spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

АГДЭМЕР

Дата:

З пакалення ў пакаленне ў агдэмерскіх сем’ях перадаецца легенда аб паходжанні назвы вёскі. Быццам бы даўным-даўно, падарожнічаючы па палескім бездарожжы, занямог знатнага роду чалавек. У апошнія хвіліны свайго жыцця, азірнуўшыся наўкол, ён вымавіў: “О, где умер!” На месцы яго смерці неўзабаве была пабудавана часовенька. І пачалі сяліцца вакол яе звычайныя палешукі. Так паявілася ў нашых мясцінах вёска Агдэмер.

Праўда тое ці не – невядома. Некалькі ж месяцаў таму, працуючы з архіўнымі дакументамі, былы пракурор нашага раёна, пісьменнік Анатоль Дзенісейка звярнуў увагу на тое, што сёлета Агдэмеру спаўняецца 380 гадоў. Была створана ініцыятыўная група па падрыхтоўцы святкавання юбілею, у якую, у прыватнасці, увайшлі начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Васільевіч Шаляговіч, палкоўнік, былы супрацоўнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Пятро Іванавіч Еўтуховіч, падпалкоўнік, былы начальнік Драгічынскага райаддзела ўнутраных спраў Пятро Пятровіч Еўтуховіч. Усе трое – тутэйшыя, нарадзіліся і выраслі ў Агдэмеры.
… Залатымі шарамі сярод цёмна-зялёнай лістоты пабліскваюць на сонейку наліўныя яблыкі. Мнагалюдна на падворку ля хаты, дзе размяшчаюцца бібліятэка і Дом сацыяльных паслуг. Ад веснічак пачынаецца выстава вышываных работ мясцовых рукадзельніц. У цянёчку ля сцяны са сваімі вырабамі прытуліўся прыезджы разбяр па дрэве.
Юбілейная ўрачыстасць пачынаецца з малебена, які праводзіць свяшчэннік Вавуліцкай царквы Раства Багародзіцы айцец Сергій. На календары 19 жніўня. У гэты дзень праваслаўныя вернікі святкуюць яблычны Спас. Таму не толькі з юбілеем вёскі будуць гучаць віншаванні на свяце. Але, у першую чаргу, і са Спасам: спрадвеку жылі агдэмерцы са светлай верай у Хрыста.
А яшчэ людзі і неба пачуюць у гэты дзень мноства прызнанняў у сыноўняй і даччынай любові да роднай вёскі. Сёння ў Агдэмеры жывуць 194 чалавекі, з якіх 92 – пенсіянеры, а 26, наадварот, яшчэ нават не дасягнулі працаздольнага ўзросту. Найстарэйшай жыхарцы Агдэмера  — Ганне Міхайлаўне Шаляговіч споўнілася 87 гадоў, самаму малодшаму агдэмерцу – Даніілу Васільевічу Гапанюку – усяго толькі 1 год і 3 месяцы ад нараджэння. Самай вялікай з’яўляецца сям’ я Ігара Аляксандравіча і Наталлі Арсенцьеўны Марачук, дзе выхоўваюцца чацвёра дзетак. З асаблівай павагай адносяцца вяскоўцы да загадчыцы Дома сацыяльных паслуг, бібліятэкара Надзеі Улад-зіміраўны Ярмончык. Залатыя рукі ў гэтай жанчыны і цудоўны мастацкі густ: Надзея Уладзіміраўна ці не самая здольная вышывальніца ў Агдэмеры. А пенсіянер Канстанцін Рыгоравіч Федзюковіч праславіў родную вёску далёка за межамі Драгічынскага раёна. Здольны да гумару, жартаў і пляцення вырабаў з лазы, ён стаў прызёрам першага Міжнароднага фестывалю “Галасы Палесся”, дыпламантам абласнога фестывалю гумару, удзель-нічаў у рэспубліканскім конкурсе “Лазовыя карункі”.
Гэтыя людзі, а яшчэ стараста вёскі Павел Мікалаевіч Гутэль, фельчар Ганна Іванаўна Пратасевіч, паштальён Надзея Уладзіміраўна Каплун і былая настаўніца пачатковых класаў Юлія Андрэеўна Шаляговіч атрымаюць Падзякі ад Гутаўскага сельвыканкама і падарункі. З юбілеем агдэмерцаў будуць віншаваць старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Верамейчык, старшыня Гутаўскага сельвыканкама Алена Лазарак, дырэктар ПВУП “Гутава” Мікалай Лелеш, выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела культуры Таіса Строк.
… Тысячы разоў даводзілася выступаць на сцэне Уладзіміру Шаляговічу. І як чыноўніку, які ўзначальвае Іванаўскі раённы аддзел культуры, і як артысту, які выступае ў складзе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля “Палешукі”. Дзе толькі не давялося пабываць самадзейным іванаўскім артыстам! І ў многіх куточках Беларусі, і ў Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі. А выйшаў Уладзімір Васільевіч на сцэну ў родным Агдэмеры і расхваляваўся так, што нават голас задрыжэў. Углядваючыся ў збаразнёныя маршчынамі твары землякоў, ён успомніў, як гэтыя простыя, без педагагічнай адукацыі, людзі выхоўвалі сваіх дзяцей.
— Памятаю, як ішлі жанчыны палоць буракі, кукурузу альбо рваць лён і вялі з сабой дзетак. Жылі нашы бацькі адной дружнай сям’ёй, дзяцей выхоўвалі ў працы…
Уладзімір Васільевіч нізка пакланіўся землякам: за іх сумленнасць, высокі жыццёвы сэнс, за духоўнасць, за тое, што здолелі выгадаваць добрых дзяцей.
“З асаблівай удзячнасцю я ўспамінаю родную Гутаўскую школу, высокакваліфікаваных настаўнікаў, якія мяне вучылі, — гэта радкі з пісьма, якое з нагоды юбілею прыслаў землякам з Расіі прафесар, аўтар шматлікіх прац па экалогіі Міхаіл Міхайлавіч Брынчук. – Дзякуючы атрыманым у школе ведам я паступіў ва ўніверсітэт Дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. Універсітэт скончыў з чырвоным дыпломам, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Дасягнуць такіх вышынь мне дапамаглі закладзеныя ў дзяцінстве працавітасць, стойкасць і ўпорства.
Мая мама, якая ў маладыя гады стала салдацкай удавой, так і пражыла ўсё жыццё адна. Яна працавала не пакладаючы рук. Сэнс жыцця мама бачыла ў працы і ў клопатах аб дзецях. Да апошніх сваіх дзён я буду ўдзячны ёй за любоў і клопат, за пра-вільнае выхаванне.
Мама даўно пайшла з жыцця. Але я памятаю непаўторны пах толькі што спечанага пірагу, часночны водар пханай пальцам каўбаскі, дамашняга сальцісона, якія яна з любоўю гатавала да каляднага стала. Застаюся ўдзячным маёй вёсцы, маёй маленькай радзіме, маляўнічай і прыгожай…”
Невыпадкова шмат цёплых, шчырых слоў было выказана на свяце ў адрас Юліі Андрэеўны Шаляговіч. Разам з Надзеяй Якаўлеўнай Шаляговіч яна працавала ў мясцовай пачатковай школе. Так, так, была раней у Агдэмеры школа. Прычым, на зайздрасць сучасным настаўнікам, займаліся ў ёй ажно 56 вучняў. Так і не прызвычаілася першая настаў-ніца называць сваіх выхаванцаў па бацьку, нягледзячы на тое, што іх скроні пасерабрыла сівізна.
— Лепшы механізатар нашага калгаса Ігар Марачук –мой вучань, арганізатар сённяшняга свята Валодзя Шаляговіч – мой вучань, суддзя ў Брэсце Іна Гук – мая вучаніца, фельчар Аня Пратасевіч – мая вучаніца… — з гонарам пералічвала Юлія Андрэеўна, атрымаўшы слова.
Яна ўспомніла ўсё сваё жыццё, якое з моманту нараджэння непарыўна звязана з Агдэмерам. “Я з’яўляюся грамадзянкай гэтай вёскі 74 гады!” – падкрэс-ліла былая настаўніца. Другі год ішоў Юлі, калі памёр бацька. А праз 3 месяцы на свет паявілася яшчэ адна сіротка, малодшая сястра Галя. Маці тады было ўсяго 19 гадоў. Як цяжка ні прыходзілася, але старалася сялянка даць дзяўчатам адукацыю. Юля, як і марыла, стала настаўніцай.
Сёння пенсіянерка Юлія Андрэеўна Шаляговіч ганарыцца не толькі сваімі былымі вучнямі, але і ўласнымі дзецьмі, якіх яны з мужам нарадзілі трое. Усім далі вышэйшую адукацыю.
— Моладзі жадаю нараджаць дзетак, каб наша вёсачка не загінула, каб яшчэ многа пакаленняў агдэмерцаў святкавалі юбілеі, — звярнулася настаўніца-пенсіянерка да землякоў.
Са святам жыхароў Агдэмера віншавалі члены Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сітуха і Мікола Панасюк, якія таксама нарадзіліся на Драгічыншчыне, у вёсках Гутава і Галоўчыцы. З нагоды юілею Мікола Панасюк напісаў верш “Агдэмерскі вальс”, які быў пакладзены на музыку і прагучаў напачатку ўрачыстасці ў выкананні Уладзіміра Шаляговіча і ансамбля “Палешукі”. А пісьменнік Анатоль Дзенісейка, ураджэнец вёскі Вулька Антопальская, папрасіў агдэмерцаў прагледзец хатнія архівы. Анатоль Іванавіч мае намер выдаць кнігу пра гісторыю Агдэмера і яго жыхароў.
Ад лёгкіх павеваў ветрыку амаль непрыкметна гойдаліся абцяжараныя спелымі яблыкамі галіны. Час ад часу зрываўся цёплы летні дождж. Здавалася, усё наўкол спявала разам з самадзейнымі артыстамі. Сваё творчае майстэрства агдэмерцам дарылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Іванаўскага раёна, а таксама ансамбль “Суседзі” з Драгічышчыны.
… Знакаміты канадскі хакэіст Уэйн Грэтцкі, напэўна, ніколі так і не даведаецца, якое цудоўнае свята адбылося ў маленькай палескай вёсачцы, адкуль яго карані. Ды гэта, па-сутнасці, не так і важна. Важна іншае. Тое, што ўмеюць агдэмерцы ашчадна берагчы гісторыю сваёй зямлі, і што помняць пра ўсіх, хто выйшаў з гэтай зямлі ў вялікае жыццё. Як жа ганарыліся яны, калі пляменнік іх зямлячкі Уэйн Грэтцкі запальваў агонь Алімпійскіх зімовых гульняў у Ванкуверы!..
Ніна ТКАЧУК.
НА ЗДЫМКАХ: Агдэмер святкуе сваё 380-годдзе.
Фота Юрыя Сяргея.

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине прошел районный этап спортивно-патриотической игры «Зарница»

Площадкой для проведения игры, приуроченной в этом году к...

Александр Лукашенко раскрыл планы беглых и предупредил: разговор с ними не будет длинным

Президент Беларуси, председатель ВНС Александр Лукашенко на заседании VII...

Александр Лукашенко рассказал о наращивании ударно-наступательного потенциала НАТО вокруг Беларуси

Президент Беларуси, председатель VII Всебелорусского народного собрания Александр Лукашенко...