spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Любіць зямлю па-імянінску

Дата:

Інтэр’ер канторы СВК “імянінскі” адразу ад уваходу ажыўляюць невялічкія снапкі, звязаныя са збожжавых культур. Залацістай шарэнгай яны выстраіліся ўздоўж сцяны, пад партрэтамі лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Тут жа выстаўлены і стэнд з дыпломамі, якімі на працягу апошніх гадоў СВК “Імянінскі” ўзнагароджваўся на раённым узроўні. Значнае месца ў гэтай калекцыі займаюць дыпломы за вытворчасць зерня, лідарства ва ўборцы збажыны. Нездарма ж пазалетась менавіта ў аграгарадку Імянін святкавалі раённыя “Дажынкі”.

Камбайнеры-тысячнікі “са стажам”: Мікалай Мікалаевіч Лапутка (справа) і ўладальнікі другога месца ў раённым спаборніцтве сярод экіпажаў Барыс Сяргеевіч і Дзмітрый Сяргеевіч Кулікі
Камбайнеры-тысячнікі “са стажам”: Мікалай Мікалаевіч Лапутка (справа) і ўладальнікі другога месца ў раённым спаборніцтве сярод экіпажаў Барыс Сяргеевіч і Дзмітрый Сяргеевіч Кулікі

Удзень бацька не адрываў Аляксандра ад работы. Тэлефанаваў увечары, калі быў упэўнены, што сын паставіў ужо камбайн на начлег і мог спакойна расказаць аб тым, як прайшоў яго працоўны дзень, колькі здолеў намалаціць зерня. Мікалай Сяргеевіч Плында і сам шмат гадоў спякотнай летняй парой шчыраваў на камбайне. “З’ездзіўшы” “Ніву”, атрымаў навюткі “КЗР-10”, а памочнікам да сябе вырашыў узяць старэйшага сына. Аляксандр тады акурат закончыў абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй у Драгічыне. Хто як не бацька, з яго патрабавальнасцю і цярпеннем, мог лепш навучыць сына хлебаробскай справе?

Пасцігаў яе асновы Аляксандр Плында на зямлі, дзе нарадзіўся – у СВК “Брашэвічы”. Ажаніўшыся, ён пераехаў жыць у Імянін, уладкаваўся механізатарам у мясцовую гаспадарку. Маладой сям’і далі “прэзідэнцкі” домік, які па меры падрастання дачушкі ўсё больш напаўняўся шчасцем.

Не толькі за сямейнае жыццё, здароўе Аляксандра, яго гаспадарскія справы перажываюць у суседнім аграгарадку Брашэвічы бацька Мікалай Сяргеевіч і матуля Галіна Сяргееўна. Хвалюе іх і тое, як працуе сын, ці заслугоўвае, каб яго паважалі людзі. Сёлетняе жніво было пятым у працоўнай біяграфіі Аляксандра Мікалаевіча – малады селянін ужо давно заслужыў звацца па бацьку. За гэтыя гады камбайнеру давялося працаваць у экіпажы з рознымі людзьмі. Так, разам з Дзмітрыем Кулікам Аляксандр Плында стаў “бронзавым” прызёрам абласнога спаборніцтва сярод моладзі і ўдзельнічаў у абласных “Дажынках” у Бярозе. Летась ён працаваў з Сяргеем Іванавічам Акачуком і ў складзе дэлегацыі Драгічынскага раёна ўдзельнічаў у абласным фестывалі працаўнікоў вёскі ў Іванава. А сёлета Аляксандр Мікалаевіч зусім нечакана для сябе стаў дэлегатам пятага Усебеларускага народнага сходу.

Цяпер ужо ён можа лічыць сябе настаўнікам моладзі. У памочнікі Аляксандру Мікалаевічу гэтым летам далі 20-гадовага юнака. Атрымаўшы ў Пінскім ліцэі пасведчанне трактарыста, Дзіма Акачук паступіў у індустрыяльна-педагагічны каледж. Праз дзесяць месяцаў – выпускны, пасля якога для хлопца пачнецца самастойнае працоўнае жыццё. Дзмітрый ведае, што вернецца з Пінска ў родную гаспадарку, тут яго ўжо чакае пасада механіка.

– А ўлетку, думаю, буду на камбайне працаваць, – бадзёра дзеліцца жыццёвымі планамі юнак. І хаця прозвішча ў Дзімы на першы погляд нязвыклае для Імянін, нарадзіўся ён і вырас тут. У сям’і Акачук трое дзяцей: дзяўчынка і двое хлопцаў. Гэта са старэйшым братам Дзмітрыя – Сяргеем – летась шчыраваў на хлебнай ніве Аляксандр Плында. Сваім новым памочнікам Аляксандр Мікалаевіч таксама застаўся задаволены.

Моладзь не падводзіць СВК “Імянінскі”: экіпаж у складзе Аляксандра Мікалаевіча Плынды (справа) і Дзмітрыя Іванавіча Акачука заняў трэцяе месца ў раённым спаборніцтве
Моладзь не падводзіць СВК “Імянінскі”: экіпаж у складзе Аляксандра Мікалаевіча Плынды (справа) і Дзмітрыя Іванавіча Акачука заняў трэцяе месца ў раённым спаборніцтве

Усяго ж у СВК “Імянінскі” “тысячнікамі” сталі тры экіпажы з шасці: акрамя тандэма “Плында – Акачук” звыш тысячы тонн збожжа (у вазе да апрацоўкі)намалацілі Мікалай Мікалаевіч Лапутка з сынам Дзмітрыем, а таксама браты Кулікі: Барыс Сяргеевіч і Дзмітрый Сяргеевіч.

Гаспадарка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Аляксандравіча Сухарэвіча і па ўраджайнасці зерневага кліна, і па валавому намалоту збожжа ведала лепшыя часы, аб чым сведчаць тыя самыя дыпломы, што выстаўлены ў канторы. Так, сёлета з гектара атрымана па 35 цэнтнераў зерня, што вышэй за сярэднераённую ўраджайнасць. Але ж у 2014-м годзе імянінскія землі былі настолькі шчодрымі, што ўраджайнасць перавысіла 60 цэнтнераў з гектара. І хаця той год быў наогул спрыяльным для вырошчвання збожжавых культур, імянінцы апярэдзілі па ўраджайнасці бліжэйшых сапернікаў у раённым спаборніцтве больш чым на 10 цэнтнераў з гектара. Валавы намалот збожжа тады склаў 10 000 тон і здаваўся проста неверагодным.

Але ж Уладзімір Сухарэвіч меў простае і зразумелае тлумачэнне такой высокай аддачы глебы. “Сакрэт” заключаўся не толькі ў добрым надвор’і і зладжанай працы людзей. А найперш у строгім выкананні ўсіх тэхналагічных патрабаванняў. Сістэмнае выкарыстанне арганікі, своечасовая, у адпаведнасці з тэхналогіяй падкормка і хімапрацоўка ўсіх культур спрыялі таму, што СВК “Імянінскі” з году ў год збіраў багаты ўраджай са сваёй збожжавай нівы.

У параўнанні з мінулым годам, на жаль, сёлета ў СВК “Імянінскі” атрымана на 2 450 тон зерня менш. Рэкардсменамі па ўраджайнасці сталі пшаніца і   ячмень – абедзве культуры, якім удосталь дасталася і мінеральных удабрэнняў, і сродкаў хімапрацоўкі. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы склала 50 цэнтнераў з гектара. На некаторых участках столькі ж намалочвалі і ячменю.

Віктар Сяргеевіч Якуш ажыццявіў сваю дзіцячую мару: ён стаў вадзіцелем і ўдзельнічаў у жніве
Віктар Сяргеевіч Якуш ажыццявіў сваю дзіцячую мару: ён стаў вадзіцелем і ўдзельнічаў у жніве

Галоўны аграном СВК “Імянінскі” Ягор Леанідавіч Качан, лічы, яшчэ толькі набіраецца вопыту. Пасаду прыняў пазалетась, падчас уборкі буракоў, бульбы, сланечніка, азімай сяўбы. Праводзіў жонку ў раддом, будучы аграномам-аграхімікам у імянінскім садзе, сустракаў яе і нованароджанага сыночка Арсенія – ужо галоўным спецыялістам. Ягор Леанідавіч добра засвоіў народнае выслоўе: «ўзяўся за гуж – не кажы, што не дуж”. Ён і сам вырас у сялянскай сям’і, у аграгарадку Новая Папіна, і сына ледзьве не з калыскі прывучае да сельскай гаспадаркі. Арсеній ужо добра ведае, што такое трактар, машына, камбайн, як выглядае кукуруза.

Гэта цяпер забараняецца дзецям ездзіць разам з бацькамі ці іншымі родзічамі, суседзямі на трактары ці камбайне. Раней жа многія вясковыя хлопцы лета напралёт прападалі ў полі. Многія потым сталі паважанымі механізатарамі, добрымі вадзіцелямі, камбайнерамі. Любоў да зямлі-карміцелькі, да нялёгкай сялянскай працы перадаецца з пакалення ў пакаленне, ад бацькі да сына, з матульчыным малаком.

83-гадовы бацька камбайнера Мікалая Мікалаевіча Лапуткі, які раней працаваў у мясцовым калгасе механікам, шмат гадоў уважліва сочыць за поспехамі сына на жніве. Тэлефануе са сваёй хаткі, што ў вёсцы Віры, збірае газетныя артыкулы, у якіх распавядаецца пра сына, а апошнім часам і пра ўнука Дзмітрыя. Два бясконца блізкія і дарагія пенсіянеру мужчыны ўбіраюць збажыну разам, сямейным экіпажам. Ганарыцца Мікалай Васільевіч сынам і ўнукам.

Шкада, што рана пайшоў з жыцця бацька Барыса Сяргеевіча і Дзмітрыя Сяргеевіча Кулікоў. Селянін таксама мог бы ганарыцца сынамі. Па-братэрску зладжана, дружна завіхаюцца на хлебнай ніве мужчыны, што ні жніво – абавязкова прымяраюць на сябе чырвоную стужку з надпісам “Тысячнік”.

Вадзіцель Аляксандр Ула-дзіміравіч Даўгун – сам даў жыццё пяці дзеткам. Ні ад каго не чакаў дапамогі. На працу ў калгас “Радзіма” (так раней называўся СВК “Імянінскі”) уладкаваўся праз два гады пасля арміі. Спадзяецца і на пенсію адсюль пайсці. Аляксандр Уладзіміравіч увайшоў у гісторыю Драгічынскага раёна як першы вадзіцель, якому ўдалося перавезці ад камбайнаў 2 тысячы тон збожжа. Здарылася гэта ў 2014-м годзе.

Не збіраецца пакідаць Імянін і 20-гадовы вадзіцель Віктар Якуш. З задавальненнем распавядае ён, як маленькім хлапчуком сачыў за бацькам, як марыў навучыцца вадзіць вялікі аўтамабіль і вазіць з поля зерне. Мара Віктара збылася: у яго распараджэнні “МАЗ”, яму даверылі адвозку зерня ад камбайнаў.

– Імянін – прыгожы аграгарадок, тут ёсць прыродны газ, усе зручнасці для жыцця, – нахвальвае сваю маленькую радзіму юнак. – Мне вельмі прыемна, што разам з аднавяскоўцамі я ўдзельнічаў ва ўборцы хлеба. Спадзяюся: не падвёў…

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

“Белорусское сладкое” и “Сябрына”. Лукашенко проводит субботник на своей малой родине

Президент Беларуси Александр Лукашенко в день республиканского субботника на своей...

Жители Дрогичинщины принимают участие в республиканском субботнике

Благоустройством и наведением порядка в городе и населенных пунктах...

Активисты и общественники Дрогичинщины в рамках республиканского субботника приняли участие в акции «Время помнить»

В данной акции участие приняли Дрогичинская районная организация БРСМ,...

Магазины, рынки, такси, услуги на дому: когда покупателям должны выдавать чек

В соответствии с Налоговым кодексом Республики Беларусь, при реализации...