Працуючы ў школе выкладчыцай рускай мовы і літаратуры, я заўсёды старалася прывіваць вучням пачуццё патрыятызму і вернасці Радзіме. З гэтай мэтай часта праводзіла ўрокі мужнасці, на якія запрашала ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
У маіх руках фотаздымак Ефрасінні Емяльянаўны Барысюк. На ім ужо немаладая, але прыгожая жанчына. Вялікія шэрыя вочы, крыху сумныя і журботныя. Шмат разоў даводзілася запрашаць яе ў школу, на мерапрыемствы ў ваенна-гістарычны музей г.Драгічына. І заўсёды яна згаджалася, не адмаўляла.
У гады вайны Е.Е.Барысюк, жыхарка в.Цыбкі, выратавала дваіх партызан, адзін з якіх, Павел Фёдаравіч Дружынін, да вайны працаваў у Брэсцкім абкаме партыі. Пазней ён стаў камандзірам партызанскага атрада імя Чкалава.
Прабіраючыся з Маларытчыны ў Бярозаўскі раён, Павел Дружынін з групай партызан трапілі ў засаду. Многа байцоў тады загінула. А тыя, якія засталіся ў жывых, схаваліся ў нейкім хляве паміж Толкавам і Гумнішчамі. Адзін селянін непадалёку апрацоўваў свой участак зямлі і пачуў галасы. Ён зайшоў у памяшканне, пагутарыў з ляснымі салдатамі, якія даверыліся яму. На жаль, гэты чалавек аказаўся здраднікам –пра ўсё расказаў немцам..
Якраз у той час бацька былога старшыні Брашэвіцкай ветэранскай арганізацыі Сяргея Мікітавіча Раўчэні працаваў у полі. Чуе, непадалёку бой пачаўся… А ў хуткім часе з жыта вылезлі воіны. Яны расказалі Мікіту, хто яны і куды накіроўваюцца. Сярод іх быў ранены ў нагу баец, а таксама медсястра. Яны паведамілі, што яшчэ два партызаны,цяжка параненыя, ляжаць у жыце і папрасілі іх выратаваць.
Мікіта Раўчэня адвёз партызан у лес ля Ласінцаў. Надзейнаму чалавеку, Сцяпану Якімовічу, расказаў пра раненых. Той праз нейкі час для большай бяспекі даставіў іх на балота. Непадалёку знаходзіўся хутар, на якім жыла Ефрасіння Барысюк з мужам і двума малалетнімі сынамі. Ноччу ў дзверы іх дома пастукалі. “Не бойся, мать, мы свои”, – пачула жанчына ціхі голас на рускай мове. Не раздумваючы, Фрося ўпусціла незнаёмцаў у хату. Адзін з іх адразу ўпаў на падлогу. Другі быў ранены ў плячо.
З размовы, якая завязалася, жанчына даведалася, што аднаго байца звалі Паўлам, а другога – Яўгенам. Апошні быў цяжка паранены ў жывот. Гаспадыня перавязала рану шырокім палатном. Партызан не гаварыў, а толькі стагнаў.
У другога партызана, Паўла Дружыніна, гнаілася плячо. Фрося самагонкай прамыла рану і яе трэба было зашыць. Мужная жанчына ўзяла звычайную іголку, прапаліла яе на агні і прыступіла да справы. У хаце ніхто не спаў. Сыны з цікавасцю сачылі за ўсім. Муж шчыльна завесіў вокны.
Што кіравала жанчынай? Патрыятызм, спагадлівасць, чалавечая літасць? Яна добра ведала, што калі дазнаюцца немцы, то ўсю сям’ю расстраляюць. Таму дзецям строга загадала нічога нікому не гаварыць. Аднак пакідаць у доме раненых было вельмі рызыкоўна. Іх пасялілі ў лесе, дзе Барысюкі спецыяльна выкапалі зямлянку. Яўген у свядомасць амаль не прыходзіў і хутка памёр. Пахавалі яго непадалёку ад вёскі Усходы. А да гэтага Фрося кожны дзень брала збан і ішла ў лес па чарніцы. Такім чынам яна раненым дастаўляла малако, хлеб і вараную бульбу. Апрацоўвала і перавязвала раны воінам. У Дружыніна рука не зажывала, распухла. Ён папрасіў жанчыну наладзіць кантакт з партызанамі.
Фрося сустрэлася з Аляксеем Краўчуком з Ласінцаў, які быў сувязным у народных мсціўцаў. У хуткім часе Дружыніна адвезлі ў атрад імя Чкалава. Пасля гэтага і Е.Барысюк стала сувязной партызан, неаднойчы рызыкавала сваім жыццём і жыццём блізкіх, выконваючы тыя ці іншыя небяспечныя даручэнні лясных салдат.
Пасля доўгачаканай Перамогі Ефрасіння доўга даглядала магілу Яўгена. А вось Павел Дружынін застаўся ў жывых. У знак удзячнасці да мужнасці жанчыны ён прапанаваў яе, радавога палявода, выбраць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Аднак яна, як кажуць, не падышла па параметрам, якія тады прад’яўляла партыйная наменклатура да кандыдатаў. Праўда, дэпутатам выбралі яе мужа Івана, які працаваў старшынёй калгаса.
Што і казаць, вельмі часта ў той пасляваенны час да прадстаўніка вышэйшага органа ўлады звярталіся людзі з рознымі скаргамі і просьбамі. Не заставалася ў баку ад спраў мужа і Ефрасіння, з’яўляючыся памочнікам дэпутата і дапамагаючы вырашаць тыя ці іншыя жыцёвыя праблемы выбаршчыкаў.
Міналі гады. Выраслі дзеці, памёр муж. А Ефрасіння па-ранейшаму актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Таму з вялікай цеплынёй адклікаюцца аб ёй жыхары Цыбак Ала Іванаўна Яхімовіч, Анфіса Васільеўна Шэмет і іншыя.
Успамінаю, як мы аднойчы ў школе праводзілі мерапрыемства “Ніхто не забыты – нішто не забыта”. Іменна тады і вырашылі пабываць на магіле Яўгена. Ефрасіння Емяльянаўна (ёй ужо было звыш 80 гадоў) сказала: “Даўно я там не была, не ведаю, ці знайду тое месца, таму спачатку схаджу сама”.
Знайшла, а калі вярталася назад, ламала галінкі і кідала на зямлю, пакуль не выйшла з лесу. І вось неяк цёплым і сонечным днём мы на веласіпедах пад’ехалі да дома старой жанчыны. Яна нас ужо чакала. З сабой прыхапіла памінальную кашу, свечкі і цэлую карзіну пячэння і цукерак для школьнікаў.
Побач з магілкай Яўгена (на жаль, так яго прозвішча і не ўстаноўлена) мы разаслалі абрусы, паставілі ікону і запалілі свечкі. Ефрасіння Емяльянаўна прачытала малітву і распачала свой аповед. Дзеці вельмі ўважліва слухалі.
За 10-11 гадоў вучобы ў школе вучні праслухоўваюць і праходзяць тысячы ўрокаў. Многае забываецца, а вось такія ўрокі мужнасці назаўсёды застаюцца ў памяці.
Ніна ГРЫЦУК,
старшыня Брашэвіцкай ветэранскай арганізацыі,
наш няштатны карэспандэнт