spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

У гэтым годзе спаўняецца 155 гадоў з моманту адкрыцця на Драгічыншчыне пачатковых народных вучылішчаў

Дата:

У гэтым годзе спаўняецца 155 гадоў з моманту адкрыцця ў 1862 годзе пачатковых народных вучылішчаў у Антопалі, Драгічыне, Зёлаве і Осаўцах. На той момант падобных школ на Драгічыншчыне стала восем. Яны падпарадкоўваліся Міністэрству Народнай Асветы і ўваходзілі ў Віленскую навучальную акругу. Разам з царкоўна-прыхадскімі школамі Гродзенскай епархіі народныя вучылішчы былі для значнай большасці насельніцтва нашага краю ўстановамі, дзе была магчымасць атрымаць хаця б пачатковую адукацыю.

Адкрыццё народнага вучылішча ў Осаўцах стала пачаткам гісторыі існавання школы ў вёсцы. Праўдападобна, што першапачаткова вучылішча было аднакласным, але з 10(22) верасня 1864 года яно было пераўтворана ў двухкласнае народнае вучылішча. Па штату тут павінны былі працаваць два настаўнікі.

Першым настаўнікам вучылішча быў Антон Канстанцінавіч Здановіч, які скончыў Літоўскую духоўную семінарыю. Пасля яго з 1872 па 1875 гады кіраўніком установы быў Сцяпан Паўлавіч Мілюцін, пазней, да 1889 года – Кузьма Феліксавіч Важэеўскі, якога змяніў Піліп Ільіч Якімец.

На пачатку ХХ стагоддзя настаўнікамі былі Васіль Паўлавіч Сцецкі, Міхаіл Баран, Емяльян Мулярчык. Апошнімі настаўнікамі былі Мікалай Кандрацьевіч Чэрап, які быў кіраўніком вучылішча (працаваў з 1(14) верасня 1913 года) і Лука Сцяпанавіч Коўбаль-Казачук, які ў снежні 1911 года звольніўся з пасады псаломшчыка Глаўсевіцкай царквы Слонімскага павета, каб стаць тут настаўнікам.

У школе таксама працавалі законанастаўнікамі святары мясцовай Свята-Міхайлаўскай царквы, якія выкладалі Закон Божы, і некаторыя з іх мелі заўважныя поспехі ў гэтай справе. Напрыклад, па выніках 1900/1901 навучальнага года ў справаздачы па школах Гродзенскай епархіі адзначалася праца асавецкага святара Іаана Вераксіна ў выкладанні Закона Божага і развіцці ў прыходзе царкоўнай школьнай справы.

Настаўнікі атрымлівалі прыстойную заработную плату. У 1874 годзе яна складала 150 рублёў, у 1914 годзе – 360-420 рублёў, у законанастаўнікаў адпаведна – 25 і 120 рублёў.

Увогуле трэба адзначыць, што змест навучання быў рэлігійна-манархічным і накіраваным на русіфікацыю мясцовага насельніцтва. Мовай навучання была руская, што не садзейнічала засваенню ведаў вучнямі, бо гэтую мову разумелі ў той час намнога горш, чым зараз. Акрамя Закона Божага у народным вучылішчы выкладалі царкоўныя спевы, чытанне, арыфметыку, пісьмо і гісторыю. Тут была бібліятэка, у якой на 1915 год налічвалася 1355 тамоў кніг і брашур і 274 вучэбных дапаможніка. Кнігамі мелі магчымасць карыстацца ўсе жадаючыя.

У Осаўцах была магчымасць арганізаваць заняткі па сельскай гаспадарцы. Пры школе быў участак зямлі ў адну дзесяціну, на якім размяшчаліся агарод, дзе вырошчвалі жыта, бульбу, грэчку, і сад, дзе на 1915 год раслі 15 пладовых, 12 дэкаратыўных дрэў і 30 дэкаратыўных кустоў. Дарэчы, у той час зямельныя ўчасткі мелі толькі 5,5 % пачатковых школ на тэрыторыі Беларусі.

Курс навучання ў двухкласным народным вучылішчы ажыццяўляўся на працягу 5-6 гадоў. Заняткі праводзіліся ў дзве змены. Вучылішча ў Осаўцах першапачаткова мелі магчымасць наведваць толькі хлопчыкі, але з 1888 года гэта было дазволена і дзяўчынкам. Наведванне школы дзецьмі па нацыянальнай ці канфесійнай прыналежнасці не мела абмежаванняў. Так, у студзені 1915 года ў Осаўцах навучаліся 84 праваслаўных, адзін католік (усе беларусы) і сем яўрэек. Хлопчыкі-яўрэі не наведвалі народнае вучылішча, таму што традыцыйна іх аддавалі на вучобу меламедам ці ў хедары.

Колькасць вучняў вагалася ў розныя гады ад 55 да 110 чалавек. Аднак трэба адзначыць, што Асавецкае двухкласнае народнае вучылішча ніколі не ахоплівала вучобай усіх дзяцей школьнага ўзросту.

Прычын існавання такога становішча было шмат. Пачнем з таго, што многія бацькі не бачылі карысці для сваіх дзяцей ад вучобы, у адрозненне ад умення весці гаспадарку, – таму не аддавалі іх у школу, ці бачылі яе ў вельмі абмежаваным выглядзе, таму не давалі дзецям давучыцца. Напрыклад, па выніках 1913/1914 навучальнага года з 80 вучняў пакінула вучобу да заканчэння курса 17 чалавек, а скончылі поўны курс толькі трое.

Другая прычына, вельмі істотная, калі не галоўная, – гэта беднасць сялян, у якіх не хапала сродкаў на школу. У 1914 годзе казна вылучыла на вучылішча 1400 рублёў і 147 заплацілі сяляне.

Па-трэцяе, на 1915 год раён школы складаўся з трох вёсак, у якім пражывала 258 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, і цяжка ўявіць, што двое настаўнікаў фізічна змаглі б вучыць такую колькасць навучэнцаў (школу наведвала 100 чалавек). Акрамя таго, яўна не хапала памяшканняў. У Осаўцах у 1871 годзе за грамадскі кошт пабудавалі адмысловы будынак для народнага вучылішча, які стаяў недалёка ад царквы, і гэта было істотным паляпшэннем матэрыяльнай базы школы, бо ў той час каля 35 % пачатковых школ на тэрыторыі Беларусі ўвогуле не мелі сваіх будынкаў. Але ў той жа час было відавочна, што памеры новага вучэбнага класа (7×8,5 м) з 25 партамі не маглі змясціць нават у дзве змены ўсіх дзяцей, якія дасягнулі школьнага ўзросту.

Як вынік, на пачатку ХХ стагоддзя не больш 10 % насельніцтва было пісьменным.

Прычынай спынення існавання Асавецкага двухкласнага народнага вучылішча стала Першая сусветная, ці, як яе называлі мясцовыя жыхары, “Мыколаевська” вайна. Яна пачалася на пачатку жніўня 1914 года, і ўжо праз год фронт наблізіўся да Драгічыншчыны. Расійскія ўлады агітавалі і прымушалі насельніцтва адыходзіць на ўсход разам з адступаючымі царскімі войскамі. Так, большасць тутэйшых жыхароў у 1915 годзе апынулася ў бежанцах, і ўсе ўстановы, у тым ліку і вучылішча, спынілі сваю дзейнасць.

Пасля ваенных ліхалеццяў у Осаўцах у будынку народнага вучылішча зноў пачала працу пачатковая школа, але гэта была ўжо польская школа, і гэта зусім іншая гісторыя.

Дзмітрый МЯДЗВЕДЗЬ,

настаўнік гісторыі Асавецкай СШ

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Стали частью яркой истории. Молодежь Дрогичинского района поделилась впечатлениями от участия в мероприятиях

В День народного единства в Минске стартовал Республиканский проект...

У Драгічыне прайшло святочнае мерапрыемства для ветэранаў-медыкаў

Душэўная дружалюбная абстаноўка панавала 2 кастрычніка ў чытальнай зале Драгічынскай бібліятэкі....

Председатель гаражного кооператива в Дрогичине присваивал деньги собственников

В сентябре суд Дрогичинского района рассмотрел уголовное дело в...

Радостовская больница в числе победителей конкурса по благоустройству

Радостовская участковая больница по итогам областного смотра-конкурса по благоустройству...