Спецыялісты-дыетолагі і кулінары сцвярджаюць, што рыба – крыніца паўнацэнных бялкоў. У ёй ёсць усе незаменныя амінакіслоты. Харчовая каштоўнасць рыбы абумоўлена таксама ўтрыманнем у ёй высакаякасных і лёгказасваяльных тлушчаў. Рыбныя прадукты могуць поўнасцю задаволіць патрэбнасці нашага арганізма ў асноўных мінеральных рэчывах, сярод якіх пераважаюць фосфар, калій, кальцый, натрый, магній, сера і г.д.
У харчовых адносінах найбольш каштоўнай з’яўляецца жывая рыба. Ежа, прыгатаваная з яе, мае асабліва тонкі смак і арамат.
Што, і вам захацелася паласавацца рыбкай? Няма праблем! Вы яе можаце купіць на малым гарадскім рынку ў буднія дні, а ў нядзелю – на цэнтральным рынку, а таксама ў некаторых гандлёвых кропках Драгічына. Свежую рыбу сюды прывозяць работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Рыбгас “Днепрабугскі”. Днямі мы там пабывалі, каб расказаць чытачам газеты пра працоўныя будні рыбаводаў.
Плошча сажалак і вадаёмаў акцыянернага таварыства складае 986 гектараў. Займаюцца тут рыбалоўствам з трохгадовым цыклам абароту. Вытворчая магутнасць рыбгаса – 540 тон таварнай рыбы ў год. А вырошчваюць тут карпа, белага амура, таўсталобіка, карася і шчупака. У мінулым годзе для развядзення завезлі малькоў сома.

Варта адзначыць, што з году ў год павялічваецца вытворчасць рыбы. У 2006 годзе рыбгас упершыню выйшаў на праектную магутнасць і ў апошні час пастаянна перавышае яе. Летась, напрыклад, тут атрымалі і рэалізавалі 918 тон таварнай рыбы. Падлікі паказваюць, што сёлета ўраджай “блакітнай нівы” складзе не менш 922 тон.
На сённяшні дзень у рыбгасе працуюць 94 чалавекі. У асноўным гэта людзі з навакольных вёсак. Яны даражаць рабочым месцам, бо маюць неблагі заробак. За апошні месяц ён, напрыклад, у сярэднім склаў 815 тысяч рублёў. А іншагароднія і спецыялісты забяспечваюцца добраўпарадкаваным жыллём.
З 17 ліпеня бягучага года кіруе працоўным калектывам М.Ф.Ярошчык. Спецыяліст ён вопытны, са стажам. Працуе ў рыбгасе вось ужо 10 гадоў. Цяпер жа ў Мікалая Феадосьевіча, як кажуць, спраў безліч. Пакуль мы з ім гутарылі ў рабочым кабінеце, раз-пораз раздаваліся тэлефонныя званкі. Да дырэктара звярталіся не толькі падначаленыя, але і некаторыя чыноўнікі з Брэста і Мінска.
— Вось з Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарчу Беларусі патурбавалі, — сказаў пасля чарговага званка М.Ф.Ярошчык. – Просяць павялічыць рэалізацыю рыбы. Таму будзем старацца працаваць яшчэ лепш. Хаця, мне здаецца, паказчыкі ў нас і так нядрэнныя. Калі летась на гэтую дату план продажу рыбы быў выкананы на 5 працэнтаў, то сёлета – на 17%. І ў гэтым ёсць
значная заслуга маркетынгавай службы, якую ўзначальвае Іван Мікалаевіч Лук’яновіч.
значная заслуга маркетынгавай службы, якую ўзначальвае Іван Мікалаевіч Лук’яновіч.Крыху пра цэны на рыбу. Яны розныя. Так, за кілаграм адборнага карпа вы заплаціце 7420 рублёў, буйнога – 6300, сярэдняга – 5200 і дробнага – 4300 рублёў.
Бясспрэчна, пры фарміраванні цэн на прадукцыю ўлічваюцца затраты на яе вытворчасць. І абавязкова трэба мець пэўны прыбытак, каб своечасова выплачваць людзям зарплату, вырашаць шматлікія пытанні і праблемы паўсядзённасці, скажам, набываць спецыяльны камбікорм, што ідзе на корм рыбам. Каштуе ён у сярэднім 650 тысяч рублёў за тону.
На заключным этапе для адкорму рыбы выкарыстоўваецца і збожжа, у асноўным трыцікале. Яго за сезон расходуецца прыкладна 700 тон і 2700 тон камбікорму. А пры збалансаваным рацыёне і тэмпературных рэжымах рыба ў запланаваныя тэрміны дасягае неабходных таварных кандыцый.
Прадукцыя з Навасёлак (рыбгас размяшчаецца побач з гэтай вёскай) прадаецца ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Таму штодзённа 15 аўтамашын з надпісам “Жывая рыба” яшчэ на досвітку адпраўлюцца ў некаторыя гарады і іншыя населеныя пункты. Асабліва добра гандлююць далікатэснай прадукцыяй сямейныя экіпажы, дзе вадзіцелем працуе муж, а жонка – прадаўцом. Гэта Сяргей Мікалаевіч і Наталля Аляксееўна Юхімовічы, Рыгор Сяргеевіч і Валянціна Пятроўна Рапінчукі, а таксама экіпаж у складзе Генадзія Аляксандравіча Кавалеўскага і Дзіны Мікалаеўны Ярошчык.
Трэба адзначыць, што рыбгас сам ідзе насустрач спажыўцам. 12 верасня на цэнтральным рынку Драгічына быў праведзены чарговы кірмаш па продажу прадукцыі. Насельніцтву было рэалізавана 1 тона рыбы без усялякіх гандлёвых надбавак.
У рыбаводаў (іх тут 15) – свае клопаты. Зараз, у разгар асенняй пуціны, што пачалася 20 жніўня, яны займаюцца адловам ураджаю з “блакітнай нівы”. Асабліва ладзіцца работа ў Валерыя Пятровіча Байдука, Сяргея Мікалаевіча Сушко, Аляксандра Іванавіча Касцючыка і іншых.24 сакавіка бягучага года ў гаспадарцы адкрылі цэх па перапрацоўцы прадукцыі. Пабывалі мы і там, дзе нас гасцінна сустрэла вядучы тэхнолаг Наталля Фёдараўна Гарбарук. Паводле яе слоў, у цэху запланавана перапрацаваць 120 тон жывой рыбы. Яе тут вэндзяць і вяляць. Набыўшы ўжо пэўны вопыт работы, зладжана працуюць тут Алена Леанідаўна Касцючык, Вера Афанасьеўна Капуза і Раіса Уладзіміраўна Шыла.
У заключэнне нашай сустрэчы дырэктар рыбгаса М.Ф.Ярошчык паведаміў нам, што ўжо распрацаваны праект новай Дзяржаўнай праграмы развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады. Па словах Мікалая Феадосьевіча, гэты праект адкрые перад беларускімі рыбаводамі вялікія перспектывы. І асаблівы акцэнт будзе зроблены на развядзенне і вырошчванне каштоўных відаў рыб.
Аляксей ФЁДАРАЎ.
Фота Юрыя СЯРГЕЯ.