Сваё асабістае 70-годдзе А.С.Фіцук адзначыць разам з краінай

Дата:

У той час, як на задымленых, зруйнаваных вуліцах беларускай сталіцы ішлі баі за яе вызваленне ад фашысцкіх акупантаў,  у невялічкай вёсцы Сукачы на Брэстчыне, яшчэ захопленай ворагам, у сялянскай сям’і Вольгі Рыгораўны і Сяргея Міхайлавіча чакалі папаўненне. Дзяўчынку, якая з’явілася на свет 3 ліпеня 1944 года, назвалі Аляксандрай. Але ніхто тады ў палескай глыбінцы яшчэ не ведаў, што Мінск ужо ачышчаны ад гітлераўцаў і набыў жаданую свабоду, і што пазней гэты дзень стане галоўным  дзяржаўным  святам – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Таму і  атрымалася, што свой асабісты 70-гадовы дзень нараджэння Аляксандра Сяргееўна Фіцук сёлета адзначыць разам з адметным нацыянальным юбілеем.

Аляксандра Сяргееўна Фіцук з унучкай Анечкай
Аляксандра Сяргееўна Фіцук з унучкай Анечкай

Што памятае яна са свайго маленства? Як складвалася жыццё дзяўчынкі, якая расла і сталела разам са сваёй краінай?

Наша суразмоўніца ўзгадвае бацьку, яго франтавыя ўспаміны. Сяргея Міхайлавіча прызвалі на вайну напрыканцы лета 1944-га, пасля нараджэння дачкі, але ён з баямі прайшоў паў-Еўропы, быў моцна паранены, падлячыўся і Перамогу сустрэў у Берліне. Як расказвае Аляксандра Сяргееўна, бацька быў увогуле непісьменным: ён ведаў усяго дзве літары, якія пры патрэбе скарыстоўваў замест роспісу. У яго было па-сялянску простае стаўленне да жыцця. “Галоўнае – каб чалавек быў здаровым і мог працаваць на зямлі”, — гаварыў вясковец, і гэта сваё перакананне ён імкнуўся данесці дзецям. Таму і Аляксандру, і яе братоў – старэйшага і малодшага – з маленства прывучалі да сельскай работы. “Сена для хатняй жывёлы нарыхтоўвалі ўсёй сям’ёй. Побач стаяла вядро халоднай вады. Горача – выліў на сябе – і далей пайшоў  шчыраваць граблямі ці віламі. Калі надыходзіла восень і трэба было капаць бульбу, – пра школу і мовы быць не магло. Тыднямі маглі не хадзіць на заняткі. Бо галоўным набыткам па тым часе лічыліся не веды, а тое, што ўзята з зямлі. Але хто хацеў вучыцца, той  дамагаўся свайго”, — расказвае А.С.Фіцук.

Вось і Аляксандра мела вялікую схільнасць да навукі. У  іх невялікай вясковай хаціне быў адзін пакой на ўсіх. Дарослыя лягуць, бывала,  спаць, а яна возьме лямпу, прытушыць крыху – і чытае паўночы: Пушкіна, Някрасава, “Новую зямлю” Якуба Коласа. Маці прачнецца, насварыць, што лямпу так доўга паліць, а дзяўчынка прытушыць святло, пачакае, пакуль усе паснуць – і зноў за чытанне.

Памятае наша суразмоўніца і смак пасляваеннага ласунку — цукерак, якія называліся “падушачкамі”. Вясковыя дзеці выпрошвалі ў матулі пару-другую курыных яек – і беглі ў краму, каб абмяняць іх на салодкія прысмакі. “А цяпер жа ідзеш да каго ў госці, дык спачатку імкнешся даведацца, якія там цукеркі  ці шакалад любяць. Нам і не снілася такая раскоша!” – заўважае Аляксандра Сяргееўна.

Памятае жанчына і свае першыя юначыя туфелькі. “Ідзем, бывала, з мамай да царквы ў Зёлава, дык я абутак здымала і да самай вёскі беражліва ў руках несла. Дабіраешся да месца, ногі вадой спаласнуў,  і тады ўжо абуваешся. А назад зноўку басанож вяртаешся, каб туфелькі не стаптаць, каб іх надаўжэй хапіла. Але ж цяпер людзі даўно ўжо забыліся пра тое. А маладзейшыя і не ведаюць нястачы… Таму  зараз часцей прыходзіцца назіраць іншую сітуацыю, калі ў хаце — поўная шафа   адзення, а нам з вялікага выбару здаецца, што няма чаго апрануць. Грашым перад Богам, самі таго не разумеючы…” – разважае А.С.Фіцук.

А як весела раней было ў сельскай ваколіцы!  У яе роднай вёсцы, у Сукачах, — прыпамінае наша суразмоўніца,— прама ў цэнтры сяла была пляцоўка. “У выхадныя і святочныя дні там збіраліся вясковыя мужчыны, і пачыналі гуляць у валейбол. Жанчыны з малымі дзеткамі прыходзілі ў якасці балельшчыкаў. А ў нас, падлеткаў, былі свае забавы. Нехта прыносіў мяч, пашыты з ануч, і мы пачыналі граць у сваю гульню. “Два агні” яна называлася: частка дзяцей была ў цэнтры, а астатнія з двух бакоў мячом імкнуліся выбіць ігракоў з поля. Ледзь на нагах трымаліся ад стомы, але дамоў з вуліцы не спяшаліся. А зараз дзеці больш ля камп’ютараў, не выходзячы з хаты, забаўляюцца…”—зазначае Аляксандра Сяргееўна.

Пасля заканчэння школы яе ўзялі працаваць ў бібліятэку, і дзяўчына завочна прадоўжыла вучобу ў тэхнікуме. А потым, ужо разам з мужам, Аляксандра Сяргееўна паступіла ў педінстытут. Так склалася іх настаўніцкая сям’я. Працавалі яны ў Дзеткавіцкай школе: ён выкладаў біялогію, яна – мову і літаратуру. Там абуладкавалі сваё жыллё, выгадавалі дачок, адна з якіх выйшла замуж за вайскоўца і цяпер жыве з сям’ёй у Расіі, недалёка ад Ніжняга Ноўгарада,  другая – замужам у Антопалі. У старэйшай, Элеаноры, —трое сыноў, і ўсе яны закончылі ці вучацца ў вышэйшых навучальных установах. Днямі госці з Расіі наведалі родныя мясціны, каб павіншаваць  сваю любую матулю і бабулю з юбілеем.

Сын малодшай дачкі, Таццяны, з якой зараз жыве А.С.Фіцук, таксама студэнт, вучыцца ва ўніверсітэце ў Мінску, а яе дачушка Анечка – школьніца. Можна лічыць, што менавіта ўнучка поўнасцю перайначыла жыццё бабулі. К таму часу, як нарадзілася Анечка, Аляксандра Сяргееўна ўжо аўдавела і жыла ў Дзеткавічах адна. Кароўку трымала, мяркуючы такім чынам дзецям дапамагчы. Але малодшая ўнучка часта хварэла,  і аднойчы дачка сказала: “Мама, калі сапраўды хочаш дапамагчы, прадавай кароўку і перабірайся да нас. Мне на работу пара выходзіць, а Анечку даглядаць некаму трэба…”

Так жанчына з Дзеткавіч пераехала ў Антопаль, і  ўжо каля дзясятка гадоў жыве ў сям’і малодшай дачкі. Аднак і пра дзеткавіцкую сядзібу Аляксандра Сяргееўна і яе родныя  не забываюць: падкошваюць, даглядаюць, агародчык садзяць, каб зямелька не пуставала… Вельмі  добрыя ўзаемаадносіны склаліся ў яе  і з зяцем, і з новымі людзьмі-суседзьмі, і з унучкай, якую яна падгадавала ўжо да чацвёртага класа… А, можа, таму і ўтульна паўсюль жанчыне, што сама яна – пазітыўны і працалюбівы, добразычлівы  і шчыры чалавек, які  нікому не зайздросціць, які ўмее радавацца за іншых, спачуваць бліжнім, які нясе ў сваім сэрцы святло  і любоў. І гэта заканамерна, што жыццё і людзі ў такім выпадку адказваюць узаемнай прыхільнасцю…

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

«Безлимиты никуда не исчезают». В Минсвязи развеяли мифы о новом регулировании мобильного интернета

В сети бурно обсуждают постановление Минсвязи от 22 декабря...

Лукашенко проводит внезапную проверку готовности в Вооруженных Силах

Президент Беларуси Александр Лукашенко проводит внезапную проверку готовности в...

Остерегайтесь «электрического пожара»

Нарушение правил эксплуатации электрооборудования является одной из самых частых...

Кого коснутся лимиты мобильного интернета

Лимиты для мобильного интернета затронут менее 15% абонентов. Об...