Супрацоўнікі бібліятэкі правялі першы ўрок для гарадскіх школьнікаў на беларускай мове

“Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” – гэты вядомы радок з верша класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы вызначыў тэму першага ўрока ў школах рэспублікі і нашага раёна. Да гэтай справы далучыліся і супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія падрыхтавалі для школьнікаў яркае і відовішчнае мерапрыемства, насычанае цікавымі фактамі з гісторыі краіны і з жыцця сучаснай Беларусі. 2 верасня, у першы дзень новага навучальнага года, менавіта бібліятэкары правялі тэматычны ўрок для вучняў СШ №1 і СШ №2 г.Драгічына.

Заняткі прайшлі на свежым паветры, на пляцоўцы, абуладкаванай каля бібліятэкі. Арганізатары мерапрыемства ў цікавай і даступнай форме расказалі прысутным аб нашай гістарычнай спадчыне і дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, упамянулі трагічныя старонкі мінуўшчыны і гады вайны, нагадалі аб славутых і таленавітых людзях краіны, прачыталі пранікнёныя вершы, радкі якіх у поўнай меры раскрываюць прыгажосць роднага краю і лепшыя якасці нашых людзей. Праз гэты тэматычны ўрок чырвоным радком праходзіла думка аб тым, што Беларусь – суверэнная краіна, якая глядзіць у будучыню, але беражэ памяць аб мінулым.

Гэты незвычайны ўрок не толькі паглыбіў веды, але і спрыяў таму, каб умацаваць сярод прысутных школьнікаў пачуццё гонару за месца, у якім жывуць, павагу да гісторыі, суайчыннікаў і дасягненняў радзімы.

– Любоў да роднай зямлі ёсць у сэрцы кожнага з нас. Проста хтосьці адчувае вастрэй і глыбей. Іншыя ж у кругавароце паўсядзённага жыцця не задумваюцца пра гэта. Але калі бяда чорным крылом накрые родную зямлю, мы ўпэўнены, што кожны стане патрыётам Айчыны, памятаючы аб гераічным мінулым нашых продкаў і аб тым, што мы – нашчадкі Вялікай Перамогі, – адзначылі вядучыя мерапрыемства.

У заключэнні тэматычнага ўрока супрацоўнікі бібліятэкі звярнуліся да школьнікаў з просьбай задаць сабе пытанне: што я павінен зрабіць сёння для сваёй Айчыны, як жыць, вучыцца і працаваць, каб менавіта добрымі справамі праслаўляць сваю сям’ю, свой род і месца, дзе нарадзіўся? Бо менавіта ім, цяперашнім школьнікам, належыць заўтрашні дзень, будучыня краіны. І ў ходзе ўрока гучала ўпэўненасць у тым, што яны будуць старацца і прыкладаць намаганні, как наша родная Беларусь і далей утрымлівала “свой пачэсны пасад між народамі”.

Марына ШАФРАН
Фота аўтара