spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

АКНО Ў ПРЫРОДУ

Дата:

У нашых шыротах так ужо складваюцца ўмовы надвор’я, што самыя вя-лікія нечаканасці прыпадаюць на межы асобных сезонаў года. Вясна і лета не з’яўляюцца ў гэтых адносінах выключэннем. Калі прыняць за грань паміж імі павышэнне сярэднясутачнай тэмпературы паветра звыш 15 градусаў, то ў Нароўлі і Брагіне такое звычайна адбываецца 20 мая, у Брэсце, Драгічыне, Мазыры і Гомелі – 25, у Гродна, Баранавічах, Слуцку і Магілёве – 30 мая, а ў Расонах і Лёзна – 10 чэрвеня.
Можна вызначаць мяжу вясны і лета і па іншых прыкметах, напрыклад, па пачатку цвіцення каліны, бэзу або чырвонай канюшыны. Аднак усе яны вельмі ўмоўныя і залежаць ад многіх фактараў, прычым не толькі ад надвор’я, але і вышыні мясцовасці, яе лясістасці, блізкасці буйных вадаёмаў і г.д.
У першыя тыдні жыцця, пакуль арганізм жывёліны ці расліны не набраў яшчэ сіл, асабліва важны стабільныя і раўнамерныя ўмовы надвор’я. Праўда, якраз іх часам і не назіраецца ў маі. Для пацвярджэння ўзгадаю, што ў Мінску 19 мая 1952 года нават утварылася снежнае покрыва, снегапад без перапынку працягваўся 6 гадзін.
На шчасце, незвычайныя ўмовы надвор’я бываюць рэдка. Народны каляндар называе май “траўнем”. Справа ў тым, што на лясных палянах, прасеках, лугах ён рассцілае жывы дыван траў і кветак, над якімі лятаюць і гудуць пчолы, чмялі, восы і матылі. Надзвычай цікавы свет веснавых першацветаў. Вось, скажам, медуніца, якая зацвіла яшчэ ў красавіку. На адным сцябле некалькі кветак, але кожная мае свой колер: ружовы, блакітны, сіні, фіялетавы.
Прайдзіце ў цёмны ельнік. Тут яшчэ сыра і халаднавата, але вакол ужо цэлыя зараснікі маленькіх, кволых раслін – кісліцы звычайнай. У народзе яе яшчэ называюць “баршчоўкай”, “квасцом”, “зайцавай капустай”. Яе прыправа – траўка – саперніца воцату. Яна прыправіць і ўпрыгожыць любыя стравы. Цікавая і кветка расліны. Пры дакрананні да яе яна быццам мікраскапічная граната выстрэльвае насеннем.
У лясістых месцах цвітуць у гэты час яснотка пурпурная і белая – выдатныя меданосы, у змешаных лясах – пралеска, падснежнікі, адуванчыкі, фіялкі, ландышы…
Аднак хочацца сказаць вось пра што: на той паляне, дзе сарваны кветкі, наступнай вясной іх бу-дзе ўжо значна менш, а потым яны і зусім могуць знікнуць. З гэтай прычыны штогод прырода не далічваецца многіх раслін. Таму, перш чым сарваць кветку, падумайце, ці не лепш палюбавацца ёю жывою.
У народным календары аб апошнім месяцы вясны ёсць і такія словы: “Май лясы ўпрыгожвае, лета ў госці чакае”. Зялёныя агеньчыкі першых лісточкаў успыхваюць спачатку на бярозе, за ёй прыхарошваюцца бэз, таполя, рабіна, чаромха, іншыя дрэвы. Адстае дуб. Асцярожнічае: а вось паверне надвор’е зноў на холад! Заадно з ім – ліпа, крушына. Пара цвіцення прыходзіць да іх пазней.
А якое прыволле ў садах! Малочным адлівам пакрыліся вішні, слівы, бела-ружовымі кветкамі радуюць яблыні, распускаюць духмяныя суквецці чаромха, бэз. Кветак так многа, што за імі не відаць і лісця. Памятаеце ў Някрасава: “Как молоком облитые стоят сады вишневые…”.
Май – гарачая пара для земляроба. У разгары пасяўная. Даўней аб гэтай пары гаварылі: “Калі цяпер не ўспацееш, то і зімой не сагрэешся”. Або: “У маі праляжыш – зімой з торбай пабяжыш”. Стараўся хлебароб, спяшаўся пасеяць усё своечасова. Тэр-міны вызначаў па розных прыкметах: па часу распускання лісця на дрэвах, цвіценню траў, паводзінах птушак і г.д. Для кожнай культуры ўстанаўліваліся свае дні. Напрыклад, 18 мая лічыўся днём Арыны-расадніцы – рассаджвалі капусту на градах, 19-га сеялі гуркі, палівалі іх сажалкавай вадой. Трэба сказаць, што і цяпер у вёсцы многія прытрымліваюцца прыкмет і не прагадваюць.
Многа навін у маі і ў свеце лясных жывёл, птушак, рыб. Патомствам абзавяліся казулі, алені, ласі. У зайчых і вавёрак ужо другі прыплод, трэці – у палёвак. Першыя самастойныя крокі робяць барсучаняты, адкрываюцца вочы ў маладых лісянят. Прыбавілася сям’я ў бабра, выдры, норкі. Касякі малявак вывяліся ў рэках. Адклалі яйкі многія птушкі.
Май прыносіць нам свае неацэнныя дары – сонечнае цяпло і жыватворную вільгаць дажджоў, зеляніну і кветкі. Аднак чалавек не павінен заставацца толькі пасіўным назіральнікам прыроды, а імкнуцца стаць сапраўдным яе сябрам, беражліва адносіцца да яе багаццяў. А за гэта яна аддзякуе з лішкам.

Пётр ПАДЛУЖНЫ,
аматар прыроды, наш няштатны карэспандэнт.

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Активисты и общественники Дрогичинщины в рамках республиканского субботника приняли участие в акции «Время помнить»

В данной акции участие приняли Дрогичинская районная организация БРСМ,...

Магазины, рынки, такси, услуги на дому: когда покупателям должны выдавать чек

В соответствии с Налоговым кодексом Республики Беларусь, при реализации...

Вспашка и культивация. Как оказывать услуги, не нарушая законодательство

С наступлением весны растет популярность таких видов деятельности, как...

Дроботы и Сороцни: ищем решение проблем

Середина апреля – на календаре 15‑е число, понедельник. Весна...