Пра драматычны калектыў «AURA» напісалі ў кнізе “Народны тэатр: шлях да сцэны”

Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, 26 сакавіка, у Слуцку ў межах праекта “Тэатральныя скрыжаванні” адбылася прэзентацыя кнігі “Народны тэатр: шлях да сцэны”. Выданне падрыхтаваў і выпусціў у гэтым годзе Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Тыраж кнігі – 230 экземпляраў, адно выданне знаходзіцца ў нашым раёне. У кнізе ёсць раздзел, прысвечаны народнаму драматычнаму калектыву «AURA» Драгічынскага Дома культуры: на гэтых старонках можна прасачыць гісторыю гарадскога калектыву.

Творчы шлях драматычнага калектыву «AURA» пачаўся ў 1975 годзе. Яго першы кіраўнік i рэжысёр Галіна Грэчка аб’яднала вакол сябе прыхільнікаў тэатральнага мастацтва з розных прафесійных галін дзейнасці. У складзе творчага ядра калектыву быў нават беларускі празаік i паэт Мікола Трафімчук, зямляк, які ў той час працаваў у рэдакцыі нашай раённай газеты. Прэм’ернай пастаноўкай стала п’еса Андрэя Макаёнка “Трыбунал”.

Пазней пад кіраўніцтвам Валянціны Янавец у Доме культуры ствараюцца тры тэатральныя трупы: дзве дзіцячыя i адна дарослая. Прэм’ера спектакля «Алые паруса» паводле Аляксандра Грына ў 1991 годзе стала падзеяй у тэатральным жыцці Драгічына. Пастаноўка мела вялікі поспех, а высокі мастацкі ўзровень калектыву быў адзначаны наданнем тэатру наймення “народны”. Тэатр хутка набірае папулярнасць. Аснову рэпертуару складаюць творы беларускіх, украінскіх, pyскix аўтараў, а таксама замежных драматургаў. У 1991–1996 гадах режысёр Валянціна Янавец прадставіла гледачам пастаноўкі: “Мудрамер” Міколы Матукоўскага, “Маці Ісуса” Аляксандра Валодзіна, “Пісаравы імяніны” Уладзіслава Галубка і шмат іншых.

Далей тэатр перажывае складаныя часы – абумоўлена гэта зменай рэжысёраў. Але былі i творчыя дасягненні. Так, у 2008 годзе малады рэжысёр Mixaіл Myxapoўcкi ажыццявіў пастаноўку «Ночь перед Рождеством» паводле

Мікалая Гогаля. Яркай тэатральнасцю i акцёрскім выкананнем вылучаліся спектаклі для маленького гледача: «Оранжевый ёжик» (2004, рэжысёр Iрына Мазановіч), «Новогодние приключения Маши и Вити» (2003, рэжысёр Iрына Мазановіч), «Ходит сказка по земле» па сцэнарыю Юліі Марачук (2010, рэжысёр Т. Худобіч) i іншыя.

Новым этапам развіцця народнага тэатра стаў 2014 год, калі пасаду рэжысёра заняла маладая ініцыятыўная Кацярына 3іновіч. Менавіта дзякуючы добразычлівым абставінам i сяброўскім узаемаадносінам калектыў атрымаў назву «AURA». У тым жа годзе адбылася прэм’ера спектакля “Прымакі” па п’есе Янкі Купалы. Дзейнасць тэатра гэтага часу адзначана ўзнагародамі на гумарыстычных фестывалях i конкурсах. Так, у 2016 годзе тэатр з поспехам прадстаўляў Брэсцкую вобласць на VIII Рэспубліканскім фестывалі народнага гумару “Аўцюкі”. Акрамя гэтага, тэатр заўсёды праяўляў клопат пра маленькіх гледачоў – у 2015 годзе адбылася прэм’ера чароўнага мюзікла “Папялушка” паводле Шарля Перо.

3 2017 года i да сённяшняга дня тэатр узначальвае малады кіраўнік Юлія Марачук. Рэпертуарная афіша папоўнілася творамі беларускіх драматургаў. Так, камедыя-вадэвіль “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота адзначана Дыпломам на абласным фестывалі аматарскага мастацтва “Тэатральнае Палессе”. Асаблівае рэжысёрскае вырашэнне набыла вострасюжэтная фантасмагорыя “Стомлены д’ябал” сучаснага беларускага аўтара Сяргея Кавалёва – пастаноўка адзначана спецыяльным дыпломам у намінацыі “За лепшае сценічнае ўвасабленне твораў сучаснай нацыянальнай драматургіі”. А мастацкі ўзровень спектакля «Иван Царевич и Серый волк» быў адзначаны Дыпломам лаўрэата II ступені на Міжнародным фестывалі-конкурсе «Магия успеха» у 2021 годзе. У тым жа годзе за папулярызацыю нацыянальнай драматургіі тэатр быў узнагароджаны граматай упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама на абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”.

Сёння ў складзе народнага драматычнага калектыву «AURA» 11 удзельнікаў: Аляксандр Грэчка, Кацярына 3іновіч, Таццяна Куцэнка, Сяргей Біч, Таццяна Цыганчук, Ірына Мазановіч, Валянціна Беціна i іншыя.

Напрыклад, Аляксандр Грэчка ў калектыве ўжо пятнаццаць гадоў. Пра сваё захапленне апавядае так: “Удзел у народным драматычным калектыве стаў для мяне не проста хобі, а неад’емнай часткай майго жыцця. Я з вялікім жаданнем бяру ўдзел у кожнай новай пастаноўцы. Так прыемна, калі рэжысёр давярае галоўную ролю менавіта мне. А калі пачынаецца сумесная работа ў складзе творчай команды, то кожная рэпетыцыя i сустрэча з сябрамі прыносіць сапраўднае задавальненне”.

Успамінае і былы рэжысёр, а цяпер мастацкі кіраўнік Дома культуры i артыстка тэатра Кацярына 3іновіч: “Я ў тэатры ўжо 10 гадоў. Першыя гады сталі сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць i прафесіяналізм для мяне, выпускніцы каледжа. Нават калі перайшла на іншую пасаду, не змагла пакінуць сцэну, бо ўжо не ўяўляла жыццё без тэатра i яго аматараў. Нам, артыстам з народа, трэба заўсёды памятаць, што наша аматарская тэатральная творчасць з’яўляецца ўсенароднай школай, з трыбуны якой трэба казаць i вучыць толькі добраму”.