Дакрануцца да скарбаў

Дата:

Адна з бясспрэчных духоўных ісцін заключаецца ў тым, што жыццё – гэта падручнік, па якому мы вучымся да скону сваіх дзён. Яе пацвердзіла і нядаўняя экскурсійная паездка ў сталіцу нашай рэспублікі – у Мінск, куды мы накіраваліся ледзь не ўсім калектывам рэдакцыі, скааперыраваўшыся з работнікамі сферы культуры, з якімі нас  аб’ядноўвае агульны прафсаюзны камітэт. Вырашылі наведаць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку Беларусі і паглядзець вячэрні спектакль у дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. І не пашкадавалі…

Дакрануцца да скарбаў

Адметна, што цяпер не толькі тэатры, але і сучасныя музеі “пачынаюцца з вешалкі”, і гэта сведчыць аб тым, што для наведвальнікаў, для іх духоўнага і інтэлектуальнага ўзбагачэння, тут створаны самыя спрыяльныя і камфортныя ўмовы. Настроіць струны душы на патрэбны лад дапамагае экспанат у выглядзе вялікага зямнога шара, які размешчаны перад уваходам у першую музейную залу пад сімвалічнай назвай “Мір і вайна”. З дапамогай мультымедыйных тэхналогій нам паказваюць, якая прыгожая і, разам з тым, крыштальна-крохкая і безабаронная наша Зямля,  які непапраўны ўрон ёй наносяць узброеныя канфлікты і войны, і як важна кожнаму ўхіляцца ад зла і разладу і імкнуцца да міру…

Усяго ў новым музеі абуладкавана дзесяць экспазіцыйных залаў, дзе адлюстраваны  перадваенны перыяд, абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі, цяжкія дарогі вайны,  карэнны пералом з Курскай і Сталінградскай бітвамі, акупацыйны перыяд, партызанскі рух і ўдзел у міжнародным супраціўленні, Перамога і пасляваеннае ўзнаўленне. Тут многа сапраўды рарытэтных экспанатаў: перад намі паўстаюць сюжэты змаганняў першых дзён вайны і тагачасная тэхніка – савецкія і нямецкія танкі, самалёты, цяжкае ўзбраенне…

Дакрануцца да скарбаў

Да глыбіні душы кранаюць лёсы радавых салдат нашай Вялікай Перамогі. Пры ўваходзе ў залу “Дарогамі вайны” перад вачыма паўстае даваенны аўтамабіль “ГАЗ”, які ў народзе называлі “палутаркай”. Экскурсавод расказаў, што ў гэтай машыны разам з яе ўладальнікам – вельмі насычаная і цікавая біяграфія. Аказалася, што перад вайной гэты аўтамабіль набыў адзін з калгасаў Віцеб-шчыны, і на ім працаваў вадзіцель Павел Міхайлаў. У першыя дні вайны яго разам з “палутаркай” накіравалі на фронт. Міхайлаў удзельнічаў у баях пад Масквой, вазіў на сваім аўтамабілі грузы ў блакадны Ленінград і вывозіў на ім дзяцей па “дарозе жыцця”. Ён настолькі беражліва ставіўся да сваёй тэхнікі, што нават пры раненні папрасіў дактароў, каб не адпраўлялі яго ў медсанбат, а лячылі на месцы – прама ў аўтамабілі.

Дакрануцца да скарбаў

На сваёй машыне герой даехаў да Берліна, і, улічваючы такія адносіны салдата да тэхнікі, пры дэмабілізацыі камандаванне падарыла Міхайлаву гэты аўтамабіль. Павел вярнуўся ў родную гаспадарку, і яго “ГАЗ” яшчэ доўга заставаўся ці не адзінай грузавой машынай на ўсю ваколіцу. На ёй былы франтавік працаваў да пенсіі, яна засталася з ім і пазней. А перад смерцю ён перадаў сваю легендарную “палутарку” музею, куды яе, між іншым, даставілі сваім ходам. Аўтамабіль Міхайлава праславіўся яшчэ і тым, што пазней здымаўся ў вядомых кінафільмах “Доўгая дарога ў дзюнах” і “У жніўні 1944-га…”.

Экскурсавод-прафесіянал і сучасныя тэхналогіі і інсталяцыі ствараюць эфект прысутнасці экскурсантаў на месцы многіх былых падзей, дапамагаюць перажыць многія моманты з мінулага і ў цяперашняй рэальнасці. Да прыкладу, у зале, дзе адлюстравана абарона Брэсцкай крэпасці, мы чуем узрывы гранат, а ў залу, дзе сабраны звесткі аб зверствах фашыстаў на акупіраванай беларускай зямлі, уваходзім праз дымавую завесу, скрозь якую высвечваюцца назвы спаленых вёсак. Тое, што мы ўбачылі і перажылі ў музеі – кавалачак “блакаднага хлеба”, попел закатаваных у лагерах смерці людзей, мноства зброі, якой лёгка забіць чалавека, не думаючы  пра тое, як цяжка яго нарадзіць і выгадаваць – усё гэта не пакідала абыякавымі. І заставалася пачуццё, якое вельмі добра выказаў адным са сваіх вершаў наш беларускі паэт Аркадзь Куляшоў:

Пазбавіўшы ад грознага відовішча

Свет, не дазволю я, каб дым і пыл

Зямлю ператварылі ў бамбасховішча,

Мільярд прапісак – у маўклівы прысак,

Мільярд калысак – у мільярд магіл.

І каб прыйсці да такога пераканання, каб яно стала жыццёвым дэвізам кожнага з нашых суайчыннікаў –  трэба бываць у музеях, прысвечаных гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Дакрануцца да скарбаў

Вельмі пазнавальнай і насычанай аказалася і экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы.Незабыўныя ўражанні пакінуў музей кнігі, дзе захоўваюцца ўнікальныя помнікі нашай культуры: рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, рэдкія выданні мінулых вякоў. Мы пазна-ёміліся з жамчужынай музейнай калекцыі – кнігай Бібліі беларускага перша-друкара Францыска Скарыны, выдадзенай у 1517-1519 гг., палюбаваліся прыгажосцю сталіцы з вышыні “птушынага палёту”, падняўшыся на высотную пляцоўку, дакрануліся да струменістага фантана ў выглядзе “шара ведаў”, шчыра давяраючы легендзе, што калі выканаць гэты рытуал, то стануць даступнымі веды з 14 мільёнаў кніг, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы…

Дакрануцца да скарбаў

А дастойным завяршэннем нашай паездкі ў сталіцу стаў спектакль-аперэта  “Лятучая мыш” з дасціпным, вясёлым сюжэтам і цудоўнай музыкай, які мы па-глядзелі ў акадэмічным музычным тэатры. Нам заставалася толькі канстатаваць: наш адпачынак зладзіўся! Мы дакрануліся да невычарпальных крыніц новых ведаў, уражанняў, эмоцый. І на ўсё гэта быў патрачаны толькі адзін дзень, які не быў дарэмным у нашым жыцці, а пакінуў вельмі добры след. І ў душы, і ў памяці…

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичинском районе прошел праздник земляков

В деревне Сутки Дрогичинского сельсовета 20 июля прошел праздник...

Президент дал оценку работы промышленного сектора и поставил задачи на перспективу

Ситуация в сфере промышленности в целом складывается неплохо, но...

Аграрии Дрогичинского района намолотили 33,6 тысяч тонн зерна

По состоянию на 22 июля сельхозпредприятиями района убрано зерновых...

Ряды «тысячников» Дрогичинского района пополнились новыми именами

20 июля слова благодарности за упорный труд принимали сразу...