Памятны знак устанавілі ў Беліне мясцовыя энтузіясты і краязнаўцы

Дата:

У апошні час наша грамадскасць усё часцей і часцей звяртаецца да сваіх вытокаў. А гістарычныя і архіўныя звесткі сведчаць аб тым, што мы, беларусы, – народ старажытнай культуры і добрых векавых традыцый.

Як вядома, Палессе – край лясоў і балот. Праўда, апошнія цяпер амаль усе асушаны. У палескіх лясах знаходзілі прытулак паўстанцы 1863 года, кіраўніком якіх быў Рамуальд Траўгут. Жыхары многіх беларускіх вёсак падтрымлівалі ўдзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання, дапамагаючы ім  адзеннем і харчамі.

У кнізе І.І. Міхаевіча “Мятежный генерал” на стар. 11-12 гаворыцца, што пасля цяжкага бою ля вёскі Ападышча (Іванаўскі раён) новым месцам базіравання атрада стаў лес каля вёскі Белін, якая ўзгадваецца ў летапісах з 1495 года. “Лагер загадзя падрыхтавалі ў вялікім лясным масіве сярод балот, дзе не было дарог і населеных пунктаў. Адлегласць ад базы паўстанцаў да Беліна складала 10 кіламетраў, а да Оўзічаў, дзе знаходзіўся галоўны склад ваеннага забеспячэння, – 8 кіламетраў. На гэты склад праз спецагента Кучырэна паступалі з Галіцыі зброя і амуніцыя.”

Памятны знак у Беліне
Памятны знак у Беліне

Сёння можна толькі здагадвацца, што месцам базіравання паўстанцаў Р. Траўгута было ўрочышча Заграда – вялікая ўзвышаная каса. Яна цягнецца сярод балот і лясоў праз Драгічынскі і Іванаўскі раёны. У той далёкі час гэта была тэрыторыя суцэльнага лесу і балот. Дарэчы, Дняпроўска-Бугскі канал будаваўся ў 1775-1848 гадах, а вёска Малінаўка ўзнікла ў 20-30-я гады ХХ стагоддзя.

У кнізе А. Дзенісейкі “Малінаўка. Святло зары над Днепра-Бугам” ёсць такія радкі: “Малінаўцы захавалі легенду, што на гэтай гары калісьці быў зарыты клад залатых манет. Часам цёмнай ноччу ў небе над пясчанай гарой паяўляецца дзіўнае свячэнне (міганне). Нашы продкі, непісьменныя палешукі, тлумачылі, што гэта адсвечваюцца закапаныя ў зямлю чырвонцы.” А можа, гэта месца базіравання атрада Рамуальда Траўгута?

Па-мойму, многія ведаюць, што ў вёсцы Белін знаходзіцца  адзін з галоўных пунктаў геадэзічнай Дугі Струве ў Беларусі. Другія пункты яе з’яўляюцца радавымі.  Дакладна ў Беліне знойдзена і месца палявой астранамічнай абсерваторыі, пабудаванай у 1827 годзе. Яна выкарыстоўвалася для работы экспедыцый у час правядзення вымярэнняў па пэўнаму мерыдыяну.  З 2005 года Дуга Струве занесена ў спіс Сусветнага значэння ЮНЕСКА.

Не так даўно мясцовыя энтузіясты і краязнаўцы ў гонар аб слаўным мінулым вёскі Белін на відным месцы, ля магазіна, устанавілі памятны знак з двух камянёў-валуноў. На ім зроблены надпіс: “Белін успамінаецца з 1495 г.”

Вялікую дапамогу ва ўстаноўцы памятнага знака аказалі энтузіястам будаўнікі СВК “Пенякова” на чале з майстрам Ула- дзімірам Васільевічам Мазурам, а таксама інжынер кааператыва Віктар Мікалаевіч Якоўчык і былы старшыня Асавецкага сельскага Савета Уладзімір Сяргеевіч Півень.  Дызайнерскае афармленне зрабілі жыхары вёскі Леанід Уладзіміравіч Кучма, Мікалай Мікалаевіч Чолык і настаўнік Аляксандр Аляксандравіч Шык.

Жыхары Беліна вельмі ўдзячны ўсім гэтым людзям. Няхай памяць аб вёсцы застаецца ў вяках і надалей.

Пётр ПАДЛУЖНЫ,

жыхар в. Белін, наш няштатны карэспандэнт

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Аграрии Брестской области о намолоте миллиона тонн зерна с учетом рапса

Аграрии Брестской области преодолели рубеж по намолоту миллиона тонн...

Избиения дубинками и травля собаками. Беженцы из Сирии рассказали о зверствах польских пограничников

В фильме "Нелюди" на телеканале "Беларусь 1" беженцы, пострадавшие от...

В агрогородке Закозель прошло экскурсионно-познавательное мероприятие

В выходной день 21 июля агрогородок Закозель собрал любителей...

В Дрогичинском районе прошел праздник земляков

В деревне Сутки Дрогичинского сельсовета 20 июля прошел праздник...