spot_img

МАРШРУТАМІ МІЛАСЭРНАСЦІ

Дата:

Штодня мы, бывае, па некалькі разоў праходзім па адных і тых жа вуліцах свайго невялічкага гарадка пад назвай Драгічын, дзе ўсё з дзяцінства з’яўляецца звыклым і знаёмым, і дзе ўжо не засталося месцаў да новых пазнанняў і адкрыццяў. Так нам здавалася. Да сёлетняга красавіка, да нядаўняга Вя-лікадня…

На трэці дзень Уваскрэсення Хрыстова нас чакала зусім нескладаная, як мы меркавалі, справа: разам з валанцёрамі Драгічынскай раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа адведаць адзінокіх пажылых пенсіянераў райцэнтра, павіншаваць іх са святам, пачаставаць вялікоднымі кулічамі. Як аказалася, нашы новыя знаёмыя ўжо маюць пэўны вопыт дабрачыннай работы і не ўпершыню ўдзельнічаюць у падобных акцыях.

Па словах старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алены Іванаўны Плешка, валанцёрскі рух на Драгічыншчыне пачаў актывізавацца з 2007 года. Цяпер такія атрады створаны і працуюць у райбальніцы, аграрна-вытворчым прафесійным ліцэі, у  гарадской гімназіі і Немяржанскай агульнаадукацыйнай сельскай школе, і аб’ядноўваюць у сваіх радах больш 100 дарослых і дзяцей падлеткавага ўзросту.

Калі ж размова заходзіць аб найбольш значных справах тутэйшай валанцёрскай суполкі, то ў ліку іншых мерапрыемстваў нашы суразмоўнікі называюць спектакль, які яны падрыхтавалі і паказалі выхаванцам дзіцячага прытулку, “Ёлку жаданняў” для хворых дзяцей, ушанаванне адзінокіх 90-гадовых юбіляраў, распаўсюджванне ў школах і на прадпрыемствах інфармацыйна-прафілактычнага матэрыялу, дапамогу нямоглым састарэлым людзям у гаспадарчых справах. Ёсць у драгічынскіх валанцёраў і традыцыйная акцыя “Праспявай песню для ветэрана”, з якой яны ў бліжэйшы час мяркуюць наведаць бальніцу сястрынскага догляду ў Антопалі. Але гэта будзе пазней, бліжэй да Дня Перамогі.

А ў цёплы красавіцкі дзень мы з валанцёрамі едзем павіншаваць з Вяліка-днем і падтрымаць тых, каму патрэбна дапамога. І, як мы пераканаліся, сэрцы людзей у такі дзень адкрыты для дабра і спагады: гэтыя пачуцці шчодра аддаюцца і з удзячнасцю прымаюцца.

Першы прыпынак мы робім на вуліцы Пушкіна. Стукаемся ў дзверы невялікай, дагледжанай хаты, з якой выходзіць прыветлівая, усмешлівая гаспадыня – Валянціна Палікарпаўна Карнейчык. Жанчына расказвае, што з 18 гадоў яна пайшла працаваць на пошту і адрабіла там 46 гадоў. Пэўна, працавала б і яшчэ, бо вельмі хацелася памагчы стаць на ногі сваёй адзінай дачцэ, якая жыла з мужам у Хакасіі, чакала першынца. Валянціна Палікарпаўна разлічвала на добрыя весткі, а прыйшла бяда. У нейкі момант у цяжарнай жанчыны рэзка павысіўся ціск. Яна пайшла ў бальніцу па месцы жыхарства, але з аказаннем кваліфікаванай дапамогі там нешта не заладзілася. Дачка Валянціны Палікарпаўны памерла. Не ўратавалі і ненароджанае васьмімесячнае дзіцятка. Так воляй лёсу нашай суразмоўніцы суджана было застацца адной. Але жанчына прыняла і нясе гэты крыж цярпліва і без нараканняў, не азлобіўшыся на жыццё і людзей. Таму і не абыходзяць яе дом ні знаёмыя, ні пляменнікі, таму і не адчувае сябе пенсіянерка адзінокай.

Далей валанцёры кіруюцца на вуліцу імя Шаўчэнкі да Ліліі Андрэеўны Равінец, якой неабходна даставіць дзве прадуктовыя скрыні з пасылкамі ад Чырвонага Крыжа. Жанчына з’яўляецца інвалідам па анкалагічнаму захворванню, і на яе ўтрыманні знаходзіцца трое непаўналетніх дзяцей. Раней Лілія Андрэеўна працавала настаўнікам фізкультуры, і, магчыма, менавіта спартыўная загартоўка паспрыяла таму, што наша суразмоўніца, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, трымаецца аптымістам. Яна – моцная духам жанчына, здольная выстаяць і перамагчы…

Шмат выпрабаванняў выпала і на лёс 90-гадовай Наталлі Васільеўны Васкевіч. У час вайны дзяўчыну вывезлі на прымусовыя работы ў Нямеччыну, дзе яна спазнала і голад, і холад, і непасільную работу. А ўсё пасляваеннае жыццё яна адпрацавала санітаркай у райбальніцы. І нават калі жанчына выйшла на пенсію, яе неаднойчы прасілі затрымацца на гэтым месцы. Бо ведалі, што такога акуратнага і сумленнага ў адносінах да сваіх абавязкаў работніка знайсці будзе цяжка.

З задавальненнем адкрыла для валанцёраў дзверы сваёй кватэры і 90-гадовая Марыя Феадосьеўна Кандрацьева. Жанчына ўзрадавалася , што ў яе з’явіліся слухачы і было каму расказаць аб тым, як да вайны яна выйшла замуж за міліцыянера, нарадзіла дзвюх дачок, як у час ліхалецця яе муж прапаў без вестак, і яна да апошняй пары праз ваенкамат шукала яго…

Усяго ж у велікодны дзень драгічынскія валанцёры наведалі і пачаставалі кулічамі 13 чалавек. Але мы зразумелі, што важней усякіх падарункаў для пажылых людзей з’яўляецца ўвага і магчымасць пагаварыць.

Было і такое. Павіншаваўшы пажылую адзінокую жанчыну ў прыватным доме, валанцёры сабраліся ехаць далей. Але ўслед за імі кінулася яе суседка, таксама пенсіянерка, якая са слязамі крыўды стала папракаць добраахвотных памочнікаў таварыства Чырвонага Крыжа, што абдзялілі яе ўвагай. Спрабуем растлумачыць, што ў першую чаргу валанцёры маюць намер наведаць адзінокіх састарэлых людзей, якія не маюць блізкай радні. Але жанчына з горыччу распавядала, што і яна, як пастарэла, стала нікому не патрэбнай: дачка не прыязджае, сын не заходзіць… І нам было вельмі сумна ўсведамляць, што падчас нямоглыя бацькі могуць заставацца адзінокімі і пры жывых, здаровых дзецях. Магчыма, гэты горкі жыццёвы ўрок і нам дапаможа быць больш чулымі, уважлівымі, спагадлівымі ў адносінах да тых, хто побач з намі.

Усяго ж у Драгічынскім раёне пражывае больш за 900 адзінокіх пенсіянераў, якім асабліва не хапае штодзённых зносін і пастаяннай падтрымкі блізкіх людзей. А значыць, у бліжэйшы час спраў у тутэйшых валанцёраў менш не стане. Іх чакаюць, і яны навучыліся падтрымліваць тых, каму цяжэй за іншых.

Ірына КОРШУН,

Вікторыя ДАНІЧ,

Марына ШАФРАН,

 

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

С 16 декабря стартует республиканская акция «Безопасный Новый год!»

Согласно оперативным данным, за 11 месяцев текущего года в...

В Дрогичине отметили 85-летие Брестской области

В Дрогичинском Доме культуры прошел праздничный концерт, посвященный 85-летию...

В Дрогичине прошел районный фестиваль творчества инвалидов «Дорогою добра»

В городском Доме культуры сегодня 6 декабря, прошел районный...

Книга “Выборы в Беларуси. Коротко о главном” поступила в продажу

Книга "Выборы в Беларуси. Коротко о главном" поступила в...