У племзаводзе “Заказельскі” мне даводзілася бываць не адзін раз. Тут даволі малады і актыўны дырэктар гаспадаркі, які здолеў згуртаваць вакол сябе такіх жа выбітных галоўных спецыялістаў і кіраўнікоў сярэдняга звяна, а механізатары і жывёлаводы таксама імкнуцца “крочыць у нагу” з кіраўніцтвам прадпрыемства, таму і вынікі іх сумеснай работы не могуць не радаваць.
Валавы збор збожжавых і збожжабабовых культур пасля дапрацоўкі склаў 11446 тон пры ўраджайнасці 38,4 цэнтнера з гектара. Крыху лепш урадзіў рапс – яго сабрана 39,1 цэнтнера з кожнага гектара, валавы збор гэтай культуры дасягнуў 1644 тоны.
Чалавеку недасведчанаму здаецца, што сельгасвытворчасць – справа сезонная, але гэта не так. Вядома, што ў восень работ восем, але каб было што ўбіраць напрыканцы сезона, неабходна старанна папрацаваць круглы год, і зіма ў гэтым напружаным рытме – не выключэнне. Ідзе грунтоўная падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ. Усё пачынаецца з дэталёвага агляду ўсіх агрэгатаў і машын. Механізатары правяраюць стан трактароў, сеялак, культыватараў і іншай тэхнікі, каб гарантаваць іх надзейную працу на працягу ўсяго сезона.
Летась па выніках раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ 2025 года КСУП “Племянны завод Заказельскі” заняў другое месца ў раёне і ўдастоены ганаровага дыплома і грашовай прэміі.
– Падрыхтоўка да веснавых палявых работ, – гаворыць галоўны інжынер гаспадаркі Яўген Іванавіч Аўдзяюк, – уключае рамонт і замену зношаных частак, наладку рухавікоў і іншых механізмаў, а таксама праверку і наладку сістэм кіравання.
У племзаводзе «Заказельскі» асаблівую ўвагу надаюць стварэнню камфортных умоў для механізатараў. У майстэрнях пастаянна праводзіцца рамонт і ўдасканаленне абсталявання, ствараюцца ўмовы для зручнай і бяспечнай працы.

Адна з ключавых задач гэтай падрыхтоўкі – гарантаваць бяспеку працы механізатараў і эфектыўнасць работы тэхнікі. Уладкаванне майстэрняў адыгрывае важную ролю ў дасягненні гэтых мэт. Вялікія, светлыя і добра абсталяваныя майстэрні дазваляюць праводзіць усе работы на высокім узроўні. Створаныя ўмовы не толькі павышаюць прадукцыйнасць працы, але і спрыяюць захаванню здароўя і добрай працоўнай атмасферы.
У мінулым годзе калгасныя майстэрні былі поўнасцю мадэрнізаваны, на іх рамонт было затрачана 395 тысяч рублёў, а сёлета завяршылі ўдасканаленне другой майстэрні – паклалі плітку, пафарбавалі сцены, абнавілі душавыя і сантэхнічныя пакоі, кацельную.
Шчыра кажучы, перад паездкай у племзавод я ведаў, што буду сустракацца з галоўным інжынерам, але ўяўляў яго чалавекам сталага ўзросту, ну хаця б з ледзь прыкметнай сівізной на скронях, а тут даволі малады чалавек, нядаўні выпускнік ВНУ. Ён даволі кампетэнтны і граматны спецыяліст і з гордасцю і задавальненнем паказвае майстэрню, пляцоўкі для захоўвання тэхнікі, з павагай расказвае пра сваіх падначаленых.

Як толькі закончыліся работы ў полі, механізатары прыступілі да падрыхтоўкі тэхнікі да наступнага сезона. Першымі паставілі на захоўванне прычапны інвентар – культыватары, плугі, сеялкі, косы, дыскі і граблі. Роўным радком стаяць яны на машынным двары і чакаюць свайго часу для выхаду ў поле. Але гэта будзе пазней, а пакуль на чарзе тэхнічны агляд, які запланаваны на 14 лютага. Да пастаноўкі тэхнікі прыклалі сваю гаспадарскую руку механізатары Іван Жук, Андрэй Аўдзяюк, Аляксандр Жылінскі, Сяргей Ляўковіч і іншыя.
Пакуль прычапны інвентар спакойна чакае свайго часу, іншыя сельгасмашыны выконваюць звыклую для іх штодзённую работу, а ў “вольную” хвіліну пакрыху ці па меры неабходнасці рыхтуюцца да тэхагляду. Сяргей Пятровіч Угляніца заехаў у майстэрню, каб замяніць напорны рукаў. Доўга ён тут не затрымаецца, бо на ферме яго чакаюць – неабходна адкачваць угнаенні і вывозіць іх на палі.
А вось Іван Віктаравіч Нічыпорчык тут папрацуе некаторы час. Некалі, як зараз галоўны інжынер, ён быў маладым, пачынаў працаваць на трактары ў складзе камсамольска-маладзёжнага экіпажа. Гады праляцелі непрыкметна і сёлета ў яго будзе ўжо трыццаць пятае жніво. Шаснаццаць апошніх гадоў ён шчыруе на калгасных палетках на камбайне ACROS 530. У мінулым годзе намалаціў з улікам рапса амаль 1500 тон збожжа. У свой час быў першым камбайнерам-тысячнікам у раёне, мае шмат узнагарод, але галоўная з іх і бацькоўская гордасць – працавітая дачка, якая жыве ў Мінску, а ў гарачы час жніва бярэ адпачынак па асноўнаму месцы работы і дапамагае бацьку ўбіраць ураджай – выконвае абавязкі памочніцы камбайнера. Не выключэннем будзе і сёлетні год. Іван Віктаравіч разумее, што цяпер трэба праверыць усе вузлы і агрэгаты камбайна, каб летам працаваць без паломак і прастояў.
Прыемна ўсведамляць, як людзі аб’ядноўваюць намаганні ў перыяд жніва! Гэта сапраўдны прыклад сямейнай згуртаванасці і адданасці працы. Нягледзячы на ўзрост тэхнікі, земляробы знаходзяць спосабы падтрымліваць яе ў спраўным стане і эфектыўна выкарыстоўваць. Трэба адзначыць, што такія прыклады настойлівасці і ўзаемадапамогі з’яўляюцца важнымі каштоўнасцямі ў нашым грамадстве. Гэта даказвае, што сапраўднае багацце заключаецца ў людзях і іх адносінах адзін да аднаго. Калі ёсць жаданне і ўзаемная падтрымка – то можна пераадолець любыя цяжкасці.
Штогод машынна-трактарны парк племзавода “Заказельскі” рэгулярна папаўняецца новай тэхнікай. Гэта значнае дасягненне для гаспадаркі, якая пастаянна імкнецца да ўдасканалення інавацыйных тэхналогій у сельскай гаспадарцы. Новыя трактары і агрэгаты дазваляюць павышаць прадукцыйнасць працы і зніжаць выдаткі на эксплуатацыю, што мае вялікае значэнне для паспяховага вядзення палявых работ. Толькі ў мінулым годзе гаспадарка набыла МАЗ‑256, раздатчык кармоў, прэс-падборшчык, трактары розных марак і мадыфікацый. Сёлета пачалі выкарыстоўваць у рабоце і падарунак, які летась атрымалі на абласных “Дажынках” – бочку-прычэп да трактара.
Новая тэхніка эфектыўна выкарыстоўваецца і беражліва захоўваецца ў боксах гаспадаркі, а на тэрыторыі майстэрні ў Закозелі заканчваецца ўзвядзенне навесаў для сельгасмашын.
Работы па падрыхтоўцы тэхнікі да палявых работ у “Заказельскім” – гэта не толькі прафесійны абавязак, але і важная частка штодзённага жыцця гаспадаркі. Дзякуючы стараннасці і адказнасці механізатараў вясновыя палявыя работы, як заўсёды, правядуць эфектыўна, што забяспечыць добры ўраджай і ўстойлівае развіццё гаспадаркі ў цэлым.
Аляксандр РЭПІХА.
Фота аўтара.