Учора ў Драгічыне ўшаноўвалі працаўнікоў сельскай гаспадаркі

Схіліўшыся ў паклоне, прымае каравай з зерня ўраджаю 2022 года старшыня райвыканкама Аляксандр Вітальевіч Дарашэнка

З усіх куточкаў раёна з’язджаліся ў сераду дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў у Дом культуры г. Драгічына, каб прыняць удзел у свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Людзі шчыра ўсміхаліся адзін аднаму, паціскалі рукі, выказвалі віншаванні і з задавальненнем фатаграфаваліся на памяць у святочнай фотазоне, якая была ўпрыгожана вялікай гронкай рознакаляровых шарыкаў. На святочны лад людзей настройваў і ансамбль Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў. Можна сказаць, што творчы калектыў, у склад якога ўвайшлі выканаўцы на духавых інструментах, гітарыст і ўдарнік, у гэты дзень прымаў баявое хрышчэнне. Музыкі яшчэ нават не паспелі прыдумаць назву свайму калектыву, але гралі ўжо зладжана, прыгожа.

Тут жа, у фае, размясціліся майстар вытворчага навучання Драгічынскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Алена Якуш і навучэнец Мікіта Шамроў, якія былі гатовы даць усім жадаючым майстар-клас фігурнага нарэзвання садавіны і гародніны. У іх спрытных руках морква, буракі, гарбузы, апельсіны ператвараліся ў арыгінальнае ўпрыгожванне стала. Дарэчы, на святочнае мерапрыемства ў якасці гледачоў былі запрошаны навучэнцы каледжа, якія абралі для сябе сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Ім прадстаяла пачуць і ўбачыць, наколькі паважанымі ў нашым грамадстве з’яўляюцца працаўнікі аграрнай галіны, якой пашаны і ўзнагарод заслугоўваюць тыя, хто добрасумленна шчыруе ў палях, на фермах.

Майстар-клас ад прадстаўнікоў аграрнага каледжа

Святочная ўрачыстасць пачалася з уручэння старшыні райвыканкама Аляксандру Дарашэнка вялікага, духмянага, падобнага на сонца каравая, спечанага з зярнятак ураджаю 2022 года. Аляксандр Вітальевіч павіншаваў аграрыяў з прафесійным святам.
– Сельская гаспадарка – адна з найважнейшых галін нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Беларусь, – сказаў ён. – Кіраўнік нашай дзяржавы неаднойчы адзначаў, што стваральная праца аграрыяў, іх адданасць роднай зямлі штогод забяспечваюць харчовую бяспеку краіны, дазваляюць Рэспубліцы Беларусь займаць упэўненыя пазіцыі на буйнейшых міжнародных рынках.

Сёлета працаўнікамі Драгічынскага раёна было сабрана звыш 98000 тон зерня ў бункернай вазе разам з кукурузай, што з’явілася лепшым паказчыкам за апошнія гады. Ураджайнасць збожжавых каласавых склала больш за 41 цэнтнер з гектара, што дазволіла нам заняць другое месца ў Брэсцкай вобласці па найвышэйшаму тэмпу росту валавога збору зерня.

Парадаваў сёлета і рапс. Пры сярэдняй ураджайнасці 32 цэнтнеры з гектара было сабрана звыш 11000 тон масланасення, а ў такіх гаспадарках, як СВК “Асавецкі” і КСУП “Племянны завод Заказельскі” з аднаго гектара атрымана звыш 45 цэнтнераў масланасення. Прыемна адзначыць, што ўраджайнасць цукровых буракоў у ААТ “Аляксеевічы-Агра”, “Ліпніцкі” і ў племянным заводзе “Заказельскі” перавысіла 530 цэнтнераў, а ў СВК “Асавецкі” склала 637 цэнтнераў з гектара, – сказаў Аляксандр Дарашэнка.

Кіраўнік раёна спыніўся і на вытворчых паказчыках жывёлагадоўчай галіны, на стварэнні харчовай базы для грамадскага статка, назваў імёны лепшых працаўнікоў Драгічыншчыны, выказаў людзям падзяку за іх старанную працу.

Аляксандр Вітальевіч уручыў аграрыям Ганаровыя граматы і Пісьмы падзякі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, а таксама Дыпломы за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур ААТ “Аляксеевічы-Агра”, СВК “Асавецкі” і ААТ “Агра-Дзеткавічы”, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы ў раённым спаборніцтве адпаведна.

Уважліва зала слухала выступленне першага намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Канстанцінавіча Буткевіча, які расказаў, якіх паказчыкаў сёлета дасягнулі аграрыі Брэсцкай вобласці:

– Нам удалося сабраць паўтара мільёна тон зерня, больш за мільён тон цукровых буракоў, больш 150000 тон масланасення рапсу. Але ж асабліва мяне перапаўняе пачуццё гонару за развіццё галіны жывёлагадоўлі. Сёлета Брэсцкая вобласць ушчыльную наблізілася да валавой вытворчасці малака каля 2 мільёнаў тон пры найвышэйшай якасці. Калі гаварыць пра такі параметр, як сярэдні ўдой на карову, які адлюстроўвае інтэнсіўнасць вытворчасці, дык Брэстчыне няма роўных у рэспубліцы.

Сяргей Буткевіч параўнаў Брэсцкую вобласць з каралямі, якія складаюцца з 16 раёнаў – алмазаў. Іх яркасць залежыць ад вынікаў працы людзей. Не ўпершыню Сяргей Канстанцінавіч выступаў у Драгічыне на мерапрыемстве ў гонар прафесійнага свята аграрыяў.

– Але настолькі пазітыўнага настрою, як сёння, у мяне не было. Таму што алмаз Драгічынскага раёна сёлета асабліва заблішчэў. Я ніколі яшчэ не ўручаў такой колькасці ўзнагарод, – прызнаўся Сяргей Буткевіч.

Ён уручыў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь начальніку жывёлагадоўчага комплексу “Сіманавічы” ААТ “Аляксеевічы-Агра” Валянціне Анатольеўне Крэйдзіч, Падзяку міністра сельскай гаспадаркі – галоўнаму інжынеру СВК “Асавецкі” Віталію Якаўлевічу Зусько, нагрудны знак адзнакі Міністэрства “За заслугі ў сельскай гаспадарцы” – намесніку дырэктара ААТ “Аляксеевічы-Агра” Леаніду Іванавічу Манько. Дарэчы, у жыцці Леаніда Іванавіча нядаўна адбылася важная падзея – надышоў пенсійны ўзрост. Мужчына ўсур’ёз задумаўся, а ці не пара і сапраўды адправіцца на заслужаны адпачынак? Прафесійнае старанне Леаніда Іванавіча, які ўсё сваё жыццё сумленна шчыраваў у сельскай гаспадарцы, не засталося незаўважаным. На свяце ён неаднойчы выходзіў на сцэну – каб атрымаць уласную ўзнагароду і ўзнагароды, якія заслужыў калектыў сельгаспрадпрыемства. Цікава, якое рашэнне пасля настолькі хвалюючых момантаў наконт свайго далейшага лёсу прыме Леанід Іванавіч.

А Сяргей Буткевіч усё працягваў уручаць узнагароды. Так, Грамату Брэсцкага аблвыканкама атрымалі першы намеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Сяргей Сяргеевіч Глінскі, галоўны заатэхнік ААТ “Аляксеевічы-Агра” Любоў Сцяпанаўна Макарэвіч, Пісьмо падзякі аблвыканкама – вадзіцель племзавода “Заказельскі” Леанід Леанідавіч Сліўко, Ганаровую грамату Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў – жывёлавод ААТ “Ліпніцкі” Алена Яўгенаўна Паўлюковіч, Пісьмо падзякі старшыні абласнога Савета – трактарыст-машыніст СВК “Асавецкі” Віктар Васільевіч Кацярыніч. Уручыў Сяргей Канстанцінавіч працаўнікам аграрнай галіны і ўзнагароды камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама.

Дэлегацыя ААТ “Ліпніцкі”
Дэлегацыя ААТ “Аляксеевічы-Агра”

Даўжэй за іншых на сцэне давялося затрымацца старшыні райвыканкама Аляксандру Дарашэнка. Справа ў тым, што Драгічынскі раён сёлета заняў тры прызавыя месцы ў абласным спаборніцтве: два першых – па вытворчасці насення шматгадовых траў і па вытворчасці насення рапсу, трэцяе – па нарыхтоўцы травяных кармоў. Адпаведныя Дыпломы Сяргей Буткевіч уручыў кіраўніку раёна.

Тры дыпломы за прызавыя месцы ў абласным спаборніцтве Сяргей Канстанцінавіч Буткевіч уручыў старшыні райвыканкама Аляксандру Вітальевічу Дарашэнка

Другое месца ў абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы травяных кармоў занялі ААТ “Імянінскі” і “Агра-Дзеткавічы”, трэцяе па вытворчасці насення шматгадовых траў і па вытворчасці насення рапсу – племянны завод “Заказельскі”, другое месца сярод камбайнераў, якія былі заняты на нарыхтоўцы кармоў, – Пётр Фёдаравіч Верамейчык з ААТ “Асіпавічы”. І сапраўды, ёсць чым ганарыцца Драгічыншчыне!

Дэлегацыя КСУП “Племянны завод Заказельскі”

Са святам аграрыяў віншавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Уладзіміраўна Барташ, старшыня Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Паўлавіч Саланевіч, старшыня Драгічынскага райкама прафсаюза Ала Юльянаўна Камісарчук, старшыня райсельгасхарчу Сяргей Сяргеевіч Глінскі. На мерапрыемстве былі ўшанаваны пераможцы раённага спаборніцтва на жніве. Адметна, што Ганаровую грамату абкама прафсаюза атрымаў калектыў сталовай КСУП “Племянны завод “Заказельскі”, які круглы год корміць гарачымі абедамі працаўнікоў палёў, ферм, майстэрань, спецыялістаў племзавода.

Цудоўны канцэрт працаўнікам сельскай гаспадаркі падарылі работнікі культуры раёна, удзельнікі творчых калектываў, салісты. Яны нібы дзякавалі аграрыям за тое, што тыя даюць людзям хлеб, а калі чалавек сыты, дык душа просіць відовішчаў, імкнецца да мастацтва. Гледачы дружна апладзіравалі спевакам і танцорам.

У добрым настроі раз’язджаліся працаўнікі сельскай гаспадаркі па вёсках, па дамах. У сэрцах яшчэ доўга рэхам аддаваліся добрыя словы і песні, што прагучалі на свяце. А наперадзе іх чакала праца, няхай і нялёгкая, але ж любімая. А інакш у сельскай гаспадарцы нельга: і зямля-карміцелька, і жывёла адчуваюць, наколькі шчыра людзі адносяцца да іх. За клопат і любоў дзячаць добрымі ўраджаямі і надоямі.

Ніна ТКАЧУК
Фота Максіма РОДЗЬКА