Вось і дачакаліся мы чарговага велічнага свята кнігі – Дня беларускага пісьменства. Гэтым разам яго сталіцай абраны старажытны горад Рагачоў, што на Гомельшчыне. Асноўныя ўрачыстасці адбудуцца, як і ўсе папярэднія, пачынаючы з 1994 года, у першую нядзелю верасня, якая сёлета прыпадае на чацвёртае чысло. Зрэшты, і субота таксама спрычыніцца да падзеі – у гэты дзень пачынаюць працаваць так званыя інтэрактыўныя пляцоўкі.
Вынесенае ў загаловак сцвярджэнне аб тым, што папулярнае ў Беларусі свята, якое даўно стала добрай традыцыяй, сапраўды мае аднолькавае дачыненне як да тых, хто піша, так і да тых, хто чытае, лішні раз пацвярджаецца яго сцэнарыем, згодна з якім госці падчас урачыстасці будуць дарыць Рагачову свае любімыя кнігі, вядома ж, і свае ўласныя. Прадстаўнікі Брэстчыны, як маладыя, якія першы раз будуць прымаць удзел у фэсце, а такіх з дзесяці літаратараў – амаль палова, так і сталыя, таксама падрыхтавалі годны падарунак, у якім дастаткова і класікаў, і дэбютных зборнічкаў. Гэтая літаратура папоўніць бібліятэчны фонд райцэнтра.
Галоўнымі на мерапрыемстве стануць тэмы Года культуры, падрыхтоўкі краіны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама юбілейныя даты нашых нацыянальных класікаў Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа ды Івана Шамякіна. У гэты дзень у райцэнтры будзе працаваць 16 сцэнічных пляцовак. Сярод найбольш яркіх момантаў свята: адкрыццё пастаянна дзеючай выставы “Па-сапраўднаму народны” (аб жыцці і творчасці Андрэя Макаёнка), “Славянскія літаратурныя Дажынкі-2016”, тэлемост з пабрацімамі Рагачова – Кацельнікамі (Расія) і Наваград-Валынскім (Украіна), спектакль “Пясняр” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Усяго запланавана больш за сем дзясяткаў мерапрыемстваў.
Яшчэ адной “фішкай” свята станецца адкрыццё абноўленага Дома кнігі з кнігарняй “Першацвет”, а таксама бібліятэкай і чытальнай залай. Кульмінацыяй жа свята стане ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Па словах Ліліі Ананіч, на яе суісканне было пададзена больш за 70 твораў, у тым ліку і берасцейцаў. Лепшых аўтараў вызначаць па сямі намінацыях. Пераможцам уручаць памятныя знакі-сімвалы, дыпломы і грашовыя прэміі.
Эстафету свята Рагачоў перадасць 4 верасня Полацку, дзе яно 22 гады таму запачаткавалася.
З якімі набыткамі сустракаюць свята члены ды кандыдаты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі? Прывяду для пачатку хоць бы такі прыклад. На першым (выбарным) сходзе Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ у апошнія дні 2005-га (мы практычна святкуем 10-гадовы юбілей), помніцца, прысутнічалі 13 чалавек – столькі налічвала тады суполка. Зараз нас паўсотні. Было б 57, калі б… калі б не балючыя страты.
Да тых, хто пакінуў гэты свет, у аддзяленні святая памяць: ім устанаўліваюцца помныя мемарыяльныя дошкі, іх імёны прысвойваюцца літаратурным конкурсам, ладзяцца вечарыны памяці, прысвячаюцца юбілейныя, і не толькі, артыкулы… Дастойным прадстаўнікам суполкі прысвойваюцца званні Ганаровых грамадзян сваіх населеных пунктаў, яны ўдастойваюцца іншых знакаў пашаны, ім аказваецца пасільная матэрыяльная дапамога, яны карыстаюцца рознабаковай увагай і адчуваюць павагу з боку маладзейшых калег…
Паралельна вырошчваем маладую літаратурную змену– адшукваем і адсочваем са школьнай парты, дапамагаем падняцца на ногі, падахвочваем займацца літаратурнай справай, ладзім літконкурсы для дзяцей і юнацтва, напрыклад, штогадовы дзіцяча-юнацкі літконкурс у рамках паэтычнага свята “Лунінская восень” і “Мы рождены для вдохновенья” ў рамках фестывалю рускай паэзіі “Созвучье слов живых”…
У выніку арганізацыя папаўняецца новымі талентамі. За апошнія некалькі гадоў у СПБ прыняты: Алёна Дэбіш – самая юная ў аддзяленні (яна была прынята ў Саюз пісьменнікаў у 19-гадовым узросце), Настасся Нарэйка (у 25 год) – ужо добра вядомая ў літаратурных колах краіны, яе творчасць прыхільна ўспрынята крытыкай, шырокі станоўчы рэзананс атрымала яе першая кніга паэзіі “Магдэбургскае права маёй душы”, Таццяна Дземідовіч (у 35 год) – таксама досыць гучна заявіла пра сябе ў літаратуры творамі ў літвыданнях і перамогамі ў конкурсах, шчыльна працуе з пачаткоўцамі, кіруе літаратурным клубам “Літара”, што дзейнічае пры Брэсцкім гарадскім Доме культуры, а ў самым пачатку Года культуры выдала калектыўны зборнік “ЛітАўра”, у якім сабрала пад адной вокладкай 40 аўтараў-берасцейцаў. Здавалася б, зусім нядаўна разглядаліся прыёмнай камісіяй дакументы на Алёну Папко (24 гады), якая, жывучы ў вёсцы Сакалова на Бярозаўшчыне, выдае ў вядучых літвыданнях краіны выдатныя паэтычныя падборкі, а апошнім часам і прозу, і вось зараз яна –
адзін з самых пладавітых членаў аддзялення. Апошнімі па часе з маладзейшых прыняты ў Саюз 37-гадовы пісьменнік-фантаст з Брэста Сяргей Белаяр, які шырока заяўляе пра сябе творамі, што публікуюцца ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе
“Маладосць” і іншых выданнях, у тым ліку расійскіх, а таксама 36-гадовая брэстаўчанка Кацярына Мядзведзева, паслужны спіс апублікаваных празаічных твораў якой таксама вялікі, а зараз паспяхова асвойвае яшчэ і паэтычныя жанры. Зрэшты, у адзін час з Сяргеем і Кацярынай папоўнілі аддзяленне не нашмат старэйшыя за іх Вячаслаў Бельцюкоў ды Таццяна Шульга (таксама з горада над Бугам), Веніамін Бычкоўскі з Піншчыны.
Падрастае і яшчэ маладзейшая змена з ліку школьнікаў і студэнтаў. Іх па ўсёй вобласці не адзін дзясятак. З пачаткоўцамі шчыльна працуюць у літаратурных гуртках, клубах, студыях, літаб’яднаннях многія члены СПБ, а найбольшую актыўнасць праяўляюць Любоў Красеўская, Вячаслаў Бурдыка, Таццяна Дземідовіч, Міхаіл Кулеш, Таццяна Шульга, Зінаіда Дудзюк (Брэст), Марыя Ляшук, Валерый Грышкавец, Анатоль Шушко (Пінск), Анатоль Бензярук (Жабінка), Настасся Нарэйка (Камянец), Мікола Антаноўскі (Пружаны) і многія іншыя.
А старэйшыя члены аддзялення СПБ – выдатны прыклад для дзетак-падлеткаў: многія дзясяткі з іх уганароўваліся рэспубліканскімі літаратурнымі прэміямі, абласной імя Ул. Калесніка, міжнароднымі… Штогод выдаюцца самавітыя кнігі, публікуюцца творы ў вядучых літаратурных выданнях, анталогіях, альманахах Беларусі і ўсяго свету…
Літаратура і літаратары Берасцейшчыны будуць годна прадстаўлены на Дні пісьменства, у тым ліку і на адмысловым стэндзе абласнога аддзялення. З надыходзячым усіх святам! Чытайце, прапагандуйце творы землякоў!
Анатоль КРЭЙДЗІЧ,
старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі