Такога даўно не было не тое што ў Бездзежы – ва ўсім раёне. Добрых свят апошнім часам стала меней з-за пандэміі, але ж спакваля ўсё вяртаецца да звыклага жыцця. Узгадваюцца, аднаўляюцца і добрыя традыцыі продкаў. Вось і на бездзежскай зямлі, дзе з шанаваннем ставяцца да тутэйшых звычаяў, шэраг сезонных палявых работ адкрыла колішняе свята засевак, ці, як называюць яго на цяперашні лад, – свята першай баразны. Мерапрыемства было арганізавана непасрэдна ў полі, якое раскінулася ўзбоч дарогі з Хомска да Бездзежа, адразу за памятным знакам Дугі Струвэ. Урачыстасць гэтага моманту з земляробамі прыехалі падзяліць першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Сяргей Сяргеевіч Глінскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ала Юльянаўна Камісарчук, кіраўнік ААТ “Бездзеж-Агра” Мікалай Іванавіч Грыневіч, а таксама спецыялісты і прафсаюзныя актывісты гаспадаркі.
Звяртаючыся да прысутных, Сяргей Сяргеевіч Глінскі зазначыў, што вясна сёлета выдалася надзвычай сухая, таму трэба спяшацца кінуць зерне, пакуль глеба трымае крыху вільгаці. І ў такой сітуацыі “чым раней пачнем сяўбу – тым больш шанцаў мець добры вынік…”
Але ж любую справу, а тым больш – земляробчую працу, колішнія людзі пачыналі з малітвы і звароту за блаславеннем. Настаяцель тутэйшай Свята-Троіцкай царквы протаіерэй Генадзь Воран не паспяваў вярнуцца з вобласці, таму пачатак засевак блаславіў іерэй Дзімітрый Грэчка, клірык Стрэчанскай царквы г. Драгічына. Ён прачытаў малітвы на добры вынік распачатай справы, каб Гасподзь міласцівым поглядам сваім блаславіў пасеянае і высаджанае на гэтых палях зерне, дараваў спакойнае паветра і спорыя ўзыходы, пазбавіўшы іх ад зарастання пустазеллем і дзікай травой, і “даў ім поўную сілу прыйсці ў вызначаны час, каб людзі паспыталі спелых пладоў сваёй працы…”
Айцец Дзімітрый акрапляе святой вадой зерне, поле, сельгастэхніку, а ўдзельнікі тутэйшай мастацкай самадзейнасці працягваюць вясновы абрад засевак. Кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” Бездзежскага СДК Мікалай Сцяпанавіч Каласей бярэ самаробны кораб з зернем, падыходзіць да ўскрайку поля і з паклонам звяртаецца да зямлі-карміліцы: “ Добры дзень, ніва, прыйшоў час поле засяваці – новага ўраджаю чакаці…” І, як калісьці рабілі яго тутэйшыя продкі, упэўненым крокам ступае на поле, размерана і спраўна кідаючы ў раллю залатыя зярняты будучага ўраджаю…
“Дай Божа, каб з першага зерня была поўная скрыня…” – прыгаворвае сейбіт, а святочна апранутыя жанчыны суправаджаюць абрад засевак аўтэнтычнай мясцовай песняй “Іарданская вада”…
А далей справу працягвае трактарыст Віктар Дзмітрыевіч Пратасевіч, які ўжо сучасным механізаваным спосабам пракладвае на ніве першую баразну новага ўраджаю. Толькі на гэтым полі яму з напарнікам Яўгенам Пятровічам Мартыновічам трэба будзе пасеяць 50 гектараў ячменю, а ўсяго пад яравыя зерневыя ў гаспадарцы адведзена 510 гектараў.
“Ці не палохае, што распачынаецца гарачая пара сезонных работ, якая скончыцца толькі позняй восенню? – пытаюся ў механізатараў. І ў адказ чую, што яны – з сялянскага роду і ім да таго не прывыкаць!
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара