…І ажывае спаконвечная песня

Дата:

Калісьці ў кожнага з іх было сваё жыццё, і песенныя галасы Еўдакіі Ігнатаўны Зіновіч і Фёдара Фёдаравіча Булыгі гучалі паасобку. Далёка адзін ад аднаго. Яна нарадзілася, вырасла, жыла ў вёсцы Какорыца, ён – на Мерлінскіх хутарах на Століншчыне, якія пазней перасялілі ў бліжэйшую вёску. Але дзясятак год таму назад непрадказальны лёс звёў гэтых людзей разам, і апошнім часам суладнае, чыстае, моцнае гучанне іх галасоў пакарае публіку не толькі ў нашым раёне, вобласці, рэспубліцы, але і за мяжой. Прынамсі, гэтым летам дуэт Зіновіч – Булыга прыняў удзел у V фестывалі сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”, дзе быў узнагароджаны дыпломам 2-й ступені і каштоўнымі падарункамі. Аўтарытэтнае журы на чале з Міхаілам Паўлавічам Дрынеўскім, кіраўніком Нацыянальнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, лаўрэатам дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, было ў захапленні ад нашых землякоў, якія выканалі песні, што калісьці гучалі “на какорыцкіх хутарах”.

Шмат прыхільнікаў сабрала і іх сёлетняе выступленне на абласным свяце фальклору “Таночак”, які праходзіў на падворку музейнага комплексу “Бездзежскі фартушок”. А нядаўна, у сярэдзіне верасня, Еўдакія Ігнатаўна і Фёдар Фёдаравіч былі запрошаны на фестываль “Камяніца”, які традыцыйна ладзіцца ў музеі беларускай народнай архітэктуры і побыту паблізу Мінска, дзе з поспехам выступілі ў канцэртнай праграме “Аўтэнтычныя спевы Палесся”.

Зараз, у перыяд паміж гастролямі, Е.І. Зіновіч і Ф.Ф. Булыга рыхтуюцца адзначыць юбілей гаспадыні: 7 лістапада Еўдакіі Ігнатаўне споўніцца 80 гадоў.

“Але ж мы не паддаемся ўзросту: калі запрашаюць – адрываемся ад месца,

едзем, выступаем, радуем людзей песняй. Памятаю, на летнім фестывалі сямейнай творчасці ў Слоніме нас ушаноўваў і ўручаў падарункі мэр гэтага горада. Сыходжу я са сцэны, а ён падае мне руку і здзіўлена так пытаецца: “Няўжо гэта праўда, што вам хутка 80 гадоў будзе?” – весела прыгадвае нядаўнія ўражанні Еўдакія Ігнатаўна. І дадае: – Мы ўвесь час у руху, і за клопатамі неяк не выпадае думаць аб старасці і засмучацца з-за свайго ўзросту. Пакуль адчуваем сілу – стараемся жыць з карысцю для сябе і для людзей і займацца тым, што прыносіць радасць. І калі мы заводзім песню – то разам з ёй маладзее і спачывае наша душа. Так было ў сем’ях, дзе мы гадаваліся. І цяпер мы захоўваем і прадаўжаем гэту традыцыю…”

Еўдакія Ігнатаўна расказвае, што ў часы яе маленства песня суправаджала ўсякую сялянскую справу.

“Сям’я ў нас была вялікая: маці, бацька, тры маіх браты, і разам з намі ў адной хаце жылі дзве бабулі. Ткаць я навучылася, пэўна, хутка пасля таго, як стала хадзіць. Бо ўсіх нашых мужчын трэба было апрануць, а грошай на крамнае адзенне тады не было. Але ж усё рабілася з песняй: спявалі летам, калі ішлі ў лес па ягады ці пасвілі кароў, калі сушылі і заграбалі ў какорыцкіх балотах сена, спявалі зімой, калі маці прала кудзелю, а бацька звіваў ніткі ў клубочкі, ці, як у нас казалі, “звіваў ручайкі”. А калі крыху падрасла, дарослыя дваюрадныя сёстры часта бралі мяне з сабой на “вячоркі”. Яны заводзілі “Ой, жураўку, жураўку, чого крычыш спозаранку…” ці якую іншую песню, а я падпявала ім басам. Усе тады здзіўляліся і казалі: “Глянь ты, зусім малое дзяўчо, а так добра і да ладу “басуе”. З таго я і ведаю ўсе старадаўнія песні, якія былі ў нашай мясцовасці. І зараз, калі мы з Фёдарам бярэмся выканаць якую з іх, я заўжды прыгадваю, як дзяўчаты выводзілі яе на нашых вясковых вячорках”, – распавядае Е.І. Зіновіч.

Потым жанчына выйшла замуж, пабудавала дом у Какорыцы, гадавала дзяцей, спявала ў вясковай самадзейнасці. А гадоў трыццаць таму назад Іван Сцяпанавіч Котчык, старшыня тагачаснага калгаса імя Суворава, прапанаваў Зіновічам перабрацца з какорыцкіх хутароў у Вульку Сіманавіцкую, паабяцаўшы жыллё і работу. І яны пераехалі. Праз нейкі час муж Еўдакіі Ігнатаўны памёр, і жанчына засталася ўдавіцай…

У такім жа статусе быў і Фёдар Фёдаравіч Булыга, які прыехаў у Вульку Сіманавіцкую са Століншчыны ў складзе будаўнічай брыгады, якая займалася рэканструкцыяй жывёлагадоўчага комплексу. Ён таксама вырас на хутарах, і не толькі памятае, як вечарамі бацька плёў для сям’і лапці, каб з раніцы было што абуваць, але і сам добра засвоіў і да цяперашніх дзён валодае гэтым рамяством.

“Потым у нашай ваколіцы пачалі прадавацца гумовыя боты, і з такой нагоды з’явілася прыпеўка: “Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну”, – з гумарам расказвае мужчына.

Ён жыў, як і многія палешукі, меў вялікую сям’ю, якая вольнымі вечарамі збіралася ля кастра, каб спячы бульбу, адпачыць, паспяваць, упарадкоўваў цагляны дом, гадаваў і выводзіў у людзі шасцярых дзяцей. А калі жонка памерла і хата асірацела, стаў ездзіць у недалёкія заробкі…

«Іх брыгаду папрасілі зрэзаць старыя дрэвы на сельскай вуліцы, а мне трэба былі дровы. Прывезлі бярвенні ў двор, а парэзаць іх – няма каму. І зноў я пачала прыезджых прасіць, каб пры магчымасці дапамаглі. Так і пазнаёмілася з Фёдарам. Потым мы аказаліся ў адных гасцях. Я завяла адну песню, другую, а ён і кажа: “Адразу жанюся, бо ніколі не чуў, каб так хораша спявалі”.

Так Фёдар Фёдаравіч і застаўся ў Вульцы Сіманавіцкай, і з тае пары мы жывем разам, адной сям’ёй. І дзеці, і ўнукі ў нас перамяшаліся: яны да нас наведваюцца, мы – да іх. Дапамагаем адзін аднаму. Мой сын з унукамі недалёка – у Гошаве і Хомску – жывуць. Фёдараў сын з нявесткай у гэтай жа вёсцы, у Вульцы Сіманавіцкай, пасяліліся, і калі мы едзем куды выступаць – яны і нашу гаспадарку даглядаюць. А не вельмі даўно мы ў Маскве пабывалі, на вяселлі Федзінай унучкі. Там гэтаксама нас паляшуцкую песню прасілі выканаць», – ахвотна распавядае Еўдакія Ігнатаўна.

Гэты год для сямейнага дуэта быў даволі насычаным на падзеі: у маі яны выступілі на абласным фестывалі фальклору “Таночак” у Бездзежы, потым – на свяце сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці” ў Слоніме, далей іх запрасілі ў Церабень на Піншчыну, пасля яны прынялі ўдзел у канцэртнай праграме “Аўтэнтычныя спевы Палесся” на Міншчыне, пабывалі на свяце ў Опалі, а цяпер чакаюць паездкі ў Польшчу – туды, дзе яны паспяхова выступалі і давалі майстар-класы па народных спевах і лозапляценню ў мінулым годзе. Яны выходзілі на сцэну – і ажывала ў іх выкананні спаконвечная народная песня…

«Я яшчэ мела жаданне ў “Спораўскіх сенакосах” паўдзельнічаць. Не спяваць, а ў касьбе паспаборнічаць. Бо калі ў свой час я гектары балота выкошвала, то што мне той радок з касой адолець! Але ж Фёдар не пусціў, пабаяўся, бо ў мяне на суставы аперацыя зроблена», – прызнаецца жанчына, якая праз месяц адзначыць сваё 80-годдзе.

Еўдакія Ігнатаўна і Фёдар Фёдаравіч з задавальненнем паказваюць свае нядаўнія падарункі – яшчэ не распакаваныя электрамясарубку, коўдру, камплект пасцельнай бялізны, шматлікія дыпломы і граматы, атрыманыя за захаванне і адраджэнне нацыянальнай культурнай спадчыны і народных традыцый, абмяркоўваюць, якія песні яны выканаюць на бліжэйшым фальклорным мерапрыемстве, і радуюцца, што ім яшчэ ёсць што чакаць ад жыцця…

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине прошел районный выпускной бал

Выпускной вечер – особенный момент в жизни каждого юноши...

Александр Лукашенко дал интервью телеканалу «Аль-Арабия»

Интервью продолжалось около полутора часов. Александр Лукашенко ответил примерно...

Самый маленький город Австралии выставлен на продажу

Самый маленький город Австралии Куладди выставлен на продажу за...

Торжественное собрание, приуроченное ко Всемирному дню донора крови, прошло в Дрогичинской ЦРБ

В преддверии Дня донора в актовом зале Дрогичинской центральной...