, каб пракар-
міць карову, на зіму трэба было назапасіць каля 3 тон сена. А дзе іх узяць, калі выдзеленыя дзялянкі сенажацяў людзі касілі на дзясяты працэнт: 9 коп у сельгасарцель, адна ¬– сабе. Таму астатні корм вяскоўцы начамі вяроўкамі насілі на плячах. Кухарчык пра гэта ведаў і ў думках злараднічаў: “Вось такая яна, ваша савецкая ўлада…” І ў той жа час ён адчуваў асалоду ад таго, што сяляне апошнія жылы рвуць, а яго ўсё роўна шануюць, завуць “бацькам”.
Бег час. Багацела дзяржава. Яна ў развіццё сельскай гаспадаркі ўкладвала ўсё больш сродкаў. Пачалася меліярацыя забалочаных зямель. І справы пайшлі на лад, у тым ліку і ў калгасе імя Леніна. Неўзабаве ён выйшаў пераможцам у раёне па вытворчасці малака і мяса, меў добрыя паказчыкі і ў іншых галінах. Спачатку Кухарчыка ўзнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”, затым – ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
Старшынёй калгаса ён дапрацаваў да пенсіі. Потым заняўся пчалярствам. Неяк на ўласных “жыгулях” паехаў на рынак у Баранавічы мёд прадаваць. Вось там адна жанчына і апазнала злачынца.
– Я цябе, сволач, на ўсё жыццё запомніла! – крычала кабета. – Людзі, вось гэты фашыст усю нашу сям’ю расстраляў. Я толькі цудам выжыла. Хутчэй хапайце вырадка!..
Яго з рынку, як ветрам здула. Кінуўшы ўсё на прылаўку, Паўлоўскі-Кухарчык хутка дабег да легкавушкі і рвануў з месца. Прыехаўшы дадому, лёг на канапу ў зале і прыняў цыяністы калій – атруціўся. Пра такіх у народзе гавораць: сабаку – і смерць сабачая.

Аляксей СЯРГЕЙ,
заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

ГАИ уделит особое внимание соблюдению ПДД мотоциклистами, велосипедистами и пешеходами на СПМ

В Беларуси 29 марта проходит единый день безопасности дорожного...

Сегодня в районе продолжаются комплексные учения

Будут отработаны вопросы организации оповещения населения с запуском электросирен. Обращаем...

Как защитить интересы молодого специалиста, улучшить коллективный договор, получить социальный отпуск…

Разноплановые темы и вопросы, связанные с защитой трудовых, социально-экономических...

Жители города поднимают проблему, связанную с парковкой автомобилей во дворах и на тротуарах

В некоторых микрорайонах районах города есть жилые застройки, в...