Надвор’е сапраўды расшчодрылася і падаравала яшчэ адзін пагодлівы дзень – 2 верасня, каб сельскія працаўнікі, якія паспяхова завяршылі ўборку зерневых, у спрыяльных і камфортных кліматычных умовах адсвяткавалі абласныя “Дажынкі-2017”. Сёлета галоўнае свята хлебаробаў вярнулася да сваіх вытокаў – на Століншчыну, дзе ў 1996 годзе – больш двух дзясяткаў гадоў таму назад – стартавала першае аналагічнае мерапрыемства, якое з тае пары стала традыцыйным. Затым фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі пачаргова праходзілі ў многіх гарадах Брэстчыны, у тым ліку – двойчы і ў нашым Драгічыне. А ў бягучым годзе сталіцай абласных “Дажынак” стаў слаўны Давыд-Гарадок. Фестываль-кірмаш раскінуў свае рады ў жывапіснейшым месцы, адразу за мостам праз раку Гарынь, на адноўленай вуліцы, што выводзіла да галоўнай плошчы, дзе ўстаноўлены велічны помнік заснавальніку гэтага мястэчка – князю Давыду. Калі б ён мог паглядзець, колькі людзей сабралася на гэтых старажытных вуліцах праз 900 гадоў пасля яго ўладарання, калі б мог пачуць, колькі разоў згадвалася яго імя вуснамі ўдзячных нашчадкаў!..
З самай раніцы мястэчка поўнілася вясёлым шматгалоссем, пахам шашлыкоў і іншых смакоццяў, паўсюль і на ўсе лады гучалі музыка і песні. Людзі гаманілі, здзіўляліся, захапляліся… Але ж усе яны ў глыбокай пашане расступіліся, шчыра вітаючы віноўнікаў урачыстасці – перадавікоў жніва, якія святочнай калонай прайшлі да цэнтральнай плошчы Давыд-Гарадка. Сваё пачэснае месца ў яе радах заняла і дэлегацыя Драгічыншчыны, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Аляксандр Вітальевіч Дарашэнка. У асноўным яе саставе былі працаўнікі-пераможцы абласнога спаборніцтва на ўборцы зерневых, прадстаўнікі тутэйшых сельгаспрадпрыемстваў і іх партнёры па аграпрамысловаму комплексу.
З боку прахожых, што віталі прадстаўнікоў нашага раёна, якіх можна было пазнаць па адмысловых шаліках блакітнага колеру з выявай герба Драгічына, час ад часу чуліся шчырыя воклічы: “Дзякуй за мінулагоднія “Дажынкі” ў вашым горадзе”, “Прывітанне Валаўлю і Закозелю”, “Малайцы, Осаўцы!”. Было прыемна ўсведамляць, што ў Давыд-Гарадку абуладкавалася нямала нашых землякоў, якія і сёння неабыякавыя да спраў, што адбываюцца на іх малой радзіме.
А тым часам у калоне перадавікоў да плошчы ўшанавання падыходзілі лепшыя хлебаробы вобласці. У іх ліку было і некалькі прадстаўнікоў нашага слыннага сельгаскааператыва “Асавецкі” на чале з яго старшынёй Станіславам Іосіфавічам Цынкусам.
Пастаянным пераможцам “Дажынак” у апошнія гады становіцца старшы аператар зернесушыльнага комплексу гэтай гаспадаркі Пётр Пятровіч Раманюк.
Расказваючы аб адметнасцях сёлетняга жніва, ён з гонарам адзначыў, што калі летась праз зернесушыльны комплекс сельгаспрадпрыемства прайшло 6670 тон зерня, то сёлета гэта лічба вырасла да 7684 тон. Асноўная нагрузка, па словах П.П.Раманюка, выпала на першыя дні жніва, калі камбайны выйшлі ў поле неўзабаве пасля дажджоў. З раніцы іншым разам вільготнасць збожжа дасягала 25%, і яго даводзілі да неабходнай кандыцыі – 12-13%. “Неяк было, – прыгадвае Пётр Пятровіч, – што КЗС працаваў і да раніцы. Але ж у асноўным работу на гэтым участку ў гаспадарцы каля паўночы завяршалі. А ў апошнія дні жніва, калі гарачыня на вуліцы дасягала 30 градусаў, дасушвалі зерне, якое ўбіралася роснымі ранкамі, а так была патрэба толькі даачысціць сабранае збожжа. Так што ўсё гэта – звыклая работа”, – прызнаецца П.П.Раманюк, дадаючы пры гэтым, што дабівацца штогадовых поспехаў і перамог у спаборніцтве яму дапамагае зладжаная работа ўсяго калектыву, бо на ўраджай у СВК “Асавецкі” працуюць усёй гаспадаркай.
У страі лепшых хлебаробаў бягучага года – і маладзёжны камбайнерскі экіпаж, у складзе якога шчыравалі Аляксандр Іванавіч Грыневіч і Уладзімір Аляксандравіч Мядзведзь.
“Разам працуем не першы год, у кожнага з нас – свае абавязкі, якія кожны дасканала ведае і дакладна выконвае. І яшчэ – у нашым экіпажы няма старшага і памочніка: мы абодва – раўнапраўныя камбайнеры”, – скажа аб нядаўнім старанні на жніве прадаўжальнік сямейнай хлебаробскай дынастыі, неаднаразовы пераможца спаборніцтваў на ўборцы ўраджаю зерневых А.І.Грыневіч, які ў паўсядзённасці працуе інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка СВК “Асавецкі”.
Пазней усе прадстаўнікі гэтай гаспадаркі на абласных “Дажынках-2017” былі ўшанаваны на галоўнай сцэне мерапрыемства і атрымалі ўзнагароды ў адпаведных намінацыях.
Афіцыйную цырымонію свята хлебаробаў у Давыд-Гарадку адкрыў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Васільевіч Ліс. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў: “Нягледзячы на тое, што тэрміны ўборкі сёлета змясціліся, жніво прайшло, як ніколі, арганізавана. Валавы збор зерня каласавых на Брэстчыне склаў больш за 1,2 млн. тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,7 цэнтнера з гектара. Паказчыкі не рэкордныя, але дастаткова высокія…
Свае асаблівасці былі ў кожным рэгіёне, аднак вынікі ва ўсіх дастойныя. Тры раёны – Баранавіцкі, Пружанскі і Кобрынскі – пераадолелі рубеж у 100 тысяч тон. Самая высокая
ўраджайнасць дасягнута ў
Брэсцкім раёне – 48 цэнтнераў з гектара, 44 цэнтнеры зерня на круг сабралі ў Баранавіцкім, па 43 – у Камянецкім і Пружанскім раёнах… Жніво паказала нашы сілы і магчымасці, дало неабходныя ўрокі, і цяпер, абапіраючыся на гэты вопыт, будзем працаваць на ўраджай будучага года”, – адзначыў А.В.Ліс. Тым больш, што ў перспектыве стаіць задача атрымаць на Брэстчыне не менш за 1,5 мільёна тон зерня.
У сваім выступленні губернатар вобласці таксама паведаміў, што адсюль, з Давыд-Гарадка, пачынаецца новая традыцыя: праводзіць свята “Дажынак” у малых гарадах. Адпаведна, у наступным годзе яно пройдзе ў горадзе Высокае Камянецкага раёна, а ў 2019 – у Ружанах на Пружаншчыне…
Затым старшыня аблвыканкама Анатолій Васільевіч Ліс, а пазней і яго першы намеснік Мікалай Васільевіч Токар уручылі заслужаныя ўзнагароды пераможцам сёлетняга жніва: кіраўнікам раёнаў і гаспадарак, галоўным спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў, экіпажам камбайнераў, вадзіцелям, машыністам зернесушыльных комплексаў. Са святочнай сцэны “Дажынак-2017” удзячныя словы земляробам і іх партнёрам па аграпрамысловаму комплексу адрасавалі прадстаўнікі многіх міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый Рэспублікі Беларусь.
Не засталіся без заахвочванняў і прадстаўнікі нашага раёна. У прыватнасці, старшыня СВК “Асавецкі” С.І.Цынкус атрымаў узнагароду ў намінацыі “ Лепшы кіраўнік сельгаспрадпрыемства” Брэстчыны. Дыпломы пераможцаў абласнога спаборніцтва былі ўручаны таксама старшаму аператару КЗС П.П.Раманюку і маладзёжнаму экіпажу А.І.Грыневіча і У.А.Мядзведзя з гэтай жа гаспадаркі.
З пранікнёнымі словамі да ўдзельнікаў “Дажынак” у Давыд-Гарадку звярнуўся міністр лясной гаспадаркі М.М.Амельяновіч, які агучыў вынікі традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу па эфектыўнаму землекарыстанню і высокай культуры земляробства. У ліку яго пераможцаў быў названы Драгічынскі сельсавет, які ўзначальвае Т.П.Юрашэвіч. Пазней, трымаючы ў руках пасведчанне на атрыманне новага трактара, Таццяна Пятроўна адзначыць, што да гэтай перамогі калектыў сельвыканкама прывяла мэтанакіраваная работа з пустуючымі ўчасткамі. Прынамсі, апошнім часам каля 20 гектараў безгаспадарчай зямлі ў населеных пунктах сельсавета было прадастаўлена грамадзянам, якія пажадалі вырошчваць клубніцы, маліну, іншыя сельгаскультуры. І карысць ад гэтага відавочная: не толькі людзям, але і зямлі, якая належным чынам даглядаецца і прыносіць аддачу.
Са святочнай сцэны былі агучаны вынікі абласнога конкурсу-агляду па добраўпарадкаванню населеных пунктаў, і тут прадстаўнікі Драгічыншчыны сабралі цэлы букет узнагарод, якія прынялі: старшыня Драгічынскага райвыканкама Аляксандр Вітальевіч Дарашэнка, старшыня Хомскага сельвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Заверач і яго калега з Папіны Валерый Аляксеевіч Кірычук. А гэта значыць, што і ў нашым райцэнтры, і ў вышэйназваных аграгарадках, якія не першы раз адзначаюцца ў такой намінацыі, не толькі наведзены, але і пастаянна падтрымліваецца належны парадак.
А потым, пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання, на сцэну “Дажынак-2017” выйшлі лепшыя аматарскія калектывы вобласці. Шмат смеху і добрых эмоцый выклікалі самадзейныя артысты народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, якія выехалі да святочнай сцэны на… сапраўдным лімузіне, па-заліхвацку выступіў і народны ансамбль “Зараначка” Драгічынскага ГДК. А ў “Горадзе майстроў”сваім умельствам захаплялі нашы таленавітыя рамеснікі Галіна Міхайлаўна Сцепанюк з Антопаля, Ніна Лукінічна Янушчык з Бездзежа. Майстар-клас па маляванню праводзіў і мастак Міхаіл Аляксеевіч Майбародзін са сваімі вучнямі…
А бліжэй да вечара, калі свята спакваля пачало паварочваць да схілу, мы таксама накіраваліся ў зваротны шлях. І па ўсяму нашаму маршруту, ад Давыд-Гарадка да Драгічына, на сельгасугоддзях паабапал дарогі кіпела работа. Працавалі людзі і тэхніка, рыхтавалі палі пад новы ўраджай зерневых… Не для славы, а для таго, каб і ў наступным годзе мець самае каштоўнае, што можна параўнаць з жыццём, – хлеб…
Галіна ШАФРАН
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА