РЫЦАР У ГАРАДСКІМ АЎТОБУСЕ

Дзевяносты рэзка крануўся з месца, і я ледзь утрымалася на нагах: з трыма вялікімі сумкамі ў нашым грамадскім транспарце лепш не ездзіць. Тым больш, што гэты аўтобус заўсёды шчыльна набіты людзьмі… Адну з торбаў, самую аб’ёмную і цяжкую, я ўжо не магла больш трымаць у руках і паставіла пад ногі. Аднак тоўстая, быццам кадка, сумка няўклюдна кулялася з боку на бок, рызыкуючы высыпаць сваё змесціва на агляд пасажырам. Мне было трошкі смешна, а вось жанчыну, што стаяла побач, гэта вельмі раздражняла. Не ведаю, колькі б валялася такім чынам мая сумка, але тут з месца падхапіўся невысокі хлапчук, гадоў дванаццаці, у кароткіх штоніках і сіняй бейсболцы.
— Сядайце, — коратка, ледзь заўважна, кіўнуў.
Ад нечаканасці я спачатку разгубілася, потым рассмяялася:
— Дзякуй! Але давя-дзецца табе сядзець, — і дадала жартаўліва: — Няўжо я такая старэнькая і нямоглая?
— Мне выходзіць зараз, — памкнуўся наперад хлопчык.
Уселася я ля акна, абхапіла рукамі ўсе свае пакункі. Вельмі, трэба сказаць, дарэчы. Бо жанчына, якой “кадка” час ад часу падала на ногі, ужо нервова фыркала і, па ўсёй бачнасці, намервалася выказаць сваю незадаволенасць.
Людзей заходзіла ўсё больш і больш. Гледзячы, як яны пакутуюць у духаце і цеснаце, з палёгкай уздыхнула: “Як добра, што месца вызвалілася! Бо інакш растапталі б маю “кадку” ўшчэнт”.
Раптам сярод стракатых сукенак і кашуль прамільгнуў казырок сіняй бейсболкі. Няўжо гэта той хлопчык, якому трэба было выходзіць некалькі прыпынкаў таму? Так, гэта быў ён. Танклявая постаць у кароткіх штоніках няўпэўнена хісталася паміж мужчынай і жанчынай. Месца вельмі нязручнае – не было за што трымацца, бо да поручня хлопчык яшчэ не дацягваўся.
Адчуўшы позірк, ён павярнуў галаву, і мы на імгненне сустрэліся вачыма. “Ах ты, падманшчык!” – гаварылі мае, а ягоныя – хітравата-вінавата апраўдваліся: “Гэта не я!”. Потым худзенькая фігурка ізноў схавалася за чыёйсьці шырокай спіной.
Аўтобус праехаў яшчэ некалькі прыпынкаў. Стала крыху вальней, і я ўбачыла свайго знаёмага. Ён ужо накіроўваўся да выхаду.
Калі наблізіўся да дзвярэй – кранула яго за руку:
— Як цябе завуць, рыцар?
Хлопчык прыкметна сумеўся і сарамліва прамовіў:
— Жэня.
— А прозвішча?
— Каваленка.
Тут дзверы расчыніліся, і ўладальнік сіняй бейсболкі выскачыў на вуліцу, пазбавіўшы мяне магчымасці даведацца пра ягоны клас і школу.
Вельмі прыемна было пазнаёміцца з ветлівым хлопчыкам. Я, шчыра кажучы, не вялікая прыхільніца таго, каб дзеці ягонага ўзросту саступалі месца дарослым. Тым больш, я, не сівая пенсіянерка, не інвалід, і сядаць наогул адмовілася. Жэня мог у адказ паціснуць плячыма і працягваць разглядаць у акно сталічныя краявіды. Аднак ён знарок прыдумаў, што яму трэба выходзіць, каб усадзіць мяне з клункамі, а потым схаваўся ў натоўпе, каб пазбегнуць увагі да сваёй асобы. У гэтым праявілася яго сапраўдная культура, сапраўднае рыцарства, непадробная ўвага да іншых людзей. Джэнтльменаў, аказваецца, не ў Лондане трэба шукаць. Яны побач з намі, толькі заўсёды стараюцца быць непрыкметнымі.
Кацярына КАРПІК,
выпускніца гуртка юнкораў, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.