Сёння ў аграгарадку Хомск і іншых населеных пунктах Драгічыншчыны прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці хатынскай трагедыі.

У нашых мясцінах лёс сумна вядомай беларускай вёскі раздзялілі 18 населеных пунктаў, а вёска Хомск у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі пацярпела двойчы: тут у жніўні 1941 года карнікі ўчынілі масавае забойства яўрэяў, а 5 ліпеня 1943 года яны правялі расправу над мясцовымі жыхарамі, а вёску амаль дашчэнту спалілі. Па сведчанню вяскоўцаў, у той дзень у Хомску было расстраляна 170 мірных жыхароў. Многія з іх былі пахаваны ў брацкай магіле, на месцы якой, у цэнтры аграгарадка,  пасля вайны быў устаноўлены помнік. Ля яго і прайшоў мітынг-рэквіем. Кветкі да помніка ахвярам фашызму ў Хомску ўсклалі старшыня райвыканкама Аляксандр Дарашэнка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Барташ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, сілавых структур і прафсаюзныя актывісты.

Памяць загінуўшых жыхароў спаленых вёсак прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання, а настаяцель тутэйшага Пакроўскага храма іерэй Іаан Бараноўскі адслужыў памінальную ліцію аб супакаенні душ бязвінна закатаваных ахвяр вайны.