ПРЫРОДА – НАШ АГУЛЬНЫ ДОМ

Дата:

Ахова прыроды ў Рэспубліцы Беларусь стала агульнанароднай справай і ўяўляе сабой комплекс дзяржаўных і грамадскіх мерапрыемстваў, якія накіраваны на рацыянальнае выкарыстанне і ўзнаўленне прыродных багаццяў, ахову навакольнага асяроддзя. Што ж робіцца ў гэтым накірунку на Драгічыншчыне? На пытанне сёння адказваюць і дзеляцца сваімі развагамі некаторыя жыхары раёна.

В.В.ВАЛОШКА, выконваючы абавязкі начальніка раённай інспекцыі

прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Чалавек, як вядома, не можа абысціся і некалькі мінут без паветра, яму патрэбны вада, ежа, рэчы хатняга ўжытку… Ды ці лёгка пералічыць усё тое, што дае нам прырода?

Аднак прырода не можа быць невычарпальнай, калі з ёю абыходзіцца не па-гаспадарску. Таму клопаты аб захаванні, разумным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, іх памнажэнні – справа не толькі дзяржавы, але і кожнага чалавека ў паасобку.

Важнай умовай аздараўлення экала-гічнай абстаноўкі з’яўляецца ўдасканальванне прыродаахоўнага заканадаўства і ўсёй нарматыўнай базы ў гэтай галіне. За апошнія гады парламент Беларусі прыняў многія асноўныя дакументы, якія рэгламентуюць сферу прыродакарыстання. Сярод іх – законы Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя”, “Аб адходах вытворчасці і спажывання”, “Аб экалагічнай экспертызе” і іншыя. Акрамя гэтага, урадам зацверджаны доўгатэрміновыя сацыяльныя праграмы, што вызначаюць экалагічную палітыку краіны.

За апошнія 10 гадоў узровень забруджвання прыроднага асяроддзя ў рэспубліцы, у тым ліку і нашым раёне, значна знізіўся. Выкіды шкодных рэчываў скараціліся амаль у тры разы, скіды забруджаных сцёкавых вод – больш як у 10 разоў. Гэта перш за ўсё вынік удасканалення сістэмы кіравання і кантролю ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, правядзення экалагічнай экспертызы праектаў будаўніцтва і рэканструкцыі ўсіх відаў вытворчасцей.

У Беларусі створана 8 Рамсарскіх тэрыторый, якія маюць міжнароднае значэнне ў якасці месц насельнікаў вода-плаўных  птушак, 2 з якіх размешчаны на тэрыторыі нашага раёна. Гэта заказнікі рэспубліканскага значэння “Спораўскі” і “Званец”.

Агульная плошча асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый і аб’ектаў Драгічыншчыны — 25,8 тысячы гектараў, што складае 14% тэрыторыі раёна.

Яшчэ востра ў нас стаіць праблема чысціні вадаёмаў. Не сакрэт, што ад багатага прымянення на палях раёна ядахімікатаў, дзе-нідзе ў вадаёмах гіне рыба, наогул усё жывое. Па-ранейшаму не наведзены належны парадак са стыхійнымі звалкамі смецця. Яны часта ўзнікаюць на ўскраіне вёсак, лясных угоддзяў, што зусім недапушчальна.

Бясспрэчна, улонне прыроды – добрае месца для адпачынку. Аднак часта азмрочваецца настрой, калі бачыш на маляўнічым узлеску параскіданыя шматкі паперы, іржавыя бляшанкі ад кансерваў, поліэтыленавыя і шкляныя бутэлькі, плямы ад нафтапрадуктаў, месцы ад вогнішчаў, паламаныя дрэўцы.

Экалагічная свядомасць і адукацыя ўяўляюць сабой усебаковы і працяглы працэс. Таму ў дзіцячых садах, школах і бібліятэках дзеці павінны атрымліваць максімум спецыяльных ведаў і авалодваць азамі экалагічнай культуры.

Наша райінспекцыя прыдае важнае значэнне ўмацаванню кантактаў з грамадскімі экалагічнымі арганізацыямі, прыцягненню іх у сумесную работу, накіраваную на аздараўленне і ахову навакольнага асяроддзя. Разам са школьнікамі, студэнтамі арганізоўваліся і праводзіліся акцыі па ўборцы лясных масіваў і прыбярэжных зон, выставы экалагічнай накіраванасці, конкурсы, “круглыя сталы” з удзелам вучоных, спецыялістаў-эколагаў і г.д.

У.М.ВАЖЫНСКІ, галоўны ляснічы ДЛГУ “Драгічынскі лясгас”:

— Шматбаковае значэнне лясоў і працягласць іх вырошчвання надаюць справе рацыянальнага выкарыстання, зберажэння і прымнажэння лясных багаццяў характар агульнадзяржаўнай задачы.

Вялікія клопаты аб лесе праяўляюцца і ў нашым раёне. Лясгас з дапамогай школьнікаў штогод стварае новыя насаджэнні. Толькі сёлета маладыя лясы пасаджаны на 101 гектары. У Юзэфінскім лясніцтве закладзены гадавальнік больш як на 5 гектарах, дзе вырошчваюцца разнастайныя пароды дрэў. Для далейшага лесааднаўлення мы кожны год нарыхтоўваем нямала насення, праводзім догляд лесакультур на тысячах гектараў. Рэгулярна на значных плошчах праводзім высечкі догляду і санітарныя высечкі.

На 56 тысячах гектараў раскінуліся ўгоддзі нашага лясгаса, у якім сёння працуюць 250 чалавек. Усе яны праводзяць вялікую работу па ахове лясоў ад пажараў і браканьераў, ад энтамалагічных шкоднікаў і грыбковых захворванняў. Значныя поспехі дасягнуты і ў галіне механізацыі лесагаспадарчай вытворчасці. У вёсцы Гаравіца дзейнічае цэх па пера-працоўцы драўніны. Яго прадукцыя па-стаўляецца як на ўнутраны, так і замежны рынак. Набыты два новыя лясныя камбайны швейцарскай вытворчасці “Харвестар” і “Фарвардзер”, якія значна аблегчылі работу нашых лесаводаў.

Хачу адзначыць, што намаганнямі работнікаў лясгаса дасягнуты значныя поспехі як у вытворчай дзейнасці, так і ў ахове і памнажэнні лясных багаццяў. Выдатных вынікаў дабіваюцца калектывы Новапапінскага лясніцтва (ляснічы У.В.Шкілюк), Юзэфінскага (ляснічы М.П.Білевіч).

Шмат працы, энергіі і старання ў паляпшэнне гаспадарчай дзейнасці, ахову лясоў уносяць леснікі Генадзь Сцяпанавіч Камінскі з Новапапінскага лясніцтва, Мікалай Паўлавіч Касяк з Юзэфін-скага, Сяргей Генадзьевіч Шульжэнка з Антопальскага лясніцтва і многія іншыя.

Дарэчы, 2011 год рашэннем Генеральнай асамблеі ААН аб’яўлены Міжнародным годам лясоў. А гэта абавязвае нас сёлета працаваць як мага лепш. Тым больш, што яшчэ не перавяліся ў раёне лесапарушальнікі і браканьеры, іншы раз здараюцца самавольныя высечкі, лясныя пажары. Таму прыкладзем усе намаганні, каб выкараніць гэтае зло, а колькасць сяброў лесу памножыць.

П.К.ПАДЛУЖНЫ, жыхар в.Белін, аматар

прыроды, член грамадскага аб’яднання “Ахова птушак “Бацькаўшчыны”:

— Асавецкі сельвыканкам рэгулярна ў цэнтры ўвагі трымае пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў. Штогод з надыходам вясны жыхары сельсавета прымаюць актыўны ўдзел у рамонце і афарбоўцы платоў, азеляненні.

З вясны і да позняй восені нашы вёскі патанаюць у зеляніне. А як прыгожа, калі зацвітаюць сады! Яны, дарэчы, ёсць амаль на кожным прысядзібным участку. Любяць у нас і кветкі. Іх догляд – прыемны занятак вучняў Асавецкай і Белінскай агульнаадукацыйных сярэдніх школ.

Непаўторную прыгажосць прыроды Беларусі нельга ўявіць без зеляніны лясоў, блакітных азёр, павольных у сваім цячэнні вялікіх і малых рэк. І за гэтае багацце вадаёмаў нашу рэспубліку называюць блакітнавокай.

У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя непадалёку ад в.Белін было пабудавана штучнае возера з люстрай вады звыш 60 гектараў. Яно з цягам часу стала лю-бімым месцам адпачынку жыхароў не толькі навакольных вёсак, але і іншых. Сюды на рыбалку прыязджалі жыхары Драгічына і больш далёкіх населеных пунктаў. Прыцягальным стала возера і для дзікіх гусей, качак, лебедзяў, цапляў, іншых водаплаўных птушак.

У гонар 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне настаўнікі і вучні Бе-лінскай школы пасадзілі на беразе возера 50 маладых бярозак. Рабілася  ўсё, каб стварыць тут утульнасць, прыгажосць, каб вадаём служыў любімым месцам адпачынку для людзей.

А цяпер на возера балюча глядзець. Многія бярозкі паламаны, знішчаны. Не стала тут і абнаўляцца вада. Возера паступова зарастае, мялее. Дарэчы, аб гэтай праблеме я пісаў ужо на старонках райгазеты ў 2007 годзе. Прайшло чатыры гады, але нічога ў лепшы бок не змянілася. А шкада…

***

Як бачым, кожны рэспандэнт падзя-ліўся сваімі праблемамі адносна аховы навакольнага асяроддзя. З іх меркаванняў вынікае, што свет прыроды ва ўсіх яе праяўленнях непаўторны і яго трэба берагчы. Таму ў кожнага чалавека неабходна выхоўваць пачуццё асабістай адказнасці за наш агульны дом, глыбокай унутранай перакананасці ў справе беражлівых адносін да прыроды.

Аляксей СЯРГЕЙ

 

 

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Беларуси начинается выплата материальной помощи ко Дню Победы

В Беларуси начинается выплата материальной помощи ко Дню Победы....

Белорусские ученые работают над созданием отечественной красной породы коров

Белорусские ученые активно работают над созданием отечественной красной породы...

Ментальный арифметик из Дрогичина покоряет международные вершины

В мире, где каждый день приносит новые вызовы, особенно вдохновляют...

В Дрогичинском районе горела сельскохозяйственная машина

2 мая в 13-36 спасателям поступило сообщение о загорании...