ПЕРШЫ МЕСЯЦ ЛЕТА

Дата:

Якія б сюрпрызы не падносіла прырода, і раслінны, і жывёльны свет развіваюцца заканамерным шляхам, які тысячагоддзямі склаўся. За доўгія гады жывыя арганізмы шмат разоў сустракаліся з нечаканасцямі навакольнага асяроддзя і прыстасаваліся да пераадолення самых неспрыяльных умоў. Так што працяглыя халады або недахват вільгаці вясной не могуць спыніць пераход прыроды да нармальнага летняга жыцця. У крайнім выпадку гэты працэс некалькі затрымліваецца.
Здольнасць жывых арганізмаў процістаяць капрызам прыроды дзівосная і практычна неабмежаваная. І гэта асабліва ярка праяўляецца ў пачатку лета – чэрвені. Не трэба быць асабліва назіральным, каб заўважыць, як нежныя, паўпразрыстыя, кволыя на выгляд парасткі траў узломваюць не толькі засохлую глебу, але і часам цвёрды асфальт.
Найбольш істотнымі асаблівасцямі чэрвеня з’яўляюцца мноства святла і цяпла і часткова вільгаці, што вызначае інтэнсіўны рост і развіццё расліннасці. У параўнанні са снежнем сонца цяпер стаіць у поўдзень у 5 разоў вышэй, а дзень даўжэйшы за ноч у 2,5 раза. Ды і ночы ў чэрвені светлыя – з доўгімі і маляўнічымі досвіткамі. Сярэдняя тэмпература месяца падымаецца да 15-17 градусаў, а ў асобныя дні, тэрмометр паказвае 30-34 градусы.
Побач с цвіценнем бэзу, парэчак, агрэсту, чарніц і брусніц, якое працягваецца, зацвітае большасць лугавых злакаў, каліна, шыпшына, крушына, маліна, шалфей, васількі, званочкі, святаяннік і дзесяткі іншых раслін. Паветра лясоў, лугоў напаўняецца пахамі мяты, канюшыны, багуну, чабору, касачоў, да якіх прымешваюцца пахі навальнічных дажджоў.
Дарэчы, першы летні месяц нездарма атрымаў імя “чэрвень”. Менавіта ў гэты час з’яўляецца маса вусеняў насякомых, якіх за іх вонкавы выгляд часта называюць чарвякамі. Ды і сапраўдных чарвякоў, якіх выгналі з глебы моцныя навальнічныя дажджы, цяпер таксама больш, чым у іншыя месяцы. І няма нічога дзіўнага, што земляробы, для якіх масавае паяўленне гэтых беспазваночных істот звязана з добрым або дрэнным ураджаем, яшчэ ў старажытнасці далі такую назву цудоўнай пары года.
На пачатак чэрвеня прыпадае масавае паяўленне вусеняў азімай і капуснай совак, кольчатага і няпарнага шаўкапрадаў, цукровабурачнай мушкі, ільняной блошкі, капуснай бялянкі, яблыневай пладажэркі, каларадскага жука… Гэтыя шкоднікі ў асобым прадстаўленні не маюць патрэбы. Небяспека іх для раслін добра вядома.
Як вядома, усё жыццё на зямлі звязана з нябесным свяцілам. Яно раскрывае і закрывае пялёсткі многіх кветак, сланечнік паварочвае ўслед за ім свае залацістыя галоўкі, насустрач яму цягнуцца маладыя парасткі. Але расліны маўклівыя. А вось птушкі актыўна рэагуюць на сонца ўсімі сваімі паводзінамі. Многія арыентуюцца на яго пры сваіх пералётах. Ад тэрмінаў яго ўсходу і захаду, ад яркасці святла і цеплыні праменняў залежаць сутачны рытм іх жыцця, характар харчавання, выседжвання яек, догляду птушанят.
Можна назіраць, напрыклад, такія малюнкі. Калі сонца пачынае мацней прыпякаць, буслы не пакідаюць сваіх гнёздаў, а, растапырыўшы крылы, закрываюць ценню птушанят ад перагрэву. У выпадку нечаканай непагадзі і пахаладання берагавыя ластаўкі ўпадаюць у здранцвенне, падобнае на зімовую спячку мядзведзя. У такім стане яны могуць прабыць некалькі дзён. Пры гэтым, каб арганізм не загінуў ад знясілення, у іх замаруджваецца абмен рэчываў, а тэмпература цела паніжаецца амаль на 10 градусаў.
Рэакцыі птушак на становішча сонца разнастайныя, але не заўсёды прыкметныя. Толькі па галасах іх можна меркаваць аб тым, як тонка і аператыўна яны рэагуюць на праходзячыя змяненні. Затрымаецца світанне з-за непагадзі, і заранкі – першыя вестуны раніцы – пачынаюць спяваць пазней. Набягуць на неба воблакі, і звонкі пошчак берасцянак змяняецца трывожнымі кароткімі гукамі “ррум-ррум”. Нездарма ў народзе гавораць: берасцянка “руміць” перад дажджом. Зойдзе сонца за хмару (амаль беспамылковая прыкмета таго, што заўтра будзе дождж) і ў галасах драздоў, валасянак, мухаловак загучыць трывога, спяванне іх становіцца менш азартным, у ім чуюцца сумныя працяжныя ноткі.
Аднак у цэлым на працягу першага месяца лета птушкі спяваюць амаль няспынна. Апусціцца на зямлю вячэрні змрок, змоўкнуць адна за другой дзённыя, а на змену ім прыходзяць начныя.
Бурнае развіццё расліннасці ў спалучэнні са спрыяльнымі ўмовамі надвор’я абумоўлівае інтэнсіўнасць жыццёвых працэсаў жывёл, пачынаючы ад насякомых і канчаючы птушкамі і млекакормячымі, для якіх чэрвень з’яўляецца парой гадоўлі і выхавання патомства.

Пётр ПАДЛУЖНЫ,
аматар прыроды, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Отбор кандидатов на службу

Дрогичинский районный отдел Следственного комитета Республики Беларусь осуществляет отбор...

ГАИ уделит особое внимание соблюдению ПДД мотоциклистами, велосипедистами и пешеходами на СПМ

В Беларуси 29 марта проходит единый день безопасности дорожного...

Сегодня в районе продолжаются комплексные учения

Будут отработаны вопросы организации оповещения населения с запуском электросирен. Обращаем...

Как защитить интересы молодого специалиста, улучшить коллективный договор, получить социальный отпуск…

Разноплановые темы и вопросы, связанные с защитой трудовых, социально-экономических...