З пазітыўным стаўленнем да жыцця

Дата:

Настаўнік у сельскай ваколіцы – фігура прыкметная, таму і Вольгу Якаўлеўну Долбік, якая шмат гадоў адпрацавала ў Бездежскай школе, у тутэйшых мясцінах ведаюць многія. Яна і зараз, нягледзячы на свой сталы 89-гадовы ўзрост і перанесеныя выпрабаванні, не страціла жыццёвага аптымізму і цікавасці да ўсяго, што адбываецца ў краіне і ва ўсім свеце. Пажылая жанчына з задавальненнем прымае ўдзел у справах вясковай ветэранскай “пярвічкі”, выступае на сельскіх сходах і сустрэчах з насельніцтвам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

В.Я.Долбік да сённяшняга часу валодае добрай памяццю і да падрабязнасцей узгадвае многія даты і адметныя падзеі як у сваім асабістым лёсе, так і ў грамадстве. Па словах Вольгі Якаўлеўны, падтрымліваць інтэлектуальныя здольнасці ў належным парадку ёй дапамагае вершаскладанне. Вось і да самай значнай палітычнай падзеі – выбараў Прэзідэнта нашай рэспублікі, якія прайшлі ў кастрычніку бягучага года, яна напісала паэтычны твор, дзе выказала сваю грамадзянскую пазіцыю і цвёрдае жыццёвае перакананне:
“Дзень асенні, у нас свята, выбіраем кандыдата!
Я прыйшла галасаваць, голас за яго аддаць!
Лукашэнку ўсе мы знаем, яму лёс свой давяраем.
Ён нармальны курс вядзе, Беларусь не прападзе!
Чалавек ён справядлівы і рухавы, і руплівы,
Знае, як на свеце жыць, каб з народам падружыць.
У краіне ўсё ў парадку, наш народ жыве ў дастатку.
Прэзідэнт у нас харошы, кожны месяц маем грошы.
А хто хоча лепей жыць, трэба грошы зарабіць.
Ён не любіць хвастуноў, абібокаў, гультаёў,
Алкашоў і тунеядцаў, і не хоча з імі знацца…
Мае свой аўтарытэт, наш любімы Прэзідэнт!
Вось таму і ганаруся, што жыву ў Беларусі!”
Пажылая вясковая настаўніца лічыць, што гэтыя вершаваныя радкі надыктаваныя ўсім яе нялёгкім жыццём. Бо, як сцвярджае жанчына, “нарэшце прыйшоў той час, калі я, адпачываючы на пенсіі, магу ўдосталь есці хлеб, які душа пажадае, ды яшчэ і маслам яго намазваць…”
Хлеб для Вольгі Якаўлеўны – асноўная мера дастатку і дабрабыту. Яшчэ з той, ваеннай пары, калі яна перажыла многія пакуты, найцяжэйшая з якіх – пастаянны голад…
Нарадзілася мая суразмоўніца ў вёсцы Чалевічы на Случчыне ў 1926 годзе. У пачатку 1944-га, знаходзячыся на акупіраванай гітлераўскімі войскамі тэрыторыі, яны з бацькам паехалі на базар у свой раённы цэнтр. Мужчына пайшоў у краму, а 17-гадовая дачка засталася чакаць яго на конным вазку. А тут пачалася аблава: базар акружылі эсэсаўцы з паліцаямі і пачалі вышукваць у натоўпе маладых хлопцаў і дзяўчат для адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію. Схапілі і Вольгу. Бацька падбег і памкнуўся вызваліць дачку, але атрымаў варожы ўдар прыкладам і упаў у непрытомнасці.
Дзяўчыну забралі ў тым, у чым яна прыехала на той базар, і павезлі на зборны пункт у Слуцк. Маці, даведаўшыся пра такую бяду, цэлую ноч дабіралася да раённага цэнтра, адолеўшы пешшу 15 кіламетраў, каб перадаць Вользе што-кольвечы з прадуктаў і рэчаў. Але дачку на зборным пункце яна ўжо не застала: нявольнікаў адразу накіравалі ў Нямеччыну.
Вольга разам з іншымі вязнямі апынулася пад Дрэздэнам. Іх пасялілі ў бараках, акружаных калючым дротам. Паўсюль была ўзброеная варта з аўчаркамі. Падымалі “гастарбайтараў” у 4 гадзіны раніцы, і амаль дзве гадзіны, па бітай дарозе, калонай вялі на работу. Абутку не было, і замест яго насельнікам баракаў выдалі драўляныя калодкі. Рабочы дзень у іх пачынаўся ў 6 гадзін раніцы. Днём іх кармілі баландой са шпінатам ці бручкай, а вечарам давалі па 150 грамаў хлеба з чайнікам кіпятку ў прыдачу.
У абавязкі Вольгі ўваходзіла работа з паяльнікам, з дапамогай якога дзяўчына праводзіла зварку нейкіх дэталяў. Працавала яна пад наглядам пажылога немца-інваліда, які, па словах маёй суразмоўніцы, быў неблагім чалавекам. Бо калі ён заўважаў, што Вольга пачынала слабець ад голаду, то даставаў свой сціплы абед з некалькіх кавалачкаў хлеба і цішком дзяліўся ім з дзяўчынай-беларускай.
Потым іх вызвалілі англа-амерыканскія войскі, якія прапаноўвалі выбраць на жыхарства любую краіну ў зоне іх падпарадкавання. Але ў Вольгі было адно жаданне: хутчэй бы дабрацца дадому! У сваю родную вёску, як прыгадвае В.Я.Долбік, яна вярнулася зусім змарнелай, з апухлымі ад голаду рукамі і нагамі, і бацькі ледзьве выхадзілі яе і вярнулі да жыцця.
У 1947 годзе Вольга Якаўлеўна паспяхова паступіла ў педвучылішча, а ў 1951-м, атрымаўшы дыплом настаўніцы пачатковых класаў, была накіравана на работу ў Драгічынскі раён. Некаторы час малады педагог працавала ў Беліне, а пазней – у Завершы і ў Какорыцы. Вольга выйшла замуж, і калі ў яе нарадзілася дачка, Долбік папрасіла перавесці яе ў Бездзеж, дзе настаўнічала да самай пенсіі.
У пасляваенным жыцці маёй суразмоўніцы таксама было шмат нягод і перажыванняў. Дачка Вольгі Якаўлеўны памерла ў маладым узросце, а пазней не стала сына і мужа. “Засталася, як былінка, сама долю берагу…”,– напіша ў адным са сваіх вершаў В.Я.Долбік.
А збавенне ад жыццёвай тугі і скрухі яна знаходзіць у рабоце па гаспадарцы, у зносінах з былымі вучнямі і аднавяскоўцамі, у складанні вершаў. Вольга Якаўлеўна і сёння мае любімы занятак для душы, любіць назіраць і захапляцца фарбамі розных пораў года і суладнасцю жыцця ў прыродзе, і галоўнае, – яна жыве з пазітыўным стаўленнем да жыцця і рэчаіснасці, з добрымі светлымі думкамі, якія заўжды выспяваюць у такія ж добрыя справы.

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Розничный товарооборот по Дрогичинскому району полугодии 2024 года cоставил 83,9 млн. рублей

Об этом сообщили в главном статистическом управлении Брестской области....

Автомобильный парк Дрогичинского райпо пополнился новым автомагазином

Новая автолавка обслуживает 21 отдаленный населенный пункт нашего района...

Министр транспорта и коммуникаций встретился с коллективом АП № 15 г. Дрогичина

Сегодня в рамках единого дня информирования министр транспорта и...

К сведению недропользователей

Брестское областное управление Госпромнадзора информирует, что с июня 2024 г....