У мінулую пятніцу, 8 верасня, у мясцовым храме кнігі – цэнтральнай раённай бібліятэцы, чакалі высокага госця – нашага земляка, намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь В.І. Жарко. Супрацоўнікі ўстановы хваляваліся, перажывалі, як яны будуць вітаць і аб чым гаварыць са сваім вядомым суайчыннікам. Усё ж такі падобныя сустрэчы ў бібліятэчнай справе – з’ява надзвычай рэдкая і нетыповая.

Наш зямляк, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васілій Іванавіч Жарко ў прысутнасці намесніка старшыні аблвыканкама Алега Іванавіча Вялічкі і старшыні райвыканкама Аляксандра Вітальевіча Дарашэнкі перадае адзін з экземпляраў факсімільнага выдання намесніку дырэктара РЦБС Марыне Паўлаўне Валадкевіч

Але ж трывогі аказаліся дарэмнымі. Васілій Іванавіч прыехаў на малую радзіму з намерам уласнымі вачыма ацаніць справы і настрой землякоў і падтрымаць іх добрыя ініцыятывы. І сваёй усмешлівасцю, адкрытасцю і добразычлівасцю ён хутка выклікаў у адносінах да сябе пачуццё даверу і шчырую прыхільнасць прысутных.

У Драгічынскую бібліятэку намеснік прэм’ер-міністра нашай рэспублікі В.І. Жарко зайшоў у суправаджэнні намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алега Іванавіча Вялічкі, старшыні райвыканкама Аляксандра Вітальевіча Дарашэнкі, яго намесніка Уладзіміра Іванавіча Нерада і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Леаніда Сцяпанавіча Куроўскага. Васілій Іванавіч выказаў жаданне прайсціся па залах бібліятэкі, распытваючы ў супрацоўнікаў аб тым, што часцей усяго чытаюць нашы сучаснікі і якіх кніг сёння не хапае ў бібліятэцы. Намеснік дырэктара раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марына Паўлаўна Валадкевіч і загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Алена Рыгораўна Курылюк выказалі пажаданне мець больш шырокі выбар навуковай і дапаможнай літаратуры па розных школьных прадметах, а таксама выданняў спартыўнай тэматыкі.

Далей намеснік прэм’ер-міністра нашай рэспублікі В.І. Жарко з зацікаўленасцю пачаў распытваць пра Драгічынскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, пра дасягненні яе выхаванцаў, і быў прыемна здзіўлены, што спартсменка Ганна Малышчык, за выступленнямі якой ён сачыў на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане, – ураджэнка Драгічына, наша зямлячка.

У ходзе экскурсіі па бібліятэцы добрую ацэнку ганаровага госця заслужылі дзіцячая бібліятэка, нядаўна абуладкаваны забаўляльны пакой для дашкалят і чытальная зала. А затым сустрэча перацякла ў актавую залу, дзе адбылася вельмі важная падзея ў гісторыі існавання Драгічынскай бібліятэкі: намеснік прэм’ер-міністра нашай рэспублікі падараваў установе сапраўды неацэнны нацыянальны скарб – 21-томнае факсімільнае перавыданне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Кнігі з арыгінальным дызайнам, у багатых вокладках, былі прэзентаваны ў прыгожа аздобленай скрыні з адметным надпісам “Кніжная спадчына Францыска Скарыны. Факсімільнае ўзнаўленне. Праект рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Банкам БелВЭБ да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”. Вядома, што падобныя падарункавыя выданні былі перададзены ў буйнейшыя навуковыя, культурныя, грамадскія ўстановы Беларусі і замежных краін. Першыя асобнікі ўжо трапілі ў бібліятэкі Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Чэхіі. А цяпер гэтым каштоўным скарбам змогуць скарыстацца і чытачы Драгічыншчыны.

У час нядаўняй сустрэчы добрым словам Васілій Іванавіч узгадаў і сваю родную вёску Леснікі, сваіх настаўнікаў і аднакласнікаў.

“У часы маёй маладосці многія вясковыя дзеці імкнуліся хутчэй набыць прафесію. Я таксама пасля заканчэння 8-мі класаў паступіў у медвучылішча, потым служыў у арміі ваенным фельчарам. Вярнуўшыся, вырашыў прадоўжыць вучобу ў медінстытуце, але паступіў туды толькі з другой спробы, выбраўшы ў якасці спецыялізацыі педыятрыю, – шчыра расказваў В.І.Жарко.

– Па праўдзе кажучы, я і на цяперашняй пасадзе жыву з перакананнем, што я – доктар, а доктар не можа быць бяздушным. Іншым разам мне тэлефануюць людзі, якіх я зусім не ведаю. У тым ліку і адсюль, з Драгічыншчыны. Але я ведаю другое: калі чалавек знайшоў мой нумар тэлефона і дайшоў да майго кабінета, значыць, у яго бяда і яму неабходна падтрымка. І тут маё сумленне чыстае, таму што ўсім, хто звяртаўся і каму я мог дапамагчы вырашыць яго праблемы, – дапамагаў. Бо чыноўнік, гэтак жа як і доктар, не можа, не павінен быць бяздушным, – прызнаўся наш зямляк.

Калі ж гаворка зайшла аб тым, якія творы любіў чытаць будучы міністр і член урада ў школьныя гады і якія чытае зараз, Васілій Іванавіч зазначыў, што кожнаму ўзросту – свае кнігі, і распавёў, што ў дзяцінстве запоем чытаў творы Жуля Верна, потым значную ўвагу ўдзяляў спецыяльнай медыцынскай літаратуры. Цяпер, як зазначыў ганаровы госць у час наведвання Драгічынскай бібліятэкі, часу на гэты занятак застаецца нямнога, але калі такая магчымасць выпадае, то перавага аддаецца філасофскім кнігам, якія наводзяць на роздум і разважанні…

 Акрамя гэтай сустрэчы, наш зямляк, намеснік прэм’ер-міністра В.І.Жарко наведаў таксама ААТ “Экзон”, Драгічынскі аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй, а потым накіраваўся да сваіх вытокаў – у родную вёску Леснікі. А супрацоўнікам бібліятэкі на развітанне Васілій Іванавіч паабяцаў, што кожны раз, збіраючыся ехаць на радзіму, ён будзе прывозіць сюды кнігі.

Каштоўнейшы дар — факсімільнае перавыданне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны — цяпер ёсць і ў Драгічынскай бібліятэцы

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА