ці аб пераможных пракосах “Какорыцкіх асілкаў”
Не намі прыдумана, што самая галоўная спадчына, якую мы можам пакінуць сваім дзецям, – прывучыць іх да працы і перадаць ім рамяство, якім у дасканаласці валодаем самі. Можа, не ўсім яно спатрэбіцца, але, як кажуць людзі, дай, Божа, усё ўмець, але не ўсё рабіць. Тым больш, што добрая навука плячэй не муляе і лішняй у жыцці не будзе. З такім перакананнем выхоўвалі сваіх дзяцей, а пазней – і ўнукаў, жыхары вёскі Какорыца Іван Васільевіч і Ніна Захараўна Зіновічы.
Ваколіцы гэтага населенага пункта, які месціцца на сухадоле пасярод балот, ва ўсе часы славіліся добрымі сенажацямі, і тутэйшыя гаспадары заўжды трымалі шмат хатняй жыўнасці. Сям’я Зіновіч не была выключэннем, і калі летам да іх прыязджалі гарадскія ўнукі, Іван Васільевіч і Ніна Захараўна і іх спакваля далучалі да паўсядзённых сялянскіх спраў і клопатаў. У прыватнасці, спачатку хлапчукі-падлеткі пад пільным наглядам дзядулі з бабуляй вучыліся абкошваць двор, а пазней тыя пачалі браць іх для работы на сенажаці. Так гарадскія хлопцы з маленства навучыліся ўпэўнена трымаць касу і пракладваць шырокія пракосы. І з часам для іх гэта стала своеасаблівым захапленнем і спосабам карысных праводзін вольнага часу.
Некалькі гадоў запар унукі Івана Васільевіча пры яго непасрэднай падтрымцы прымалі ўдзел у конкурсе “Спораўскія сенакосы”: спачатку былі ў тройцы лепшых, а летась выйшлі пераможцамі гэтага спаборніцтва і прадставілі палешукоў на аналагічным мерапрыемстве ў Польшчы, дзе таксама паказалі добрыя вынікі.
А сёлета нашы землякі прынялі ўдзел у незвычайным марафоне “Жылінскія сенакосы” на Віцебшчыне, і зноў-такі не падвялі дзеда, які апошнім часам хварэе і не змог (як было да гэтага) накіравацца з унукамі ў складзе групы падтрымкі. На нядаўнюю сенакосную дыстанцыю бліз Пастаў выйшла каля паўсотні касцоў, у ліку якіх былі і прадстаўнікі Кітая. І ўсё ж сезонныя трэніроўкі на какорыцкіх балотах прынеслі свой плён: адзін са старэйшых унукаў Івана Васільевіча і Ніны Захараўны – Аляксандр Віктаравіч Шыкула, 1990-га года нараджэння, які працуе на Брэсцкім мясакамбінаце, заняў у гэтым спаборніцтве трэцяе месца, яго дваюрадны брат Віктар Генадзьевіч Дашкевіч, 1995-га года нараджэння, які жыве і працуе ў суседнім райцэнтры Іванава, увайшоў у дзясятку лепшых.
– Конкурс касцоў на Віцебшчыне некалькі адрозніваўся ад тых, што праходзілі ў нашых мясцінах, – расказвае Аляксандр Віктаравіч Шыкула. – У час “Спораўскіх сенакосаў” кожнай камандзе, якая складалася з
дзвюх чалавек, выдзяляўся ўчастак травастою даўжынёй 100 метраў і шырынёй 3 метры, і яго трэба было скасіць на хуткасць. У мінулым годзе я выступаў у складзе каманды “Какорыцкія асілкі” разам з Генай Дашкевічам, і мы сталі чэмпіёнамі. А ўмовы нядаўніх спаборніцтваў, якія праходзілі на Віцебшчыне, былі зусім іншымі. Кожны з удзельнікаў выступаў сам за сябе. Падняліся на золку, зарэгістраваліся, і з расой выйшлі на касавіцу. Спаборніцтвы доўжыліся 5 гадзін, і пераможцы вызначаліся па велічыні скошанай за гэты час плошчы. У выніку я змог заняць трэцяе месца, хаця перамога далася нялёгка, бо столькі часу запар мы нават на дзедавай сенажаці ніколі не касілі.
А 200-метровая дыстанцыя на хуткасць на “Жылінскіх сенакосах” была прадугледжана для маладых канкурсантаў, у ліку якіх выступіў малодшы брат Аляксандра Віктаравіча Шыкулы – 18-гадовы Андрэй, які вучыцца ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. І ў гэтым спаборніцтве юнак заняў другое месца!
Што і казаць, добрых спадкаемцаў і паслядоўнікаў спрадвечнага сялянскага рамяства выхаваў дзед Іван Васільевіч Зіновіч! Застаецца толькі пажадаць яму і яго надзейнай “палавінцы” Ніне Захараўне, якая на гэтым тыдні адзначыла сваё 70-годдзе, добрага здароўя і сумеснага даўгалецця. Пажылыя вясковыя гаспадары пакуль трымаюць хатнюю жыўнасць, і, па сведчанню іх блізкіх, сена на карову з дапамогай дзяцей і ўнукаў яны ўжо накасілі, засталося толькі каня кормам на зіму забяспечыць. Але касавіца для маладых прадстаўнікоў гэтага роду – не толькі звыклая работа на дзедавай сядзібе, але і добрая размінка перад чарговым конкурсам касцоў.
Галіна ШАФРАН