Ветэранаў павіншавалі са 100-годдзем Узброеных Сіл

0
33

Сваю першую баявую ўзнагароду – медаль “За адвагу”, былы франтавік С.Я. Лапа атрымаў 23 лютага 1942-га года, і ў тых умовах яе ўручыў байцу камандарм Канстанцін Ракасоўскі. Пазней Сяргей Яўсеевіч быў адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За абарону Масквы”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, нямала ўзнагарод і званне “Ганаровы грамадзянін Драгічынскага раёна” ён заслужыў і ў мірны пасляваенны час. А літаральна на днях – 23 лютага бягучага года, С.Я. Лапе быў уручаны юбілейны медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”, і ён стаў першым у ліку ветэранаў раёна, хто быў удастоены гэтай памятнай узнагароды.

У гэты лютаўскі дзень, калі традыцыйнае святкаванне Дня абаронцаў Айчыны супала са значнай юбілейнай датай – 100-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Сяргея Яўсеевіча наведала цэлая дэлегацыя, у складзе якой былі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Святлана Андрэеўна Магілянчык, намеснік ваеннага камісара раёна Аляксандр Вітальевіч Палей і вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійнаму забеспячэнню ваеннага камісарыята Кацярына Віктараўна Елец. Яны зачыталі і перадалі былому франтавіку віншавальны адрас ад імя старшыні райвыканкама Аляксандра Вітальевіча Дарашэнкі, у якім была выказана падзяка ветэрану за яго бясцэнны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, уручылі кветкі і падарунак. А затым прадстаўнікі раённага ваеннага камісарыята выканалі яшчэ адну прыемную місію і перадалі ў рукі Сяргею Яўсеевічу яго чарговую ўзнагароду – юбілейны медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”.

Віншаванні, падарунак і юбілейны медаль ветэрану Сяргею Яўсеевічу Лапе перадаюць С.А. Магілянчык, А.В. Палей і К.В. Елец

У сваю чаргу С.Я. Лапа падзяліўся сваімі ўспамінамі аб тым, як ён, ураджэнец Гомельшчыны, у 1940-м годзе атрымаў позву ў армію, служыў у матацыклетным палку, і з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны апынуўся на фронце, удзельнічаў у бітве за Маскву і на Курскай дузе, вызваляў Беларусь, штурмаваў Кёнігсберг, а пасля вайны абуладкаваўся ў Драгічыне, з якім і звязана яго працоўная і грамадская дзейнасць. Расказваючы аб перажытым, Сяргей Яўсеевіч і сёння не перастае здзіўляцца, як гэта яму, сувязісту-фельд’егеру, пашчасціла прайсці праз тое ваеннае пекла і застацца жывым.

– Самымі цяжкімі былі першыя месяцы вайны. З баямі мы адступалі. Стамляліся настолькі, што засыпалі пры перамяшчэнні калоны, і ў той час, калі фашысцкія войскі наступалі на Маскву, калі нас на кожным кіламетры засыпалі бомбамі, снарадамі, мінамі, калі смерць ішла поруч, я нават і падумаць не мог, што застануся жывым і пражыву яшчэ столькі гадоў пасля вайны.

Памятаю, як выходзілі з акружэння, як 3 снежня 1941 года перайшлі ў контрнаступленне пад Масквой. Вызвалілі Калугу і частку Сухініцкага раёна, а 23 лютага 1942-га года на перадавую, якая знаходзілася кіламетрах у двух ад Сухінічаў, наведаліся камандарм Ракасоўскі, начальнік штаба арміі Малінін і член ваеннага савета Лабачоў. Яны ўзнагародзілі байцоў, якія праявілі мужнасць і гераізм у баях за Маскву, і я ў той дзень з рук Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага атрымаў свой першы медаль “За адвагу”, – распавядае Сяргей Яўсеевіч.

– Смерць праз усю вайну неадступна ішла следам. У пачатку ліпеня 1941-га пры перамяшчэнні ў калоне ў мяне з напарнікам Валодзем Сахнюком сапсаваўся матацыкл, і мы адсталі ад усіх і спыніліся на ўскрайку нейкага населенага пункта, каб падрамантаваць яго. Наляцеў нямецкі самалёт. Спачатку скінуў бомбу, а потым развярнуўся і, пэўна, убачыўшы нас, пачаў страчыць з кулямёта. Я адбег убок і адчуў, як у некалькіх міліметрах ад маёй галавы прайшла чарга, і мяне засыпала пяском. Пакуль праціраў вочы, пачуў крык: “Матацыкліста забілі!” Я падбег да Валодзі і жахнуўся: адна старана яго грудзіны вырвана, і было бачна, што сэрца яшчэ б’ецца, а ён рукамі імкнецца прыкрываць сваю жудасную рану. Я звярнуўся да яго: “Валодзя?!” Ён адкрыў вочы, хацеў нешта сказаць, але не паспеў – памёр…

І такіх выпадкаў было – сотні. На маіх вачах гінулі баявыя таварышы, а я нейкім цудам заставаўся жывым, і спакваля пачынаў верыць, што не іначай як мой моцны анёл-ахоўнік засцерагае мяне ад куль, мін, снарадаў і бомбаў, – расказвае С.Я. Лапа, і вочы яго міжволі вільгатнеюць…

Сёлета Сяргею Яўсеевічу споўніцца 98 гадоў, і пры развітанні госці шчыра жадаюць яму – на сваіх нагах і пры добрай памяці – дайсці да векавога юбілею.

У гэты ж дзень, 23 лютага, прывітальны адрас райвыканкама, падарунак і юбілейны медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” былі перададзены і 92-гадоваму ветэрану вайны М.Я. Галаху з вёскі Хомск, які, будучы сведкам расправы карнікаў над сваімі аднавяскоўцамі і сваёй сям’ёй, цудам пазбегнуў смерці, пасля чаго пайшоў ваяваць да партызан, а затым – і на фронт. Па меры магчымасці, наколькі дазваляюць сілы і здароўе, Мікалай Якаўлевіч і сёння прымае ўдзел у агульнавясковых мерапрыемствах, сустракаецца са школьнікамі, каб расказаць аб перажытым і пакінуць ім свой галоўны наказ: зберагчы мір!

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Please enter your comment!
Please enter your name here