spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

2017 год – Год навукі. Аб сваіх навуковых здабытках расказвае ўраджэнец Драгічыншчыны, вучоны Фёдар Данілавіч Клімчук

Дата:

Сёння мы з асаблівым захапленнем збіраем, вывучаем, захоўваем многія самабытныя ўзоры народнай творчасці – абрады, рамёствы, традыцыі, далучаем да іх вывучэння дзяцей і моладзь, і гэта справа падтрымліваецца і заахвочваецца на дзяржаўным узроўні. Але ж не меншым духоўным здабыткам у скарбонцы народных багаццяў з’яўляюцца і самабытныя палескія дыялекты, якія ўзбагачаюць і сілкуюць дзяржаўную мову, напаўняючы яе непаўторным нацыянальным каларытам.

Ф.Д. Клімчук у маладыя гады
Ф.Д. Клімчук у маладыя гады

Усё сваё свядомае жыццё вывучэнню тутэйшых гаворак прысвяціў ураджэнец вёскі Сіманавічы, адзін са стваральнікаў кнігі “Памяць. Драгічынскі раён” Фёдар Данілавіч Клімчук. Паводле афіцыйнай інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў многіх даведніках, у тым ліку – і ў “Вікіпедыі”, наш зямляк нарадзіўся 27 лютага 1935 года ў вёсцы Сіманавічы. Скончыў Пінскі настаўніцкі інстытут, гістарычны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Навучаўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся”, з’яўляецца аўтарам больш чым двухсот навуковых работ, у ліку якіх “Гаворкі Заходняга Палесся.Фанетычны нарыс”. У 2000-м годзе ў складзе аўтарскага калектыву Фёдар Данілавіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук за цыкл работ “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (у пяці тамах).

Зараз наш слынны зямляк жыве ў Мінску, знаходзіцца на заслужаным адпачынку, падтрымлівае сувязі са сваімі аднадумцамі і землякамі. Адзін з іх – Леанід Канстанцінавіч Гарбейка, збіральнік матэрыялаў па гісторыі роднай вёскі Сіманавічы і прыхільнік навуковых работ Ф.Д.Клімчука, і звёў мяне з навукоўцам-даследчыкам. Некалькі гадзін доўжылася наша гаворка з чалавекам, які з’яўляецца збіральнікам і захавальнікам неацэннага скарбу – мовы нашых продкаў, якая пакуль не перастае гучаць і ў сучасных аграгарадках і вёсках…

– Фёдар Данілавіч, раскажыце, дзе, у якой сям’і вы нарадзіліся і раслі? І што памятаеце са свайго дзяцінства?

– Жылі мы на хутарах пад назвай “Карчы”, якія адносіліся да вёскі Сіманавічы і з усіх бакоў былі акружаны алешынай, ці, як у нас казалі, “гольшыною”. Бацькі працавалі на зямлі. Я быў у сям’і першым, а за мной ішлі яшчэ пяцёра дзяцей – Лёня, Сеня, Ніна, Ліда, Вася. Добра памятаю святок, які праходзіў у бліжэйшай, Ласінскай, царкве напрыканцы лета, на свята Успення, ці, як гавораць у нашай мясцовасці – на Сплынне. За царкоўнай агароджай спыняліся вазы з грушамі, яблыкамі, іншымі тагачаснымі смакоццямі, і абавязкова прыязджаў фатограф. Менавіта там быў зроблены мой першы дзіцячы фотаздымак.

Наш бацька быў заўзятым “кніжнікам”і перачытаў ці не ўсю літаратуру, што мелася ў ваколіцы. Ён і дзяцей да гэтага падахвочваў, прыгаворваючы:”Навуку за плячыма не носяць”. У тых умовах яшчэ да школы мяне навучылі чытаць адразу на чатырох мовах. Як вы думаеце, на якіх?

–?!

– На рускай, польскай, беларускай, украінскай. Польскую вывучаў па падручніку “Прырода”, які прынесла мая дваюрадная сястра, на рускай мове быў “Букварь”, на беларускай – “Чырвоныя зорачкі”, чацвёртай стала гістарычная кніга “Петрусь Шкода” Міхайла Серады на ўкраінскай мове.

Першыя тры класы я закончыў у Сіманавічах, дзе школа нават напачатку вайны не была закрыта. А потым сяло спалілі немцы, а школу – партызаны, каб у карнікаў не было магчымасці выкарыстаць гэты дабротны будынак у сваіх мэтах. Памятаю, як гарэла наша школка. У той час я якраз гнаў пасвіць кароў і з хутара бачыў, як уверх, кароткімі выбухамі, падымаліся слупы дыму і агню.

Чацвёрты клас я закончыў ужо ў суседняй, Вулькаўскай, школе. А далей пайшоў у Драгічын. На час вучобы бацькі здымалі мне месца на кватэры, за што кожны месяц плацілі гаспадарам, наколькі мне помніцца, паўпуда, а пазней – пуд жыта.Магчыма, вучачы нас, дзяцей, яны ў многім сябе ўшчымлялі, але ўсе мае браты і сёстры паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Школу я закончыў у 1952 годзе і адразу падаў дакументы ў Пінскі настаўніцкі інстытут.

– А якія абставіны ці людзі паўплывалі на тое, што вы выбралі менавіта гэту прафесію?

– Такі быў час, што настаўнікаў тады не хапала. А я захапляўся гісторыяй, і асабліва мяне цікавілі старажытныя часы, таму і паступіў на гістарычны факультэт. Не апошнюю ролю ў маёй, як сёння кажуць, прафесійнай арыентацыі сыграла і тое, што я вельмі добра сябраваў са сваёй бабуляй Таццянай і дзядуляй Фёдарам па бацькоўскай лініі, імем якога мяне назвалі. Яны былі педагогамі і псіхолагамі не па адукацыі – ад прыроды. Памятаю такія моманты: не атрымліваецца ў мяне задачка, я злуюся, пачынаю нервавацца. А мая непісьменная бабуля падыйдзе і супакойвае: “Ідзі крыху адпачні, Федзька, а потым вернешся да задачкі, падумаеш і ўсё атрымаецца”. І праўда: звычайна выходзіла так, як яна і гаварыла.

Педагагічную практыку я праходзіў у Пінску, а настаўнічаць пачаў у вёсцы Відзібар на Століншчыне. Пазней працаваў у школах Драгічынскага раёна – пераважна ў Сіманавіцкай, а таксама ў Завершскай, Субацкай, Ласінскай і іншых.

– Фёдар Данілавіч, калі і навошта вы пачалі запісваць тутэйшыя дыялекты, песні, паданні, і якім чынам у далейшым гэта стала вашым прафесійным заняткам?

– Я вельмі любіў свае мясціны, да якіх быў прывязаны, любіў вясковую мову, якую чуў і ведаў з дзяцінства, і мне было крыўдна, што людзі, трапляючы ў гарады ці на вышэйшыя пасады, саромеюцца сваёй адмысловай палескай гаворкі і стараюцца хутчэй ад яе адтараскацца. А між тым, нашы тутэйшыя дыялекты – гэта багацейшы пласт культуры, і чым далей я паглыбляўся ў іх вывучэнне – тым больш у гэтым пераконваўся.

Я доўга разважаў над гэтай тэмай, у мяне ўжо быў накоплены пэўны матэрыял, і свае меркаванні аб стане самабытнай заходне-палескай гаворкі, якая можа знікнуць, я выказаў у пісьме, якое адправіў на адрас Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Адтуль мне прыйшоў адказ з парадай працягваць даследаванне мясцовых дыялектаў. І нават была даслана праграма, па якой прапаноўвалася весці гэту работу. Я быў акрылены такой падтрымкай і з цікавасцю прадоўжыў сваю любімую справу.

А пазней я даведаўся, што даследаваннем ў гэтым накірунку займаецца і праўнук вядомага рускага класіка Льва Мікалаевіча Талстога – Мікіта Ільіч, які жыў у Маскве, але рэгулярна арганізоўваў і ўзначальваў экспедыцыі на Палессе. К гэтаму часу я ўжо набыў некаторую смеласць і ўпэўненасць, і напісаў яму пісьмо, у якім распавёў пра свае інтарэсы і сабраны матэрыял. Так завязаліся нашы з ім шматгадовыя стасункі. Разам з Мікітам Талстым і іншымі аднадумцамі мы наведалі многія палескія рэгіёны, сабралі і запісалі багаты фальклорна-этнаграфічны і дыялектны матэрыял, які быў выкарыстаны і ў маіх навуковых работах. Нашы кантакты працягваліся да самай смерці Мікіты Ільіча…

– Якія са сваіх навуковых работ вы лічыце найбольш значнымі?

– Безумоўна, што адна з асноўных работ – “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак”, які выйшаў у пяці тамах і быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй.

– Са школы я памятаю толькі геаграфічны атлас, які, умоўна кажучы, адлюстроўвае прыродны ландшафт…

– А лексічны атлас такім жа чынам паказвае дыялектны ландшафт…

– А што вы можаце расказаць пра разнастайнасць народных гаворак нашай мясцовасці. Чым яны адрозніваюцца?

– Гэта даволі аб’ёмная тэма маіх даследаванняў. Калі ж гаварыць непасрэдна пра наш раён, то перш за ўсё неабходна адзначыць наступнае. Гаворкі Драгічыншчыны адносяцца да дыялектнай групы, якая ахоплівае тэрыторыю ад Бярэсця на захадзе да Століна на ўсходзе. Яны маюць некалькі назваў: гаворкі заходнепалескія, берасцейска-пінскія ці загародскія. Унутры гэтай групы выдзяляецца некалькі тыпаў, якія маюць шэраг лексічных, марфалагічных, фанетычных асаблівасцей. І найбольш распаўсюджаны на Драгічыншчыне сярэднезагародскія, паўднёвазагародскія, паўночназагародскія, тараканскія і радастаўскія гаворкі.

Прынамсі, я і мае аднавяскоўцы размаўляем на дыялекце сярэднезагародскага тыпу, да якога належыць традыцыйная гаворка Драгічына, большасці навакольных населеных пунктаў, а таксама Гошава, Заточча, Бездзежа, Закляцення, Застаўя і г.д. Для гэтага дыялекту характэрна мяккасць гучання: він, віз, хлопці, молодыця і г.д. Гэта пацвярджаецца і ўзорамі многіх дзясяткаў песень, якія я запісаў у сваёй роднай вёсцы Сіманавічы і яе ваколіцах:

 “Ны журі́тэся, вэ́рбонькы,

Шэ вэ́рныцьця высна́.

А мо́лодосьць ны вэ́рныцьця,

Ны вэ́рныцьця вона́”.

Паўднёвазагародскія гаворкі часткова бытуюць у населеных пунктах Дзеткавіцкага, Галоўчыцкага, Папінскага і іншых сельсаветаў, дзе на месцы галосных “о”нярэдка ўжываюць “і”: “більш, мій, кінь, віз, коріўка, поріг, жінка” і г.д

У традыцыйным паўночназагародскім дыялекце, які найбольш распаўсюджаны ў Антопалі, Хомску, Жаберы, Старамлынах, гэтыя словы будуць гучаць з характэрным галосным “у”:“ бульш, муй, кунь, вуз, корувка, поруг, жунка”.

Даволі спецыфічныя рысы – “аканне”–мае тараканскі тып гаворкі, якім карыстаюцца карэнныя жыхары Імянін і некаторых навакольных вёсак. Ёсць такая прыказка на тутэйшай мове: “Іду по стажцэ, дывлюся на набо, стукаю ў дварэ, ваходыть Хвадур і кажэ:” Добры вачур!” Вельмі цікавай з’яўляецца і гаворка старэйшых жыхароў Радастаўскага сельсавета, дзе, скажам, указальныя займеннікі “гэты, гэтая, гэтае, гэтыя ”, гучаць як “стой, ста, стэ, сты”. Уявіце, наколькі бяднейшай стане наша мова і наша самабытная культура з яе абрадамі, песнямі і былінамі, калі гэтыя гаворкі знікнуць.

Фёдар Данілавіч Клімчук у час прэзентацыі выдання “Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны” у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Фёдар Данілавіч Клімчук у час прэзентацыі выдання “Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны” ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

– Наколькі я ведаю, то, акрамя навуковых прац, вы займаліся перакладам на мову сваёй роднай вёскі Новага Запавету, а таксама твораў Л.М. Талстога, М.В. Гогаля і інш. А хто быў вашым дарадчыкам і рэцензентам у гэтай справе?

– Пакуль былі жывыя бацькі – чытаў ім свае пераклады і запісаныя ў нашай мясцовасці песні. Іншым разам яны гаварылі: “Быто і по-нашому, алэ надто далёкэ сыло”. І тады я працягваў работу, пакуль яны не ўсхвалялі: “А от гэто ўжэ нашэ!”

А пазней, калі бацькоў не стала, і калі з перакладам узнікалі цяжкасці, я проста разважаў, як бы ў гэтым выпадку сказала мая бабуля ці хто іншы са старэйшых вяскоўцаў.

– Узорам сусветнага фальклору многія лічаць расійскія быліны. А ці ёсць у нас што падобнае?

– Лічу, что нічым не горшыя і нашы абрадавыя, у прыватнасці, вясельныя песні…

– Падчас экспедыцый вам даводзілася чуць шмат розных аповедаў. Раскажыце што-небудзь вясёлае з колішняга тутэйшага жыцця.

– У час адной з экспедыцый расказвалі такую гісторыю. У польскія часы накіравалі ў нашы мясціны – у вёску Какорыца – маладую настаўніцу. Яна спачатку пайшла на “ярмарок”, а менавіта так у нашых мясцінах называлі базар, а потым пачала дапытвацца, хто ёсць з Какорыцы, каб даехаць да месца свайго назначэння. Знайшла спадарожніка, едуць. А Какорыца па тым часе размяшчалася на астраўках сярод балот, і да кожнага дома падступала вада. Пакуль дабраліся да вёскі – сцямнела, у дамах запалілі святло. А тыя агні ў вадзе адлюстроўваюцца, і ў цемры падалося, што ўсе дамы ў сяле – двухпавярховыя. Прыезжая польская настаўніца не вытрымала і ў захапленні прамовіла: “Какожыца таке дужэ място”. Што азначала: “Какорыца такі вялікі горад”.

Аб тым, што адчувала яна пазней, калі ўбачыла вёску пасярод балот пры дзённым святле – гісторыя ўмоўчвае…

Гэты непрыдуманы аповед, як і многія народныя песні і гаворкі, занатаваныя вучоным-лінгвістам, фалькларыстам, даследчыкам Ф.Д.Клімчуком, яскрава адлюстроўваюць жыццё і побыт нашых продкаў і з’яўляюцца нашым нацыянальным здабыткам, бясцэннай духоўнай спадчынай. Таму вельмі хацелася б, каб работы нашага земляка былі распаўсюджаны ў мясцовых бібліятэках, каб з імі знаёмілі тутэйшых школьнікаў, і каб навука па вывучэнню і сістэматызацыі дыялектаў, якой Фёдар Данілавіч прысвяціў сваё жыццё, не стала закончанай кнігай, а мела цікавы і пазнавальны працяг.

Галіна ШАФРАН

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Светлана Бартош встретилась с коллективом Дрогичинского ТЦСОН

Депутат Палаты Представителей рассказала всем присутствующим о ходе Всебелорусского...

На старте “малинового” сезона познакомились с начинающим фермером

Ни для кого не секрет, что Дрогичинщина славится как...

В кинотеатре «Беларусь» проходит общенациональная премьера фильма «Время вернуться»

Перед началом показа этой военно-исторической драмы киностудии Беларусьфильм, посвященной...

Во всех районах Беларуси ограничено посещение лесов

Во всех районах Беларуси введено ограничение на посещение лесов....