spot_img

Летапіс баявой славы. Барвенкаўская дывізія ў лёсе асаўлян

Дата:

Упершыню я даведаўся аб існаванні 39-й гвардзейскай Барвенкаўскай стралковай дывізіі ад свайго дзеда, Паўла Паўлавіча Мядзведзя, які служыў у ёй у час Вялікай Айчыннай вайны. Ад яго ж мне стала вядома, што ён там быў не адзін з Осавец. Як я пазней высветліў, іх у згаданай дывізіі было не менш васемнаццаці чалавек, і большай колькасці маіх землякоў ні ў адной вайсковай часці часоў вайны не было.

Дывізія была сфарміравана 2 жніўня 1942 г. У склад яе ўваходзілі 112-ы, 117-ы і 120-ы гвардзейскія стралковыя палкі, 87-ы гвардзейскі артылерыйскі полк і іншыя штатныя падраздзяленні (разведрота, зенітная батарэя, батальёны сувязі і медыка-санітарны і г.д.).

Дывізія мае слаўную вайсковую гісторыю. Яна ў 1943 г. абараняла Сталінград, вызваляла гарады Барвенкава (за што атрымала ганаровае найменне Барвенкаўская), Запарожжа, Днепрапятроўск, у 1944 г. – Адэсу, Люблін і шэраг іншых населеных пунктаў.

Для нас дзейнасць 39-й гвардзейскай асабліва цікавая з верасня 1944 г. Менавіта ў гэты час у дывізію ўліліся навабранцы з Осавец і іншых населеных пунктаў Драгічынскага раёна.

Як вядома, на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў нашых краях мабілізацыя амаль не праводзілася, не паспелі, паколькі ўжо 25 чэрвеня ў Драгічынскім раёне панавалі немцы. Таму паўнавартнасная мабілізацыя была праведзена толькі пасля вызвалення раёна 17 ліпеня 1944 г.

Самы масавы прызыў у Чырвоную Армію ў Осаўцах адбываўся ў жніўні 1944 г. – больш 23 чалавек. Менавіта з іх ліку і трапіла 18 чалавек у 39-ю стралковую дывізію.

У 112-ы гвардзейскі Люблінскі стралковы полк трапілі Мікалай Цярэнцьевіч Мышкавец, Сяргей Сяргеевіч Раманюк, Рыгор Купрыянавіч Шумік; 117-ы гвардзейскі стралковы полк прыняў у свае шэрагі Сцяпана Сцяпанавіча Воласа, Мікалая Кандрацьевіча Грыневіча, Рамана Юльянавіча Падлужнага, Івана Рыгоравіча Паўлюковіча, Адама Паўлавіча Прымака, Фёдара Лук’янавіча Раманюка, Пятра Якаўлевіча Раманюка, Міхаіла Антонавіча Чурылу, Ануфрыя Ануфрыевіча Шрамука і Кірыла Андрэевіча Шрамука. У 120-м гвардзейскім стралковым палку служылі Дарафей Сяргеевіч Мядзведзь, Фёдар Севасцьянавіч

Мядзведзь, Мікалай Фаміч Прымак і Павел Паўлавіч Мядзведзь.

Каля месяца навабранцы праходзілі ваенную падрыхтоўку, пасля чаго іх адправілі ў вышэйзгаданыя часці.

Згодна справаздачам стралковай дывізіі, толькі з 10 па 16 верасня было атрымана папаўненне ў колькасці 1591 чалавек. Павелічэнне баявога складу дывізіі было выклікана некалькімі прычынамі. Па-першае, 39-я гвардзейская панесла значныя страты ў баях за Люблін і ў час захопу, пашырэння і ўтрымання Магнушэўскага плацдарма на Вісле. Па-другое, Вярхоўным камандаваннем адводзілася вельмі вялікая роля 8-й гвардзейскай арміі, у склад якой уваходзіла дывізія, у запланаванай Варшаўска-Познаньскай аперацыі.

14 студзеня 1945 г. савецкія войскі нанеслі з Магнушэўскага плацдарма магутны ўдар і прарвалі глыбока эшаланізіраванную абарону праціўніка, пасля чаго з поспехам развівалі наступленне на Познань.

Трэба адзначыць, што ў гэты перыяд 39-я гвардзейская стралковая дывізія не панесла значных страт, паколькі ішла ў другім эшалоне, пасля прабіваўшых ёй дарогу 88-й і 79-й гвардзейскіх стралковых дывізій. Адзін з самых значных і пераможных баёў дывізіі ў час маршу на Познань адбыўся 17 студзеня, адразу пасля фарсіравання ракі Піліца каля вёскі Стрыкуў. 117-я і 120-я гвардзейскія стралковыя палкі вялі бой з прарываўшыміся астаткамі 25-й танкавай дывізіі Вермахта. Якраз на той момант тут праездам знаходзіўся і камандуючы 8-й гвардзейскай арміяй генерал Васіль Іванавіч Чуйкоў, які пазней апісаў гэты бой у сваіх мемуарах “Канец трэцяга рэйха”.

У гэтым баі атрымаў асколачнае раненне мой дзед П.П. Мядзведзь, і, нягледзячы на правядзенне некалькіх хірургічных аперацый, да канца жыцця насіў адзін асколак у назе. Але ён быў не першы паранены асаўлянін з дывізіі. 8 кастрычніка 1944 г. атрымаў цяжкае раненне Р.К.Шрамук, калі рабілася няўдалая спроба пашырэння плошчы Магнушэўскага плацдарма за кошт вышыні 125,7 каля вёскі Выборуў. Праз год Рыгор Купрыянавіч быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

25 студзеня 1945 г. пачаліся зацятыя баі за горад-цытадэль Познань. Менавіта яны прынеслі найбольшыя страты сярод асаўлян, служыўшых у 39-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Выбылі з яе складу па прычыне ранення Д.С.Мядзведзь, П.Я.Раманюк, Р.Ю.Падлужны. Апошні памёр у шпіталі ад ран. Загінуў С.С.Волас, які ў Познані быў узнагароджаны медалём “За адвагу” і пасмяротна ордэнам “Вялікай Айчыннай вайны” ІІ ступені. Такім жа ордэнам пасмяротна быў узнагароджаны і М.А.Чурыла, К.А. Шрамук прапаў без вестак.

Пасля вызвалення Познані ў складзе дывізіі з 18 асаўлян засталіся толькі дзевяць. 117-ы і 120-ы гвардзейскія стралковыя палкі за мужнасць і доблесць, праяўленую пры вызваленні г. Познань, атрымалі ганаровае найменне “Познаньскі”.

Ад Познані дывізія працягвала наступленне да Одэра, дзе ўдалося захапіць так званы Кюстрынскі плацдарм, з якога пазней пачалося наступленне на Берлін.

Першай значнай перашкодай на шляху да сталіцы Трэцяга рэйха былі Зяелаўскія вышыні. Гэта шматлікія ўзвышшы прыроднага паходжання ў выглядзе пагоркаў, на якіх немцы арганізавалі абарончую лінію. Прарыў абароны пачаўся 16 красавіка. На пачатку аперацыі 39-я гвардзейская стралковая дывізія знаходзілася ў армейскім рэзерве і была ў другім эшалоне. Але ўжо 18 красавіка яе вымушаны былі ўвесці ў бой для ліквідацыі пагрозы прарыву дзвюх матарызаваных дывізій Вермахта – “Курман” і “Мюнхеберг” і адной пяхотнай дывізіі СС да шашы Кюстрын-Берлін, па якой ішло забеспячэнне 29 гвардзейскага корпуса і 1-й гвардзейскай танкавай арміі. Наступленне дывізія пачала ў раёне сяла Долгелін. Удар наносіў 117-ы полк, а 112-ы і 120-ы ішлі другім і трэцім эшалонамі. Немцы аказалі моцнае супраціўленне. За 18 і 19 красавіка дывізія страціла параненымі 205 чалавек, загінуўшымі – 67. Сярод загінуўшых пад Долгелінам ёсць і асаўляне – А.П. Прымак і М.К. Грыневіч. Апошні за праяўлены гераізм быў пасмяротна ўзнагароджаны Ордэнам Славы ІІІ ступені. Такім жа ордэнам быў узнагароджаны камандзір аддзялення малодшы сяржант Ф.Л.Раманюк, які са сваімі падначаленымі першым уварваўся ў траншэі праціўніка і прымусіў яго адступіць.

У далейшым дывізіі сумесна з іншымі часцямі ўдалося выканаць баявую задачу і 23 красавіка выйсці да канала Тэльтаў, які быў часткай унутранага пояса абароны Берліна. Фарсіраванне канала было ўскладзена на 117-ы гвардзейскі стралковы полк, які яго распачаў 25 красавіка. Вораг сустрэў атакуючых шчыльным агнём. Камандзір палка Яфім Дзмітрыевіч Грыцэнка асабіста вёў салдат у атаку і быў забіты. Трэба адзначыць, што за час баёў у Берліне ўсяго загінула тры камандзіры 117-га палка. Тым не менш полк выканаў пастаўленую задачу. Вядучы цяжкія вулічныя баі, часці 39-й гвардзейскай стралковай дывізіі ўжо 29 красавіка выйшлі да канала Ландвэр, які быў фарсіраваны 120-м палком з выхадам яго ў паўднёвую частку парка Ціргартэн, і цяпер ён мог рухацца да Рэйхстага, але быў атрыманы загад спыніцца і ўтрымліваць занятыя пазіцыі.

Да вечара 29 красавіка часці дывізіі ўшчыльную наблізіліся да жалезабетоннай загароджы Заалагічнага сада, у якім знаходзіўся камандны пункт камандуючага абаронай Берліна генерала Гельмута Вейдлінга.

Штурм бункераў у Заалагічным садзе пачаўся на досвітку 30 красавіка пасля артабстрэлу сіламі 112-га і 117-га гвардзейскіх стралковых палкоў. Умацаванні былі ўзяты, і Вейдлінг з часткай свайго штаба быў вымушаны ўцякаць на іншы камандны пункт.

У баях на вуліцах Берліна ўдзельнічала сем асаўлян. Яны выдатна праявілі сябе ў баях, і некаторыя з іх былі ўзнагароджаны. С.К. Раманюк, які служыў санітарам, быў узнагароджаны медалём “За адвагу” за аказанне дапамогі 70 чалавекам, і пры гэтым ён сам быў паранены. За праяўлены гераізм у час вулічных баёў 29 красавіка ордэнам Славы ІІІ ступені быў узнагароджаны С.С. Раманюк. Атрымаў раненне Ф.Л. Раманюк.

Яшчэ адзін наш зямляк М.Ф. Прымак быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцягу за ўвесь свой баявы шлях санітара. Ён праявіў сябе смелым і рашучым воінам, які з 15 студзеня па 2 мая 1945 г. вынес з поля боя 52 байцы з іх зброяй і аказаў ім першую медыцынскую дапамогу.

У 39-й гвардзейскай Барвенкаўскай стралковай дывізіі прайшлі свой баявы шлях васемнаццаць ураджэнцаў вёскі Осаўцы, вярнуліся дамоў – 12. На той момант, калі яны трапілі на фронт, ім было ад 21 да 33 гадоў. Многія з іх так і засталіся навечна маладымі, аддаўшы свае жыцці ў барацьбе з нацызмам. Выжыўшыя пранеслі памяць аб вайне праз усё жыццё. Зараз іх ужо нікога няма з намі, але мы павінны захаваць памяць аб кожным з іх.

Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЬ,

настаўнік гісторыі Асавецкай СШ

 

 

 

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичинском аграрном колледже стартовала вступительная кампания

С 15 июня в Дрогичинском государственном аграрном колледже стартовала...

Белорусская метательница молота выиграла золотую медаль Игр БРИКС

Анастасия Маслова принесла белорусской команде по легкой атлетике очередное...

С пользой, ярко, эффективно. Как проходят школьные каникулы в районе

Ярким июньским днем на Дрогичинском водохранилище было многолюдно –...